Гасцінцам яна перайшла сасоннічак, паазірала надта раскапаную яміну ў жвіры на паваротцы і ўрэшце ўбачыла крайнія местачковыя хаты, дах пажарнае вышкі, таполі над вуліцай. Над некаторымі комінамі вецер ірваў шызы дым, быў ранак, паліліся печы. Пасля таго як пабілі жыдоў, многія хаты пуставалі, іншыя заняла розная набрыдзь, паліцыя. Звонку там мала што і змянілася, у тым мястэчку, дзе, мабыць, і зараз ішло звычайнае, як і да вайны, жыццё. Затое нешта змянілася на гасцінцы — на свежым дарожным насыпе над ракой жаўцелі новыя парэнчы моста, якога не было тут з палавіны лета, ды і насып быў разварочаны бомбамі, нібы яго перакапалі свінні. А цяпер, глядзі ты, — пабудавалі. Пабудавалі, каб ездзіць, ганяць свае машыны далей на ўсход, да фронту, каб вазіць сваёй арміі ўсё, што ёй трэба. Мусіць, шмат што ёй трэба, калі прыгадзіўся і такі несамавіты гасцінчык з такім во на дваццаць крокаў мастком цераз іх балацяністую рачулку.
Значыць, стала патрэбна.
Запаволеным крокам яна падышла да моста і з нейкаю душэўнай няпэўнасцю ступіла на гразкія, але яшчэ новыя дошкі насцілу, пакратала рукой пагабляванае дрэва парэнчы. Усё было тоўстае, грубое, моцна збітае і звінчанае балтамі, мусіць, разлічанае надоўга. Значыцца, так і будзе цяпер — будуць ездзіць немцы, гойсаць паліцаі, будуць хапаць людзей і вазіць па гэтым мосце ў мястэчка, каторых вешаць на тэлеграфных слупах, а каторых саджаць у царкоўны склеп ці закопваць у кар'еры па той бок мястэчка. Дужа патрэбны мост, нічога не скажаш. Жыцця праз яго не будзе.
А як добра было ў тыя некалькі месяцаў, калі замест яго тырчэлі тут голыя палі, быў ушчэнт разварочаны насып і цераз рэчку нельга было перабрацца — рэдкі прахожы набіраўся адвагі па дзвюх хісткіх жэрдках перайсці на той бок ракі. Тады пажылі нядоўгі час у спакоі, ніхто па начах не ламіўся ў дзверы, немцы не паказваліся не толькі на хутары, але нават і ў Выселках, а вёскі, што былі далей па гасцінцы, апынуліся як у Хрыста за пазухай. Новая ўлада да іх не дапялася.
Сцепаніда ўжо была перайшла мост і спынілася: а во каб яго падпаліць! Усё ж драўляны, можа б, загарэўся і згарэў, і настала б тады тое жыццё, што было без яго. Сапраўды, калі выліць на яго газу, што расстараўся Пятрок…
Сцепаніда зноў вярнулася на мост і неўпрыкмет босай ступнёй памацала яго гразкія сырыя дошкі — не, халера на іх, мусіць, такія не ўпаліш і газай. Каб хоць улетку, а цяпер усё скрозь мокрае, сырое, са свежай лясіны, не, такое не ўпаліш… Во каб сюды тую бомбу!.. Нечаканая гэта думка так уразіла Сцепаніду, што яна перастала адчуваць сябе на гэтай дарозе і забылася, куды ішла і па што. Яна ўспомніла нядаўнія словы Петрака і ў нейкім азарэнні сцяміла, што яно ж так і ёсць! Яна надта добра ведала высялкоўскага Карнілу, каб адразу ўпэўніцца, што без яго тут не абышлося. Але ж Карніла!.. А можа, цяпер паслухаецца яе? Яна яго ўпросіць.
І яна хуценька пайшла назад па гасцінцы, ад рэчкі да хвойніку, за якім якраз насупраць Яхімоўшчыны была паваротка ў другі бок — на гару ў Выселкі.
На гасцінцы ніхто ёй не трапіўся, толькі далёка ззаду нехта нетаропка дыбаў з мястэчка. Але на высялкоўскай дарожцы яна напаткала Александрыну, колішнюю сваю равесніцу, з якой зналася ад самага дзяцінства, яны нават разам выходзілі замуж, помніцца, абедзве вянчаліся ў царкве зімой на Вадохрышча. Яшчэ, памятае, у той дзень вараны жарабок Александрынінага бацькі зламаў нагу на тым самым мосце, праваліўшыся ў дзіравым насціле, такі быў паганы мост. Александрына памалу ішла, павязаная хусткай рагамі пад пахі, і вяла за руку хваравітага, тоненькага, вельмі цёпла апранутага хлопчыка.
Яны павіталіся.
— Даўно не бачыліся, Сцепанідка, куды ж ты, як маешся?
— Ды так, ведаеш… Цяпер жа так, — трохі сумелася Сцепаніда, засцігнутая знянацку гэтым пытаннем. Яна проста не ведала, як адказаць, і хуценька запыталася: — А ты ж як?
— Ай, Сцепанідка, во горачка навалілася, вяду ж хлопчыка да доктара, з'еў нешта благое, дык рады няма, пяты дзень мучаецца, — ахвотна загаманіла Александрына, адразу забыўшыся на сваё пытанне. — Гэта ж трэба на мяне такое сёлета, — яна засцярожліва азірнулася на дарогу і цішэй сказала: — Гэта ж, ведаеш, Віця прыйшоў мой, камандзір, ледзьве выбавіўся…
— Віктар? А што ён — з вайны? — здзівілася Сцепаніда.
— Ай, якая вайна! Кантузіла яго дужа, галава баліць, рукі трасуцца. Ой, якое горачка было там, на фронце, расказвае…
— Трудна?
— Ой, не кажы! Танкамі, кажа, душыць усіх, а ў нас жа адны вінтовачкі, і тыя… Паразбягаліся каторыя па лясах, каторыя ў палон, а каторыя во дамоў, каму недалёка…