Выбрать главу
...О шал кахання, пал крамяны, О шэпт яго, замураваны У схоўных словах ТЫ і Я.
«Абраны мой... Зачараваны...» «Адзіная...» «Ты мой, каханы?..» «Я твой, каханая мая».
«Калі самкнуцца ў круг падману Твае сябры, Радня, Сям'я,— Каму паверыш, мой кахапы?..» «Табе, каханая мая».
«Калі ад кулі нечаканай Хіснешся ты на схіле дня, Каго ты ўспомніш, мой каханы?..» «Цябе, каханая мая, Няхай зямля ў магіле ўлежыць — З труны, З магілы ўстану я На покліч твой...» «Табе належыць Жыццё маё. I смерць мая».
— I смерць? — На слове ловіш зноў... Ты глянь: пакуты, крыўда, кроў, I на скрыжалях новай эры Старая пазалота слоў — Надзеі, любасці і веры. I цягне чалавек свой крыж, I сам на ім раскрыжаваны Спрадвечным выбарам Паміж Маной і праўдай...
— Пакараны?.. — Так, пакараны чалавек. — У чым усё ж ён вінаваты, За што пакуты, крыўды, здзек?.. — Пракляты род людскі... — Пракляты... Чаму ж тады жыццё зямное Мне даражэй — з яго маною — За праўду вечнасці самой?.. — Таму што ты абраны мною. Адзіны мой. Каханы мой...
I ў сховы таямніц, у сховы Зямлі, што свой клубок шаўковы Спрадае за вітком віток, Ляцеў я скрозь агонь на змрок, На цёмныя, гпухія словы:
«Тут ёсць яшчэ адзін клубок».
I госць паганы, Дух пячорны Клубок падкінуў з дратвы чорнай: — Ён з вечнай скручаны віны — Мой падарунак драцвяны, Які збярог я вам на свята... — Пакінь сабе яго! — Знарок Табе вяртаю твой клубок Падману. Ганьбы. Помсты. Здрады. Прыйшоў ты з цемрай — пойдзеш з ёю. I ўстаў на хвост клубок змяёю! Ёсць Танец Змей... Пацёк той танец Між пальцаў левае рукі... «Ты кінуў разам два клубкі,— Змяя шаптала...— Ашуканец... За гэта плацяць галавою. Ты станеш змрокам. Змрок — табою. Забудзь Маланку... Зараз я — Твая мана — твая каханка, Мой пацалунак — іскра, ранка — I ўсё...»
Спружыніла змяя — I ўдарыла ў яе маланка! I ўпалі вобдым! I ў клубок Адзін, счапіўшыся, скруцілі Жыццё і смерць, Агонь і змрок, Скруцілі ўсё — і атруцілі, Змяшалі з цемрай, Замуцілі Дабра выток I зла выток...
...Я падхапіўся. Заліло Святло пустое ўсю пячору, Біў гром, На сушы і на моры Стагнала ўсё, гуло, раўло!..
Нідзе Маланкі не было.
— Маланка! — крыкнуў я... Маланкі Цапамі білі па таку,— I раптам торгнула руку, Агнём скруціла пальцы... «Ранка!»
Я высмактаў атруту сну, Акрайкам ночы губы выцер... «Вярніце мне яе! Вярніце! Яе адну! Яе адну!»
Я з гэтым крыкам са скалы У мора рынуўся... Валы За мной сышліся з цёмным гулам, I голас мой — слабы, малы — Навек прадонне праглынула.
«Адна яна ў мяне, адна!..»
Ні следу не было, ні знаку!.. Я дакараскаўся да дна, Да апраметнай Ай-Кайлаку — I выплыў ледзь... Ужо не плакаў I не крычаў... На злы пясок Паклаў зубамі, як сабака, Яе сукенкі паясок.
...Праз дзень пра ліст успомніў. Не, Нічога там... Пакуль насіла Мяне віхура — мора змыла Ўсё Да слоў: «...вялікай сіла — У самай дробязнай мане. Ніхто з нас кары не міне... Але каб гром у час вянчання Нас не спаліў — Будзь роўны мне Сваім жыццём, сваім каханнем Будзь роўны мне...» I абарвала Яна радок. I ліст апалы Сказаў не многа і не мала, Але нічога, акрамя Таго, што цалавалі хвалі Сляды яе... Пасля забралі... I ў сховах вечнасці схавалі Яе паганскае імя.
...Выпадак быў яшчэ, казалі. Ён і яна жылі, кахалі, Кляліся ў вернасці... Калі ж — Ад клятвы ледзь астылі губы — З другою ён пайшоў да шлюбу,— Ударыла Маланка ў крыж. А ў небе чыстым хоць бы хмарка... Мана, дальбог...