У небе з-за хмар прарэзаўся востры краёчак сонца і бліснуў на абшар знянацкім святлом. На якія паўхвіліны самотны восеньскі абсяг дужа змяніў свой выгляд, нібы заўсміхаўся насустрач жаданай сонечнай ласцы. Высветленыя ім, рэзка азначыліся на зямлі гумны, садкі і будынкі Слабадскіх Выселак, што даўжэзным радам выцягнуліся на задарожным пагорку, воддаль засінеў хвойны лес, а бліжэй і правей лёгенька зазелянеў малады гушчар хвойнічку, роўна прарэзаны паскам гасцінца. Збоч ад яго і вышэй на шэрай сукніне поля азначылася несамавітая хутарская сядзіба, яе Яхімоўшчына, з парадзелым голлем садка, парканам пад ліпамі і калодзежным дашкам над ім. Сцепаніда прыгледзелася пільней, стараючыся ўбачыць там дзе Петрака, каб дазнацца, што робіць стары. Выганяючы ранкам карову, наказвала яму што-колечы зрабіць каля дома і не забыцца натаўчы ў ступе круп — назаўтра мелася варыць крупнік. Петрака, аднак, не было відаць, ды і сонца сышло за хмары, абшар спахмурнеў, не ўгледзець было, што там, на падворку, ёсць дзе Пятрок ці не.
Сцепаніда злезла з адхону (чаго ж тырчэць без патрэбы) і памалу пайшла за каровай.
Яна далекавата адышлася ад каменя, ужо недалёка быў хмызняковы ўзлесак, як пачула чалавечы голас па той бок дарогі. Тады яна ўзняла галаву, услухалася, і трывога яе мінулася, як толькі згледзела на дарожнай насыпцы знаёмага рудога сабачку. Той узбег на абочыну, спыніўся, таксама пазнаў яе і борздзенька заматляў хвастом. Адтуль, з-за дарогі, данёсся новы гартанны ўскрык, невыразны, здушаны, і яна ўжо ведала, што гэта Янка Ганчарык, нямы пастушок з Выселак, мабыць, прыгнаў свой невялічкі статак і пасе па той бок дарогі, як яна сваю Бабоўку — па гэты.
І праўда, услед за сабачкам на насыпцы з'явіўся даўганогі падлетак у зашмальцаванай, з чужога пляча кашулі і з пугаю ў руках. Сцепаніда нярэдка сустракала яго на гэтым прыдарожжы ці ў расцяробах, у лесе ўсё з тымі ж чатырма каровамі, і заўжды ён прымушаў жалем сціскацца яе сэрца — такі быў недагледжаны, занядбалы, у падцятых вяроўчынай, суконных портках, з якіх тырчэлі яго доўгія пасівераныя лыткі. Заўжды ён з трывожнай недаўменнасцю ўзіраўся ў яе твар, быццам хацеў і не мог зразумець штосьці, сіліўся нешта сказаць на сваёй мове рук і рэзкіх гартанных гукаў, якія часам палохалі яе сваёй нечаканасцю. Часам яна хацела нешта сказаць яму, ён адказваў усё тымі ж гартаннымі ўскрыкамі, і яна ніколі не ведала: ці ён зразумеў што, ці не. Але хлеб ці якую скварчыну, якую яна даставала з кішэні, браў адразу ж і, прымасціўшыся на мяжы ці на камені, з'ядаў усё да крошкі. Падобна было на тое, што небарака часцяком быў галодны. Ведама, жыў не ў роднай маці, а ў дальняй радні, якой трэцяе лета запар пасвіў жывёлу за сякі-такі харч і прытулак пад дахам.
Пастушок між тым азірнуў з дарогі свой невялічкі статак, ляснуў у паветры пугай і, падышоўшы бліжэй, моўчкі сеў на ўскрайку дарогі. Яго парэпаныя, абсаджаныя болькамі ногі ледзьве не да калень вылезлі з палапленых портак, рукі ён зябка сашчапіў на грудзях і аблёгся грудзьмі на калені.
— Ы-ы, а-а! — сіліўся ён нешта сказаць. — А-э-э!
Хто ведае, што з'явілася ў гэтай яго нячэсанай галаве пад картовай, са зламаным казырком кепкай ці ў яго наіўна расшыраных светлых вачах — якія там мроіліся думкі-намеры? Сцепаніда яму часам падкідвала на якую гадзіну-другую Бабоўку, калі здаралася такая патрэба. Яначка быў рупны і заўжды безадмоўны хлопец, і яна, вяртаючыся да каровы, кожнага разу старалася прыхапіць яму які-небудзь гасцінец — аладку, скварку, жменю гароху ці хоць спялейшы яблык з сука.
— Сцюдзёна, Яначка? Што ж ты якую надзёўку не апрануў? — сказала яна, пазіраючы на яго ўгору.
— А-а, э-э! — нешта памкнуўся ён вымавіць і махнуў рукой.
— Такі вецер, прадзьме — і захварэеш, — паляпала яна сябе па грудзях. — Ідзі апранашку якую вазьмі.
Янка нібы зразумеў штось і ўскочыў з дарогі, клопатна азірнуўся на свой недалёкі статак з чатырох кароў.
— А-а-а! У-э-э-а!
— Ідзі, ідзі! — сказала яна. — Я пагляджу. Я пагляджу! — і паказала на ягоных кароў і сваю Бабоўку.
Дзіва, але ён зразумеў — лёгка, нібы пачуў. Збегшы з дарогі, завярнуў першую чорную карову і бегма прыпусціў гасцінцам да сасоннічку, ля якога была паваротка на Выселкі. Сабачка спярша борздзенька скіраваў за падлеткам, але, нібы зразумеў свой абавязак, вярнуўся і сеў на ўзбочыне, непадалёк ад Сцепаніды.
— Рудзька, сюды! — паклікала яна, ды Рудзька толькі стрыгнуў вушамі — ён ужо дбайна азіраў статак, які памалу варушыўся ў канаве і на адхоне. Гэта быў хітраваты псяюга, не глядзі, што малы, а калі не бачыць у руках кавалка, дык дарма да чалавека не пойдзе.