Выбрать главу

Настылая за ноч гразь на дарозе студзіла яе босыя ногі, і яна выбірала, дзе трохі сушэй і каб без травы. Трава спрэс была мокрая, як бы ў золкай расе, і ў ёй болей, чым у гразі, стылі ногі. Неба патроху праяснілася, быў позні ранак — хмарны, без сонца, ветраны і сцюдзёны, але яна не заўважала ні ранку, ні сцюжы — яна думала, як лепш падысці да Віктара, каб пагадзіўся. Але ж павінен. Некалі ён быў ладны, паслухмяны і разумны хлапчына, усё бегаў у маленстве да іх на хутар, цягаўся з Федзькам. Аднойчы яна адчытала абодвух за небяспечнае свавольства з запалкамі, карабкоў восем якіх яны абкрышылі для зараду ў прыпяканку, і яна спалохалася, што павыпальваюць вочы. Праўда, падросшы, яны разышліся: Віктар годам раней за Федзьку пайшоў на ваенную службу і перед вайной, казалі, ужо быў камандзірам з трыма трохкутнічкамі на пятліцах. Мусіць, ён сумее абысціся з той бомбай.

Карніла ж казаў, што няспраўнасць там невялікая, спецыяліст справіць.

Сцепаніда перабегла пусты зранку гасцінец, пайшла краёчкам такой жа гразкай дарогі на Выселкі. Крайнія высялкоўскія хаты былі ўжо блізка, яна бачыла, як у канцавым за плотам двары Амяллянавы мальцы запрагалі ў калёсы каня, і вецер данёс да яе мацерны мужчынскі вокрык. На пагорку дарога стала трохі сушэйшая, але ў яміне пляскалася на ветры шырокая лужына жоўтай вады, якую яна абышла стараной, а як выйшла зноў на сярэдзіну дарогі і зірнула наперад, на момант знерухомела. З высялкоўскай вуліцы ішлі па дарозе трое мужчын, двух з іх яна пазнала адразу, то былі паліцаі Гуж і Каландзёнак, а трэці… Трэці ішоў паміж імі, угнуўшы галаву і заклаўшы за спіну рукі; першага позірку на яго было даволі, каб зразумець, што гэта арыштаваны. Сэрца ў яе нядобра трапятнулася ў грудзях, калі ёй здалося, што гэта… Але нават у думках яна баялася сказаць сабе яго імя — пакуль яшчэ заставалася няпэўнасць, Сцепаніда дужа хацела памыліцца і думала: няхай бы гэта быў хто сабе хочаш — знаёмы, сусед, якая радня, абы не ён.

Запаволеным цяжкім крокам яна ішла насустрач мужчынам, і ў яе свядомасці ўсё болей і выразней выяўлялася знаёмае аблічча, каржакаватая постаць у шэрай паддзёўцы, шырокі разварот плячэй, цяжкі нетаропкі крок. І ён, і паліцаі ішлі па гразі нетаропкай спорнай хадой — наперадзе Гуж, а ззаду Каландзёнак, і ёй, як збавення, хацелася праваліцца пад зямлю, абы толькі не спатыкацца з імі.

Але яны ўжо згледзелі жанчыну і з трошкі празмернай увагай зводдаль пазіралі на яе, а падышоўшы бліжэй, зірнуў на яе і арыштант. То быў Карніла.

Тым не менш яна ішла з такім выглядам, быццам не ведала з іх нікога, і толькі ногі яе прымлелі, і яна намаганнем волі ледзьве перастаўляла іх па гразі. Яна б так і размінулася з імі, не сказаўшы слова і нават не павітаўшыся, калі б не той позірк Карнілы. Яго знешне спакойны барадаты твар, аднак, выражаў цяпер адбітак такой тугі і такой устрывожанасці, што Сцепаніда міжволі спынілася. Але тут жа спыніўся і Гуж.

— Куды ідзеш, акцявістка?

— У дзярэўню, не бачыш? — сказала яна, зірнуўшы на яго спадылба, і падумала: ну, прапала! Забярэ абаіх. Але Гуж найперш кіўнуў на кашолку:

— Там што?

— Курыца.

— Ану! — Гуж патрабавальна працягнуў руку, і яна падала яму кашолку.

— Так. Патап, на! Прыйдзем — адкруціш галаву. Спатрэбіцца.

Ён аддаў кашолку Каландзёнку і павярнуўся да яе, ва ўпор працяў стоеным пагрозлівым позіркам.

— Усё сноўдаеш?

— Сноўдаю. А што, нельга? — запытала яна, з апошняю сілай вытрымліваючы гэты ягоны позірк. Думала, што зараз ён паставіць яе побач з Карнілам і павядзе ў мястэчка. Гэта было б жахліва. І, відаць было, ён некалькі секунд вагаўся, мабыць, не ведаючы, што зрабіць з ёю.

— Ну-ну, пасноўдай! — неяк загадкава-з'едліва сказаў ён і адвярнуўся да Карнілы. Але Карніла ўжо не глядзеў на яе — паныла пазіраў некуды ў хмарную далячынь мокрага поля.

— Шагам арш!

Яны пайшлі далей да гасцінца, а яна няпэўным аслабелым крокам пабрыла да Выселак. Тое, што забралі Карнілу, балюча ўдарыла па яе адчуваннях, таксама як і па яе планах, і яна адчула, што, мабыць, неўзабаве ўсё непапраўна рухне. Але яна не магла лёгка з тым прымірыцца. Яна гатова была змагацца, тым больш што ў яе была воля, нейкая свабода дзеяння, рукі яе яшчэ не былі звязаны. Але чаму не забралі яе? Можа, пакінулі на пакуль што? А можа, пра бомбу ім невядома? А можа, яны шукалі бомбу і ўзялі Карнілу? А дзе бомба, ён ім не сказаў. І не скажа. А раптам скажа? Пачнуць катаваць, выцягваць з цела жылы, хіба ўтрываеш? Дык няўжо скажа? Што ж ёй рабіць?