Выбрать главу

І тут неяк само сабою да яго прыйшло разуменне, што трэба гнаць самагон. Без самагону ў гэтым жыцці прападзеш.

Некалі, яшчэ да калгасаў, Пятрок зрабіў не дужа ўдалую спробу вырабу гэтага зелля, але тады ўсчалася вялікая строгасць з лёнам, усё, што было з валакна, паздавалі, і яшчэ было мала, прыехалі ўпаўнаважаныя з акругі, хадзілі і трэслі па дварах лахманы, раскідвалі салому ў пунях — шукалі льну-валакна. У яго ж валакна не знайшлі, але ў істопцы набрылі на самагонныя прычындалы — казан і галоўнае — ладны, з меднае трубкі змайстраваны змеявік, які і рэквізавалі. Пасля ён плаціў штраф, нацярпеўся сораму на сходах і пракляў на гады малашаноўную справу самагонаварэння. Але гэта было даўно. Мусіць, цяпер, калі ўсё ў жыцці перайначылася, перайначыліся і адносіны да самагонкі. Адчуваў, гарэлка становіцца ўстойлівай, ледзьве не адзіна рэальнай каштоўнасцю, без якой не абыдзешся. П'юшчы ці не, а трэба рабіць гарэлку.

Ён перайшоў цераз сені ў істопку, кашляючы, прысланіўся да ступы ў парозе. Як заўжды, у істопцы не выводзіўся прыцемак, поўны пастаянных і звыклых пахаў, якія так перамяшаліся між сабой, што іх ужо цяжка было адрозніць. Найбольш, аднак, патыхала старызнай, пылам, мышамі. Праз маленькае, на бервяно, акенца сюды прабівалася слабае святло хмурнага ранку, і ў ім Пятрок нетаропка агледзеў рад дашчаных засекаў пад глухой, без вокнаў, сцяной; пустыя цяпер, плеценыя з саломы, пузатыя карабы, у якія некалі ссыпалі збожжа, калі яно не мясцілася ў засеках. У куце туліліся нізкія старасвецкія жорны з тонкімі, сцёртымі ўжо камянямі, густа абсыпаныя шэрым мучным пылам. Тут пыліліся і Сцепанідзіна прасніца, калаўрот, святлеў асінавым бокам навейшы кубёлак з іржавымі абручамі, стаялі большай часткай пустыя кадкі; пры сцяне, састаўленыя парадкам, некалькі год чакалі свае справы Сцепанідзіны кросны з бёрдамі, нітамі і навоямі. На паліцы над імі цьмяна пабліскваў няроўны шэраг парожніх, запыленых бутэлек і важна мясцілася вялікая, аплеценая лазовым кошам суляя, да рыльца налітая газай. Побач ля акенца віселі пляцёнкі леташняй цыбулі, некалькі бярозавых венікаў, пучкі лекавай травы, што запасіла з лета жонка. Невялікая гэта істопка, запыленая і запавуціненая па кутках і пад столлю, была цесна забіта, застаўлена розным начыннем да самай каменкі-печкі ў зусім цёмным куце, але дзе тут валялася ягоная патрэба, Пятрок не мог згледзець. Ён абышоў істопку, зазірнуў у цёмныя яе нетры, папоркаўся пад жорнамі і ўрэшце выцягнуў адтуль стары счарнелы казан, якім ужо гадоў дзесяць не карысталіся ў гаспадарцы.

На большым святле ў сенцах ён лепей агледзеў яго. Мусіць, казан быў яшчэ не благі, нідзе не паржавеў, і калі пачысціць яго ад гразі, пацерці, пашараваць пясочкам, дык і згадзіцца. Трэба яшчэ які цэбар ці кадка, але цэбар можна ўзяць новы, у якім мыюць бульбу, бульба ж памыецца і ў чыгуне.

Горш вось, што не было змеевіка.

Пятрок сеў на ўслончык ля вёдзер і, пакашліваючы, пачаў думаць, дзе ўзяць змеявік. Раней па такую патрэбу ён бы падаўся ў мястэчка да Лейбы, што рабіў у кузні: каваў панарады, падкоўваў коней, адцягваў сякеры, насякаў сярпы бабам, мог залудзіць міску і направіць сапсуты замок.

Лейба быў чалавек майстравіты, ужо ён бы Петрака выручыў. Тым болей, у іх была нават дружба. Пятрок да яго ставіўся з павагай і звяртаўся ласкава Лейбачка, а той да яго — Пятруська. Здаецца, нават яны былі аднагодкі і ведалі адзін аднаго з хлапечай пары. Здаўна ўсю кавальскую справу рабіў яму Лейба; Пятрок жа ніколі не скупіўся на плату — грашамі, яйкамі, салам, часам збожжам — усім, што па тым часе было ў гаспадарцы. Калі ж заплаціць не было чым, Лейба мог зрабіць у доўг, «напавер», пачакаць месяц, паўгода, пакуль вырасце збожжа ці прыйдзе час рэзаць авечку. І ніколі ў іх з Петраком не было ўзаемных крыўд ці непаразуменняў. Лейба напэўна змайстраваў бы яму змеявік, ды кузня яго даўно перайшла калгасу, а сам каваль з'ехаў да родзічаў у Лепель. А цяпер дык невядома, ці там хто робіць, улетку кузня стаяла замкнёная.

За гасцінцам у Выселках быў яшчэ адзін чалавек, Карніла, таксама рукасты на ўсякія справы мужчына, ужо ён бы нешта прыдумаў ці знайшоў у сваіх запасах… Але ў Петрака з ім даўно не было дружбы, хутчэй наадварот, яны былі амаль ворагі і не віталіся. А ўсяму віной Сцепаніда, якая дзеўкай гуляла з гэтым Карнілам, ды пабралася з Петраком, — малады, ён быў хлопец спраўны і музыка, не тое што гэты ваўкаваты Карніла. Сапраўды, той быў дужа цяжкога характару, калі ўжо каго не панаравіць, дык будзе касавурыцца да скону дзён. Яшчэ быў ён скупы і скнарны, хоць жыў заўсёды няблага, рабіў не ў калгасе, а ў пажарнай у мястэчку і меў добрыя рукі: мог роўна наслаць падлогу, звязаць аконную раму ці нават змураваць печ. Не, да Карнілы яму не сунуцца, лепш папытаць пры выпадку яшчэ ў каго-небудзь на Выселках.