— Ды што ты хочаш: тавар за так?
— За так? — здзівілася яна. Сапраўды, ёй і ў галаву не прыходзіла гэтае пытанне — чым яна заплоціць Карнілу? Ды і чым можна было заплаціць у такі час за гэткі тавар?
— За так цяпер і блыху не заб'еш, — прабубніў Карніла. — Цяпер такі час. Вайна…
— Дык, ці ведаеш, грошы…
— Э-э, якія грошы! Што цяпер з тых грошай…
— Ну, во тут у мяне сала з два фунты. Паўдзесятка яек…
— Сказала, яек! Яек і ў мяне знойдзецца. На яешню.
«Вот жа скнара!» — пачала злавацца Сцепаніда. Яна пазнавала колішняга Карнілу, у якога, казалі, зімой снегу не выпрасіш. Але добра яшчэ, што ён не адмовіўся, што мае бомбу. Тут ужо яна ўгадала пэўна і ціха парадавалася. Астатняе як-небудзь. Але як?
— Дык што ж я табе… Грошай не маю, кароўку немцы з'елі. Курачак пастралялі, пяток усяго засталося. Мужыка Гуж забраў, у мястэчка павёў. Што ж я яшчэ маю?.. — сумелася яна.
— А свінчо? — раптам спытаў Карніла і другі раз зыркнуў на яе сваім цяжкім позіркам. — Ці тожа не маеш?
— Парсючок застаўся, ага. Вясновы, — спахапілася Сцепаніда і змоўкла: ці не захоча ён парсючка?
— Добра, што парсючок застаўся, — неяк абыякава сказаў Карніла, устаў і падаўся ў кут, нешта перабіраў там у жалеззі і нарэшце выцягнуў крывую драціну, з якой узяўся высякаць цвік.
— Застаўся, ага. Але… Ну, бяры парсючка… Аддам…
— А паўпуда будзе?
— Будзе з паўпуда. Харошае, ешчае свінчо, — запалым голасам пахваліла парсючка Сцепаніда і здзівілася ад думкі: няўжо яна аддасць парсючка? З чым жа тады застанецца?
— Ну, хіба за парсючка, — ажывеў крыху Карніла. — Ну і гэта… Па цяперашнім часе — тавар! Для чаго табе толькі?
— А гэта ўжо маё дзела. Трэба.
— Ну вядома. Калі, можа, у лес каму? Тавар добры.
Карніла нядоўга нешта падумаў, пасля выглянуў з дзвярэй, гукнуў нешта сабаку і рукой махнуў Сцепанідзе, каб ішла следам. На падворку яны пералезлі цераз нізкія варотцы на зады сядзібы, зарослыя кустоўем парэчак, агрэсту, гушчаром маладога вішанніку. Пад тынам у лапухах і крапіве Карніла падняў пласт зляжалага гарохавіння, пад якім зажаўцеўся канец чагось даўгога і круглага, нібыта з бляшанкай, прываранай на хвасце. То была бомба.
— Во! — задаволена сказаў ён і хуценька апусціў гарохавінне. — Паўцэнтнера важыць. Сіла!
Сцепаніда трошачкі захвалявалася, адчула, можа, упершыню, якую небяспеку ўзвальвае на сваю галаву, але ўжо не адступала. Хай бярэ парсючка.
— Запрагу каня… Толькі паначы каб. Як сцямнее.
— Ну ведама ж, як сцямнее, — трохі нявесела пагадзілася яна.
26
Яшчэ да таго, як пачало змяркацца, Сцепаніда тупала па падворку, выходзіла ў варотцы, стаяла за тынам каля калодзежа — усё ўглядалася ў дарогу, у бок Выселак. Яна ведала пэўна, што яшчэ ранавата, што Карніла нізашто не выедзе, пакуль не ўцямнее, сам жа сказаў пра гэта, а ён чалавек грунтоўны, не якое брахло. Але яна не магла бавіць час у хаце, яна нават не паела сёння і не паліла ў грубцы, так ёй карцела перабыць небяспеку той перавозкі, бо — не дай Бог натрапіць паліцыя! Што тады будзе абаім?
З паліцыяй яна ўжо сустракалася сёння ў мястэчку, куды пайшла адразу ад Карнілы з Выселак, дабралася да іхняй турмы ў царкоўным склепе. За той час, як яна не была ў мястэчку, паліцаі добра абстроіліся — да напаўразбітага цаглянага мура царквы зрабілі прыгародку з высокіх і тоўстых дошак і брамку, пры якой стаяў вартавы з вінтоўкай. Яна аж парадавалася, калі пазнала ў гэтым вартавым Недасеку Антося, і падумала, што ёй з самага пачатку пашэнціла. Мінаючы шырокую мутную лужыну, адразу павярнула з плошчы да гэтай брамкі, маючы намер як мага ласкавей запытацца пра Петрыка, перадаць яму харч. Але Недасека яшчэ здалёку спыніў яе злым вокрыкам:
— Назад! Нельга!
— Гэта ж я, Багацька з Яхімоўшчыны, — сказала Сцепаніда, спыняючыся і падумаўшы, што ён яе не пазнаў.
Але і пасля яе слоў чорны, цыганаваты твар Недасекі застаўся ранейшы — недаступны і строгі.
— Сказаў, назад! Забаронена.
— Я толькі запытацца, ці Пятрок тут?
— Кажу, забаронена! Назад!!!
«Ах, каб ты спруцянеў! — злосна падумала Сцепаніда і недаўменна перахапіла кошычак з адной рукі на другую. — Што ж цяпер рабіць?»
— Скажы толькі, куды пасадзілі? — таксама пачынаючы злавацца, папрасіла яна.
Але Недасека выглядаў такім непрыступным і злым, якім яна ніколі яго не бачыла. Нібы яго падмянілі кімсьці. Тады яна паспрабавала неўпрыкмет падысці да яго бліжэй.
— Не падыходзь! Прымяню аружыю! — вызверыўся паліцай, хапаючы з пляча вінтоўку з расшчэпленым і склёпаным жалезкай прыкладам.