Выбрать главу

— Ідзі, ідзі сюды…

Парсючок даверліва даўся ёй у рукі, яна прыціснула да грудзей яго цяжкаватае трапяткое цела і паднесла крокаў пяць да фурманкі.

— Во, куды тут?

— А ў торбу. Торба ёсціка…

Ну вядома, у яго ёсць торба, бо як жа вазіць свінчо ў возе без торбы. Толькі як яго запіхаць туды, падумала Сцепаніда. Нязграбна ўпоцемку яна сунула яго галавой у падстаўлены мех, але парсючок, мусіць, здагадаўся, што чакае яго, растапырыў ногі, затузаўся з апантаным страхам, і яна ледзьве ўтрымала яго ў руках.

— Ну что ты? Ну цішай, дурань!..

Карніла, аднак, хвацка ўкруціў яго торбай і гэпнуў у задок воза, захінуў сенам. Парсючок пранозліва заверашчэў у возе.

— Ціха ты! Халера, малы, а піску…

— Не такі ўжо і малы! — гатова была пакрыўдзіцца Сцепаніда. — Вясновы, спраўны падсвіначак.

— Я думаў… А то…

Падобна было, Карніла расчараваўся, здалося яму, што парсючок недарослы. Праўда, не кабанок яшчэ, але ж і бомба, як сам прызнаўся, не дужа спраўная, з бракам. Яшчэ трэба неяк спраўляць, падумала Сцепаніда з апрыклай нядобрасцю да гэтага вупара Карнілы.

— Ешчы, спакойны, дужа здатны падсвіначак. Каб не гэта во, век бы не аддала.

— Ладна, — сказаў Карніла, спыняючы на тым размову. Калёсы яго трохі рыпнулі на развароце, Сцепаніда паказала яму, як выехаць з падворка, і адтуль яны скіравалі ў варотцы. Там Карніла спыніўся.

— Дык ты ж гэта, маўчы. Калі што — я цябе не бачыў, нічога не ведаю.

— Што ж я, малая? — азвалася Сцепаніда і падумала: «Нябось не дурнейшая за цябе».

Карніла паціху паехаў цёмнай дарогай, чутно было спярша, як тузаўся, спрабуючы падаць голас, парсючок пад сенам, але памалу ўсё сціхла. Баягуз Рудзька, які дагэтуль недзе хаваўся па-за вугламі, цяпер падбег да гаспадыні і няпэўна гаўкнуў у змрок.

— Ну во! — сказала яна да сабакі. — Што цяпер будзе?

Яна і не заўважыла, як акалела на гэтай золі і вымакла, асабліва спадніца і ногі, але цяпер яе ўзяло такое ўзрушэнне, што яна не магла даць сабе хвіліны спакою. Яна не магла сядзець дома, карцела некуды ісці, пакуль ціха, нешта зрабіць, каб наблізіць той момант, калі на гасцінцы гахне. Калі рассыплецца гэты ненавісны мост. Хай тады ладзяць. Хай вяртаюць тую каманду, зганяюць людзей. Можа, пакуль збяруцца, міне нейкі час, зноў якіх са тры месяцы, настане зіма, а там нашы дадуць ім пад зад. Яна чула ўжо неаднойчы ад мужыкоў, што нашыя заўжды лучаць зіму, як на той фінскай ці яшчэ даўней на французскай. Зіма заўсёды нашым паможа. Галоўнае, цяпер у яе было чым, не голымі рукамі. У рове ляжыць грозная сіла, якая разнясе мост на трэскі. Куды толькі падкласці яе?

Памятае, у ранейшым тым мосце дык былі адкосіны пад насцілам, куды часам залазілі падшыванцы і воўчым храпам палохалі на дарозе коней. Туды здатна было ўладкаваць бомбу. А цяпер як? Яна, як хадзіла, толькі аднаго разу спынілася на мосце і як след нічога не разгледзела там. А раптам пад мостам усё закапалі, зраўнялі, куды тады ўладкуеш бомбу? Не падкладзеш жа яе зверху на дошкі, дзе ходзяць і ездзяць людзі.

Яна дужа занепакоілася гэтым клопатам і, не зайшоўшы ў хату, выбегла ў варотцы і пусцілася па дарожцы к гасцінцу. Было зусім цёмна, то сыпаў, то пераставаў дробны дожджык, вецер жа дзьмуў не перастаючы. Не дабегшы да павароткі, Сцепаніда збочыла ў поле і дзе крокам, а дзе подбегам шыбавала наўпрост, каб хутчэй. Спярша пад нагамі яе шорхала мокрае ржышча нівы, пасля пачалася мокрая трава ля хвойнічку, які яна абышла з другога боку, ад поплава. Перайшла нешырокую балацявінку з зарослай асакой канавай і недалёка ад моста ўскараскалася на жвіровы насып гасцінца.

Найперш яна тут услухалася, нават ссунула на патыліцу мокрую хустку: было цёпла ад хады, дужа трывожна, але, здаецца, на гасцінцы было па-начному пуста. Яна трохі пабойвалася, каб яе тут не напаткаў хто, асабліва калі знаёмы, як тады апраўдаешся? Але ўсё абышлося. Унізе ля насыпу цьмяна паблісквала пляма вады ў рацэ, яна асцярожна сышла да яе са свежанакапанага адхону і стала, зазіраючы ў непраглядны змрок падмастоўя, дзе няпэўна бялеў рад свежых паляў і ўгары шырока навісала чорная плаха моста. Яна не столькі ўбачыла, колькі здагадалася па характару насыпу, што паміж насцілам і зямлёй засталася добрая адтуліна, у якую можна было змясціць многа. Улезе туды і бомба, яна нятоўстая.

Задаволеная, Сцепаніда ўскараскалася на гасцінец і пайшла да хвойнічку. Удача надала ёй адвагі, а гэтая начная хада адабрала сілы, яна ўся ўпрэла пад вопраткай, дашчэнту абмакрэла і цяпер ужо ціхім крокам шкандыбала па краі гасцінца. За хвойнічкам павярнула на сваё поле, думаючы ўсё: каб жа што не пашкодзіла, каб жа паспець. Дужа хацела яна здзейсніць цяпер сваю помсту, ад якой у яе ўжо не было сілы адмовіцца. Ведала, аднак, што яшчэ клопату хопіць, трэба шукаць памагатых, а найперш спецыяліста-вайскоўца, каб нешта там справіць.