I трутні ажываюць... Павукі...
Ну што ж: прырода...
Гэты факт не новы.
Шыбуй, вясна! Няхай твае палкі
Зялёны сцяг вядзе на заваёвы.
Дай полю — колас,
Песню — салаўю,
Каб лес шумеў лістотай, луг — травою...
Шчыруй, вясна! Няхай жыве жывое!
Я ўсё жывое радасна люблю.
Гайдай, вясна,
Гадоў імклівых лодкі,
Качай грамы бухматыя ў траве!..
Хай горкі дым,
Айчыны дым салодкі
Над знойдзеным і страчаным плыве.
2.
Плыві, плыві, Айчыны дым салодкі...
Паводка ачышчае лік зямлі —
I па рацэ праносяцца з паводкай
Сухія дрэвы, мёртвыя камлі.
Над крыгаломам
Сталі круталоба
Нязломныя бетонныя масты...
Жалоба страт — кароткая жалоба.
Майстры вясны — вясёлыя майстры.
Ах, як яны смяюцца белазуба,
Вады і ветру вольныя сыны;
Прабіў іх час! — і гэты час яны
Не аддадуць на страту і на згубу.
Яны ідуць
Калона за калонай,
Работнікі вясны і ўладары,
Аратыя,
Паэты,
Змагары,
Людской красы і моцы чэмпіёны.
Мне па нутру крутыя іх натуры,
Густы блакіт, замешаны ў вачах.
На іх руках
Забранзавела скура,
На іх руках
Пляцоўкі Байканура,
Краіна ўся — ад Буга да Амура —
На чэсных іх, мазолістых руках.
Я веру ім.
Вітаю іх кагорты,
Раўняю крок да іхняе хады...
Напоўнены вясною іх аорты!
Яны ідуць — і ведаюць, куды...
* * *
Мне трыццаць. Час настаў такі,
Калі — ні ў вучні, ні ў настаўнікі.
Яшчэ шкалярскі доўг плачу
Купалу,
Танку,
Куляшову,
А ўжо з Глыбоччыны хлапчук
Прысуднага чакае слова.
Мой родны!.. Бог табе суддзя.
Суды сабе падобных лепяць.
Якая песня ў лебедзя?
Як лебедзь.
Ах, лебедзяў прыгожа б'юць!
Як выжыць — я магу параіць.
А вершы пішуць — як жывуць.
Як дыхаюць. Як паміраюць.
Хлапчук маланкі тушыць вейкамі,
Яму здаецца — ён паэт! —
Што я хаваю тайну нейкую,
Што ў ёй паэзіі сакрэт!
Наросхрыст ён ідзе па вуліцы,
Ён казку ўспамінае вусцішна:
«Пад дубам куфар ёсць, там вуціца,
Не лебедзь — вуціца, а ў той
Яйко з іголкай залатой...»
Галосіць дуб пустымі дупламі!.
Хлапчук ледзь пераводзіць дух.
«Пра што і як пісаць?» — ён думае.
...Лягчэй, што думаем удвух.
ПАЛЯВАННЕ
Збілі на ўзлёце...
Падала, хісткім крылом
Неба чапляла...
Здабыча ўжо... Птушка былая..
Па
Вертыкалі павёў мой таварыш ствалом:
— Міма, бадай, цябе... Міма, халера!..
— Бывае.
— Ты малайчына. Дзе насабачыўся, чорт?..
Цэзар, апорт!.. А яна яшчэ доўта ляцела,
Покуль ударыла ў цёмны асенні чарот
Водгукам стрэлу...
Дзеля таварыша злосць можна выдаць за жарт,
Хоць і таварыш былы —
Птушка былая.
— Ды зразумей ты;
Гэта спрадвечны азарт...
Не разумею азарт, які дабівае!
Памяць мая! Ты пухлінамі часу баліш,
Продкаў злачынствы катуюць пячорны мой розум...
Што ў ім спрадвечнае?
Што яму дадзена звыш?..
Рана — пытанні, адказы знаходзяцца позна.
Ах, як над возерам
Птушка свабодна пяе!
Песня знямее —
I ўночы разбудзіць, як выбух!
Ісціна — вечнае.
Звыці — толькі выбар яе.
Выбраўшы вечнае, ісціну можна не выбраць.
Гэтая птушка... Іншая быць не магла...
Хто растлумачыць мне сувязь між ёю і мною?
Толькі пытанні між намі, толькі імгла,
Толькі пячорная памяць крыла за спіною.
...Мы
На зямлі
Месца
Найлепшае
Выбралі.
Шклянкі напоўнілі:
— Ну, будзь здароў...
— Будзь здароў...
I пад нябёсамі,
дзе спадарожнікі зыркалі,
Возера гойдала
Водбліскі нашых кастроў;