Выбрать главу

Яна размашыста секла сечкай траву ў карытцы. У расчыненых дзвярах пры парозе было светлавата, сечка кідала ахрап'ем на ўтаптаны земляны дол, яе парэпаныя босыя ногі, і яна горка думала, што з Петраком у такі кляты час прападзеш напэўна. Галоўнае — у яго няма жаднай цвёрдасці, мужчынскай самавітасці, з кожным ён гатоў пагадзіцца, падтакнуць, хоць той брэша, не баючыся Бога. Быццам людская пакорнасць робіць іх дабрэйшымі. Хутчэй наадварот. Не дасі адразу адпор — неўзабаве ўзаб'юцца на карак і будуць ехаць, колькі каму захочацца. Яна змалку ведала гэтага высялкоўскага Гужа, які ў калектывізацыю некуды ўцёк ад раскулачвання, а цяпер во зноў паявіўся з вінтоўкаю ў руках, каб помсціць людзям за мінулае ды піць гарэлку. Але яна не забылася на сваю апошнюю з ім сустрэчу ў трыццатым годзе і век не даруе яе яму. Хай сабе ён і з вінтоўкай. Таксама як і таму Каландзёнку, якога гадамі ненавідзела вёска аж да самай вайны, калі ён пайшоў па першай мабілізацыі ў войска, ды во праз месяц вярнуўся, людзі казалі: немцы адпусцілі з лагера. І ён прыбрыў у мястэчка, схуднелы, у вайсковых трантах, з вошамі за каршэнню. Дык во цяпер ад'ядаецца на паліцэйскіх харчах.

Яны абодва з вінтоўкамі, улада іх над людзьмі вялікая, яны ўсё могуць. Але яна іх не баялася, бо не паважала іх. Болей таго — яна іх ненавідзела. Зрэшты, ёй не было да іх справы, у тым жыцці, якое абрынулася на свет, яна адчувала перавагу сваёй спрадвеку ўстаноўленай праўды і, пакуль у яе было тое адчуванне, магла смела глядзець кожнаму ў вочы.

Па двары, пад плотам і па бурачніку ў гародзе непрыкаяна дыбалі яе цыбатыя маладыя курачкі, нешта дзяўблі там. Несліся пакуль што тры старыя курыцы, якіх пільнавалася Сцепаніда, — здаўна ад яек быў увесь яе грашовы набытак, якая капейчына, заўжды патрэбная ў гаспадарцы. Сабраўшы са тры дзесяткі, яна несла яйкі ў мястэчка, мяняла на што патрэбнае ці прадавала местачкоўцам за грошы. Без курэй было неяк. Трэба б сыпануць ім якога зерня, падумала Сцепаніда, але яна спяшалася ў поле, і на курэй у яе ўжо не хапала часу. Таропка вынесла паўвядра мешанкі парсючку, расчыніла нізкія дзверцы застаронка, і той, пачуўшы гаспадыню, жвава заварушыўся ў саломе. Яна апусціла мешанку ў куток, пастаяла хвіліну, з любасцю пазіраючы, як парсючок заўзята зацмокаў у вядзерцы — аж затрэсліся вушы. Неўзабаве ён ужо ўлез туды пярэднімі нагамі і абярнуў яго, Сцепаніда ж папраўляць вядзерца не стала — ведала: і так выесць усё дачыста.

Але трэба было бегчы ў поле — у Бараннім Лозе, прывязаная да алешыны, пасвілася Бабоўка, нягожа было надоўга пакідаць яе без нагляду. Перш чым пабегчы з дому, яна ўскочыла ў хату ўхапіць якую скарынку — пажаваць сабе ды і пачаставаць кароўку. Пятрок, унурыўшыся, па-ранейшаму прыгнечана сядзеў за сталом і не азірнуўся на жонку.

— Пакармі курэй! — спакайней сказала яна. Як заўжды, выгаварыўшы ўсе крыўды, яна паспакайнела, і цяпер ёй стала нават шкада гэтага недалэгу Петрака, які злаваў яе, часам смяшыў, рэдка чым радаваў. Увогуле ён быў неблагі, нязлы чалавек, толькі дужа няспрытны і мала ўдачлівы ў жыцці.

Яшчэ ён быў на дзесяць гадоў старэй за яе і не дужа здаровы. Але ягоная хвароба ішла ад залішняга курэння, яна гэта ведала і цвярдзіла яму пра тое ледзьве не кожнага дня. Ды марна.

Сцежкаю цераз гарод Сцепаніда пабегла па ўзроўку ў Баранні Лог, а Пятрок пасядзеў яшчэ, трудна ўздыхнуў і ўстаў з-за стала. Зранку перапала выпіць гарэлкі, але не давялося яшчэ закурыць, і цяпер, застаўшыся адзін у хаце, ён нетаропка скруціў ладную, з палец, цыгарку. Каб прыкурыць, старанна перагарнуў учарашняе вуголле ў печы, пакуль знайшоў вугалёк з іскрынкай, раздзьмуў яго і ўрэшце з доўгачаканай асалодай зацягнуўся дымам. Толькі і было тае радасці, што закурыць, іншага задавальнення ў жыцці, мусіць, не засталося. Добра, што вясной насеяў у гародзе табакі, мультанаўкі, не паспадзяваўся на куплёную, — дзе цяпер возьмеш яе? Табака ж была хоць, можа, і горшая, чым махорка, але і не благая. Пятрок прывык да яе — лепшай яму і не хацелася.

Ён чуўся яшчэ п'янаватым, думкі яго былі ўшчэнт расшкуматаныя, і ён, думаючы пра жыццё, час ад часу ціха, бязгучна лаяўся. Прападзі яно ўсё пропадам! Дзе яшчэ тыя немцы, яшчэ немаведама, дабяруцца яны да яго Яхімоўшчыны ці не, а свае вось дабраліся. І хто? Родзіч Гуж. Ад гэтага, пэўна, свінчо не схаваеш, уведае і пра свінчо, і пра кароўку, і курэй, таксама як і пра ўсё іх ранейшае жыццё пры Саветах — тут ужо не затоішся. У яго цяпер улада, захоча — павядзе ў мястэчка, у паліцыю і павесіць на першым слупе — сапраўды размова ў іх кароткая. Дык што ж застаецца: прасіць? Але такі наўрад ці злітуецца. Пятрок заўважыў сёння, як нядобры драпежны бляск блукаў у Гужовых вачах, калі ён казаў пра Сцепаніду. Задобрыць хіба драбязой — яйкамі, салам, курай, — бо большага ў яго не было, але ці драбяза яго пройме? Найлепш, канешне, яго ўпаіць, але, адчуваў Пятрок, адным разам не шмат дагодзіш, а паіць яго заўсягды — дзе па тым часе ён возьме гарэлкі?