Выбрать главу

— Як на курорце! — прагудзеў ён. — І лес блізка, і рака. І мястэчка пад бокам, ага?

— Блізка, ага, — пагадзіўся Пятрок, панура згадваючы пры сабе, які д'ябал іх прыгнаў сюды ў гэткае ранне. Што ім патрэбна? Другі раз сядаць ён не запрашаў, думаў, можа, што скажуць і пойдуць сабе далей.

Але, мусіць, ісці яны не збіраліся.

Гуж, паазіраўшы куткі і сцены з цвікамі, працяглым позіркам павёў па абразах у куце, нібы палічыў іх, расшпіліў на грудзях рудую скуранку.

— Цёпла, аднак, у цябе.

— Дык гэта… Не палілі сёння.

— Цёплая, значыць, хата. Гэта харашо. Трэба раздзецца, не вазражаеш?

— Дык калі ласка. Можна і зняць. Вы сюды павесьце, на гэты цвік.

Крэкчучы, Гуж сцягнуў з тугіх плеч цеснаватую, пэўна, чужую скуранку, павесіў на цвік каля яго скрыпкі, што вісела ля акна. Дзягай з вайсковаю спражкай пачаў падпяразваць сінюю мультановую світку.

— Усё іграеш? — кіўнуў ён на скрыпку.

— Дзе там. Не да музыкі, — сціпла адказаў Пятрок. Сапраўды, калі яму было іграць — у душы гучала зусім іншая музыка. Але ён не стаў многа тлумачыць, толькі падумаў са шкадаваннем, што скрыпку трэба было б прыбраць далей з воч.

— Помню, як вы калісь на вяселлі ў Выселках наярывалі. Ты на скрыпцы, а Ярмаш на бубне, здаецца. Музыкі!

— Калі тое было…

— Было! — сказаў Гуж і палез за стол. Караткаватую сваю вінтоўку паклаў побач на лаву. Каландзёнак, як стаяў у шынялі з вінтоўкаю ў руках, сеў на парозе.

— Ну, частуй, гаспадар! — сцюдзёным позіркам з-пад калючых броваў упёрся Гуж у Петрака. — Стаў паўлітра, а як жа?

— Гэ, каб было! — развёў рукамі Пятрок. — Закусіць можна, канешне, а гарэлкі няма, так што…

— Кепска, значыць, жывеш, Багацька. Пры Саветах не раскашаваў…

— Не раскашаваў, не…

— І пры германскай уладзе не хочаш. А мы не так. Мы вось тут… Нешта маем!

Ён выпрастаў на падлозе доўгую ў боце нагу і з кішэні чорных, з абвіслымі леямі галіфэ выцяг бутэльку.

— Во, чыстая маскоўская! — і, гучна прыстукнуўшы, з паказным гонарам паставіў яе пасярод стала.

Далей Петраку цягнуць не было як. Праклінаючы ў думках усё на свеце, ён схамянуўся, кінуўся ў пасуднік па хлеб, успомніў, што трэба ў хляўку пашукаць яек, мусіць жа, знесліся дзве ці тры курыцы, у істопцы было яшчэ трохі гуркоў у дзежцы. Ну і сала, вядома, у кубёлку. Ён замітусіўся, каб як найхутчэй сабраць на стол, быццам тады хутчэй бы аслабаніўся ад паліцаяў, паклаў на стол пачаты бохан хлеба, але не мог знайсці нож — толькі ж яго трымаў у руках, куды дзеўся?.. Гуж, пачакаўшы, выцяг з халявы свой шырокі, з загнутым канцом кінжал і адкроіў дзве скібы.

— А дзе ж твая… акцявістка? — нібы між іншым запытаў ён і навастрыўся слыхам. — Не ў калгасе ж шчыруе…

— Ды з каровай, знаеце…

— А, з каровай! Карову, значыць, маеш… А прыбядняешся…

— Ды я нічога… Як усе, знаеце…

— А хто бульбу выбіраць будзе?

— Якую бульбу?

— А калгасную! Савецкая ўлада ляснула, але ж калхозы ні-ні! Калхозы сахраняюцца — Гітлер загадаў. Так што бульбаўборка. Ну і бульбаздача, канешне. Як пры Саветах, ха-ха! — нядобра хіхікнуў паліцай.

Гэта Пятрок ужо чуў, хоць спярша не дужа і паверыў, што немцы пагодзяцца на калгасы. Думаў, можа, яшчэ будуць караць калгаснікаў, а яны во што! Але дзеля бульбаздачы, напэўна. Так ім зручней.

— Я, ведаеце, адпрацаваў сваё. Хай маладзейшыя каторыя, — паспрабаваў слаба апраўдацца Пятрок. — Каторыя здаравейшыя.

— Хто гэта хворы? Ты? Ці, можа, баба твая? Пры Саветах дык вунь як шчыравала, пра хваробу не заікалася. Перадавая льнаводка, на сходах выступала.

— Ат, калі тое было! — ніякавата адвёў шматзначны папрок гаспадар і паставіў на стол шклянку. — Апошнім часам яго мала і сеялі, лёну таго.

— А было, як жа! Людзі запомнілі. А цяпер падупала!

Петраку трэба было ў істопку па сала і гуркі, але на парозе сядзеў Каландзёнак і з кіслым выразам белабрысага худога твару пазіраў убок. Гэты яўны падкоп паліцаяў пад яго Сцепаніду не спадабаўся Петраку, і ён падумаў: ці не дзеля гэтага яны сюды і прыпаўзлі?

— Дык сказалі, ну і выступала, куды ж дзенешся.

— Сказалі, кажаш? А калі цяпер нямецкая ўлада іншае скажа? Як тады вы?

— А мы што? — цепнуў плячыма Пятрок. — Як скажуць, так і будзем. Як усе, так і мы.

Гуж ямчэй уладкаваўся ў застоллі, зазірнуў у акно і шырокай рукой канавала згроб са стала бутэльку.