Кожны раз яна азіралася наўкола праз хмызнячок, усё паглядвала ў бок сядзібы — баялася, не дай Бог, хто прыйдзе, убачыць. Тады яна прапала, прапала бомба. І гэта пасля такіх высілкаў!
Калі яна ўрэшце прывалакла бомбу да яміны, сілы яе, падобна было, зусім скончыліся, яна ўжо не магла перакаціць яе цераз накапаны горбік зямлі і ўпала на яе грудзьмі, ляжала так, мусіць, доўга. Увесь час яна казала сабе: ну годзе, уставай — і абяцала: устану, зараз устану. І не ўставала, бо не магла. Уваччу ў яе спярша ўсё зацямнелася, нібы ўначы, затым дужа паволі праяснівалася, і сэрца вырывалася з грудзей ад знямогі.
Мабыць, яна ляжала так доўга, ашчаперыўшы ўшчэнт перапэцканае цела бомбы і сама ад ног да галавы выкачаная ў гразь. Калі трохі паслабаднела дыханне, ужо не ўстаючы, уперлася ступнямі ззаду ў вузлаватыя карані алешын, высілілася апошні раз і пасунула спярша хвост, а затым і галаву бомбы.
Зрушваючы з сабой свежую зямлю, бомба ўрэшце цяжка гупнулася аб дно — увалілася ў яміну. Сцепаніда яшчэ паляжала на гразкай зямлі, пасля ўстала і ўзяла рыдлёўку.
Закопваць было лягчэй, і яна старанна закідала яму зямлёй, патапталася зверху. Рэшту зямлі з краёў выбрала рыдлёўкай і рассыпала неўпрыкмет наўкола. Затым прыбрала ўсё з камлёў, з куставін, абмяла, абтрэсла і абабрала пальцамі, каб і знаку не было ад таго, што тут нехта капаў. Крыху воддаль сабрала ў алешнічку ахапак чорнага лісця, прытрусіла тую мясціну, пасля адышлася далей па ўзроўку, назбірала яшчэ рудага, чорнага, вільготна-сапрэлага лісця, накідала на яміну, каб і зблізку не відаць было свежай зямлі. У дадатак схадзіла да старога схову, прывалакла трохі хворасту, раскідала сям-там. Быццам тут ніхто і не ступаў ніколі.
Абапіраючыся на рыдлёўку, яна ледзьве прывалаклася на свой падворак, дзе яе запытальна-ўважлівым позіркам сустрэў згаладнелы Рудзька, але цяпер яна не магла нават сказаць яму добрае слова. Толькі калі той паспрабаваў следам за ёй ускочыць у сені, яна спыніла яго — усё ж сабака павінен быць на падворку. Яна зашчапіла сенцы, прывалаклася да палка ў запеччы і лягла, як была ў хустцы і ватоўцы, — распранацца ў яе ўжо не засталося сілы.
Яна ляжала так у выстуджанай хаце, атупелая ад знямогі, прыслухоўваючыся да няпэўных далёкіх і блізкіх гукаў знадворку, і думала, што можа так здарыцца, што возьмуць яе, тады, канешне, усе яе намаганні будуць дашчэнту спляжаны. Але ж, можа, ёй яшчэ і пашчасціць. Галоўнае было зроблена, засталося менш. Хоць таксама яшчэ нялёгкае. Але каб хоць некалькі дзён волі, каб ёй пабачыцца з Віктарам, схадзіць у мястэчка, з сім-тым параіцца. Калі якая бяда, дык горнешся да людзей, бо хто ж яшчэ паможа табе, як не людзі? Людзі загубяць, але ж і памогуць людзі. Нават і ў такі страшны, кляты час, як вайна.
Паляжаўшы нямала часу, яна, аднак, трохі спачыла, рукі і ногі гудзелі, але прыйшло заспакаенне, — і стала сцюдзёна.
Яна ўжо некалькі дзён не паліла ў печы, у грубцы таксама, хата дашчэнту выстудзілася. Мусіць, трэба было прапаліць на ноч, а то да ранку заляскаеш тут зубамі. Ды і зварыць бульбіну. Есці таксама хацелася вельмі, а ў яе не было нават скарынкі хлеба.
Сцепаніда марудна апусціла ногі і злезла з палка. На дварэ ўжо вечарэла, але яшчэ было відно, у завуголлі гуў вецер, і голле ліп на падворку апантана матлялася, гнучыся пад няспынным ветраным напорам. У грубцы ляжалі накладзеныя пазаўчора дровы, трэба было толькі падпаліць іх. Сцепаніда ўзяла з загнеткі лучынку і сунула руку паміж печчу і сцяной — там яна хавала ад Петрака запалкі. Толькі яна дастала адтуль карабок, як на падворку дужа забрахаў Рудзька. У яе нядобра скаланулася сэрца, і з карабком у руках яна падскочыла да акна.
Рудзька скакаў па двары і апантана брахаў, аж захліпаўся, а па дарожцы з гасцінца да хутара хуткім крокам сігалі чацвёра мужыкоў з вінтоўкамі. Здалёку яна нібы пазнала кожнага з іх і сказала сабе: «Ну, усё!»
Як ні дзіўна было для яе самой, яна не дужа спалохалася і не пабегла нікуды, нібы чакала таго і разумела непазбежнасць менавіта такога канца. Напружаннем збянтэжанай памяці яна толькі прыкінула цяпер, што трэба зрабіць напаследак, і не ўспомніла нічога. А можа, яна ўсё ўжо зрабіла? Яна сунулася ад акна ў запечча, потым выбегла ў сенцы, мусіць, каб быць далей ад акон. Рудзька ўсё захлынаўся ў варотцах, і тады на дарожцы зводдаль бабахнуў першы іх стрэл. Рудзька прарэзліва заскавытаў і сціх — ці не назаўжды? Яна зразумела: цяпер чарга будзе за ёю.