Выбрать главу
Толькі ты — бы ўзмах крыла, I яна — бы ўзмах крыла!.. Толькі снежань з-пад крыла — Ды на снезе след расталы...
Недзе музыка была. Вось і музыкі не стала. Выстыў Талін. След змяло. Толькі што было — было.
Там, з Вышгорада, З апетай Даўняй вежы Ценем лета Цёнькне Ластаўкі крыло...
Дзень — святло, I ноч — святло.

* * *

Не дазволь пайсці мне... Затрымай... Рукі на грудзях скрыжуй стамлёна... Хай сабе не варты я праклёну — Праклінай. Праклінай, галосячы пра страты, Адзіноту, здраду і тугу. Не магу я Быць Не вінаватым! Чуеш, не магу.
У імя няўмольнага расстання Над бяздоннем, На апошнім дні — Не карай мяне ўсёдараваннем! Злітуйся... Даруй мне... Пракляні...

ЛЕСНІЧОЎКА

Прагінае вецер кроквы. Мёртвы снег пластае дах. Пуста. Гулка. Крыкі, крокі У завеяных палях.
— Мама, хто там? — Спі. Нікога.
Вецер... Снег...
— Зірні ў акно; Ваўкалак! — Пабойся бога! — Нехта ёсць усё адно! Крык. — Ты чула? — Падалося...
Стрэл. — Ты чуеш? — Гром... — Зімой? Мама, Мама, ён галосіць! — Гэта сцюжа, хлопчык мой.
Кожнай дошкай стогне хата. Клямка бразгае сама. — Мама, страшна... Дзе наш тата? — Тата ў горадзе...
Зіма. Пуста. Гулка. Крыкі. Крокі. Зноўку стрэл. I крык. I ціш. Леснічоўка. Край далёкі. Шлях далёкі. Снег глыбокі.
Дні. Гады. Стагоддзі. — Спіш?
...Ён заснуў, нібыта згінуў. Ваўкалак трубіў у рог.
Раніцою вецер кінуў Шапку бацькі на парог...

* * *

Праводзіла з дому... На ўзмежку бацькоўскага поля: «Сынок мой... — сказала, — які ж мне наказ табе даць? Ніколі не збочваць з дарогі — зайздросная доля. Ды хай не міне цябе доля дарогу губляць.
Хай зведаеш ты Нежалобную долю блуканняў, Хай знойдзеш — і знішчыш, Хай дойдзеш — і кінешся прэч, Спазнаеш Сустрэчу У час спусташальных расстанняў, Спазнаеш Расстанне У час невыносных сустрэч.
Хай страціш ты многа, Каб долі сапраўднай не страціць».
Ён жыў гэтай доляй. Кахаў. Расставаўся. Блукаў. Дадому вярнуўся: «Сынок мой,— спыталася маці,— Знайшоў ты ці страціў?..»
Заплакаў — I ў ногі Упаў.

* * *

Вачэй тваіх сумненне. Зноў ноч не спіць. Рака неразумення. Яе не пераплыць, Калі гудуць вірамі Мана, лухта, Калі між берагамі Ніводнага маста...
Бывай, мая чароўная! Рака гудзе... Бязвёсельныя чоўны Сплываюць па вадзе.

* * *

Руіны замка. Дзікая зямля. Ды чэзлыя наўкол кусты шыпшыны. А на сцяне ўцалелай — твар жанчыны, Наложніцы старога караля.
Была яна наложніцай ці не, Ды ўладаром валодала красою — Ён загадаў лічыць яе святою I ўвекавечыць На глухой сцяне.
Свавольны быў кароль той, як дзіця. Не ведаў межаў шчодрасці і злосці... Даўно струхнелі ўладаровы косці Пад чэзлымі шыпшынамі жыцця. Імя яго забыта ў тых краях, Дзе ён сваволіў і хадзіў вайною На ўсіх суседзяў, Каб агнём, Маною Пакору аднаўляць у іх I страх...
Ды не астыў вачэй блакітны вар Жанчыны той! — Ліецца на абшары...
I свеціцца Тугой былых пажараў Драпежна-вольны палачанскі твар.