— А я ўжо чакала, — ціха сказала Сцепаніда, пераймаючы на дарозе фурманку.
— Чаго ж чакаць? Як змерклася, во запрог і паехаў. Дарога ж не дальняя.
— Не дальняя, але…
Яна хацела сказаць, што цяпер і на блізкай можна налезці на немцаў або спаткацца з паліцыяй, якая поўзае ўсюды за сваёй спажывай, ды і благі чалавек таксама мог выгледзець, — ці мала бяды цяпер падпільноўвае за тынам сваёй сядзібы. Але яна змоўчала, каб лішне не вярэдзіць душу сабе і Карнілу. Абышлося — і добра.
— Куды табе яе? — ціха запытаўся Карніла, калі яны заехалі пад ліпы, і напяў лейцы.
— Куды?
Сапраўды, куды ж яе можна схаваць тут? Мабыць жа, у хату нягожа, у хаце адразу знойдуць, значыць, трэба ў якое здатнае месца паблізу ад сядзібы, каб было прыглядна і бяспечна. І Сцепаніда падумала пра равок за хлявамі, які дужа зарос шыпшынай, маліннікам, ды і ямы там з хворастам, якраз будзе чым закідаць, схаваць да таго часу, як яна стане патрэбна.
— Давай за хлявы. У роў.
— Можна і ў роў. Мне што? Мне ўсё роўна.
Карніла падвярнуў перадок калёс і памалу павёў каня ля тыну ў захлеўе, Сцепаніда ўпоцемку ішла наперадзе, паказвала, як лепей ехаць.
— Тут во далей ад плота. Тут пень. Во, цяпер прама за мной.
Яна лёгка і ўпэўнена ступала ў цемры, бо ведала тут кожную былку ці патарчаку, а Карніла штось поркаўся ззаду, спыняўся, ашчаджаў, відаць, воз ці каня. Трохі ён адстаў ад яе, і Сцепаніда пастаяла нядоўга, прычакала яго і болей ужо не адрывалася, аж покуль яны не дабраліся да хмызняку на ўзроўку.
— Во тут яміны недзе… — Прыгнуўшыся ў цемры, Сцепаніда пашарыла нагамі ў траве. — Зараз падніму хвораст.
— Спярша давай сцягнем, — сказаў ад воза Карніла. — Я вазьму, а ты падсабі. Усё ж груз…
Яны сталі ля воза, Карніла аберуч пацягнуў бомбу з-пад сена, Сцепаніда падхапіла пад паху яе сцюдзёны жалезны хвост.
— Цяжкая, халера!
— А ты думала! Затое моц мае. Не які там снарадзік. Сіла!
Дужа асцярожна яны апусцілі даўгое, слізкае ад дажджу цела бомбы на мокрую траву ўзроўка. Карніла саступіў ніжэй у яміну, пацягнуў яе на сябе.
— Яна, ведаеш, трохі таго… З бракам, — задышліва паведаміў ён і выпрастаўся ў цемры.
— Няўжо з бракам? — насцярожылася Сцепаніда.
— Брачок невялікі, праўда. Калі хто з вайскоўцаў, дык справіць. Невялікі брак, — паспяшаўся супакоіць яе Карніла.
— Чаго ж ты тады не сказаў?
— А табе што? Не ўсё роўна? Мусіць жа, сама ўзрываць не будзеш? А спецыяліст — ён справіць. Каторы вайсковец.
— Дык дзе ж той вайсковец…
Аднак далей яна нічога казаць не стала, падумала, што яшчэ прагаворышся перад гэтым Карнілам. Пра яе задуму не павінен быў ведаць ніхто старонні. Хаця Карніла не старонні, канешне. І яшчэ разумела яна, што адной ёй наўрад ці справіцца, патрэбны будуць памочнікі. Але памочнікі знойдуцца. Не можа быць, каб не знайшліся памочнікі! Не цяпер, дык пасля. Абы была бомба.
— А тое, што мокра, — нічога? Не адсырэе? — запыталася Сцепаніда.
— Анічога. Зарад жа ў жалезі, — упэўнена сказаў Карніла, і яна падумала, што, мабыць, ён ведае: служыў у войску і нават быў на польскай вайне, казалі, ледзь не дайшоў да Варшавы.
Яны добра навалілі на яміну сухога хворасту, які ляжаў поруч — Пятрок улетку церабіў тут узровак, каб не разрастаўся хмызняк, не засціў гародніну. Цяпер без патрэбы быў той яго лішні клопат, прыйшлося клапаціцца аб іншым. Але хвораст спатрэбіўся.
— Ну во, хай ляжыць, — зморана сказаў Карніла. — А дзе ж той падсвінак?
— Ды ў застаронку. Трэба круга аб'ехаць. Сляды каб…
— Ну ведама. Каб сляды…
Ён зноў узяў каня за аброць, а Сцепаніда пайшла наперадзе і навобмацак у воглай цемрадзі прывяла яго да сцежкі цераз гарод, скінула жэрдку з плота, каб ён мог праехаць да істопкі.
Пустыя калёсы стукотна перавальваліся па барознах, але нішто там дужа не стукнула-скрыпнула, конь мякка ступаў па мяккай зямлі. Ля дрывотні яны спыніліся.
— Во тут. Я зараз!
Пралезшы праз мокры дзядоўнік, яна адкінула ад дзвярэй падпорку, нізкія дзверцы адразу расчыніліся, і пад ногі ёй выкаціўся з цемры светлы рухавы круглячок, які радасна зарохкаў, затыцкаўся цвёрдым лычком у яе мокрыя ступні. На момант ёй стала шкада парсючка, столькі яна напакутавала з ім, а цяпер мусіла аддаваць у чужыя рукі. Але высілкам волі яна тут жа прыцяла ў сабе тое шкадаванне. Цяпер, калі ўсё ішло прахам, было не да шкадавання.