Выбрать главу

Пад ранак ён усё ж задрамаў ненадоўга і прачнуўся, пачуўшы тупат Сцепаніды па хаце. Бралася на зачын дня, шарэлі запатнелыя вокны. Сцепаніда, апранутая ў ватоўку, адхінула занавеску ля ложка.

— Ты ж капец хоць скончы. А то без бульбы застанемся. І парсючка накармі! Ну, я пагнала…

Яна выйшла на двор, і неўзабаве пачулася шамаценне травы ля істопкі, пасля важкі тупат каровіных капытоў на падворку. Відаць, пагнала Бабоўку пад лес, у Баранні Лог, ведама, там далей ад гасцінца, спакайней.

Пятрок пачаў неахвотна ўставаць, звесіў з ложка босыя ногі, пасядзеў так, думаючы, закурыць цяпер ці спярша надзець порткі — курыць дужа карцела з начы. У хаце было, аднак, свежавата, Сцепаніда сёння не паліла ў печы — спяшалася чым раней вывесці на пашу Бабоўку, цяпер яму да палудня гаспадарыць у адзіноце. У адзіноце, аднак, было і не блага, можна было не спяшацца — распачаты ў канцы гарода капец бульбы, мабыць, пачакае, надвор'е стаяла цёплае, воглае — не падобна, каб раптам павярнула на прымаразкі. Нацягнуўшы нагавіцы, Пятрок сунуў ногі ў апоркі, накінуў кажушок на плечы і перш дастаў з-за коміна пару лістоў самасейкі — узяўся крышыць на ражку стала. Гэта была самая мілая яго работа — рыхтаваць табаку на дзень, востры кончык нажа лёгка кроіў падсушаны зжоўклы ліст, прыемны пах казытаў у носе, і Пятрок у прадчуванні курцоўскай асалоды з кароткаю жвавасцю зірнуў у акно.

Не, на паваротцы ад гасцінца было пуста, нікога не было відаць, а вось за вішаннікам, у баку па дарозе ад Выселак, штось варушылася, нехта ішоў. З нажом у руцэ Пятрок устаў з лаўкі, зазірнуў вышэй — праз запатнелае шкло сталі відаць дзве постаці, што хуткім крокам набліжаліся да хутарской павароткі.

Ён пастаяў, узіраючыся, і раптам пэўная здагадка выразна падказала яму, што гэта ж высялкоўскія паліцаі. Так, гэта былі Гуж з Каландзёнкам. У гэтай новай ролі ён бачыў іх першы раз, але ўжо чуў ад людзей, як яны сноўдалі па Выселках, у мястэчку, часам наведваліся ў суседнія хутары і вёскі — усталёўвалі новую ўладу. Цяпер яны ішлі сюды — мажны, крутаплечы Гуж і перахлябісты малады Каландзёнак — абодва з вінтоўкамі за плячыма, з белымі павязкамі на рукавах. Яны ўжо набліжаліся да павароткі, і ў Петрака затрымцела слабенькая надзея, што, можа, прамінуць Яхімоўшчыну, пойдуць далей па гасцінцы. Але, мусіць, не. Паліцаі абышлі лужыну на завароце і скіравалі на вузенькую, парослую дробнай травой дарожку да хутара.

Цяпер усё стала панятна, Пятрок борздзенька надзеў кажушок у рукавы, адчыніў дзверы ў сенцы. Пасля, не ведаючы, што рабіць, але прадчуваючы кепскае, старанна зачыніў іх за сабой і праз акно ля парога пачаў сачыць за прахожымі. Па меры таго, як яны набліжаліся, ён, аднак, спакайнеў. Ды і чаго ўвогуле было баяцца, ніякай віны за сабой ён не чуў, а Гуж дык нават быў яму нейкай раднёй па дзеду — калісь, яшчэ да калгасаў, на кірмашы ў мястэчку выпівалі ў кампаніі. Але ад пачатку калектывізацыі Пятрок з ім не бачыўся. І век бы яму з ім не бачыцца.

Паліцаі тым часам мінулі вароты, нетаропка падышлі да калодзежа; зыркія ўчэпістыя вочы Гужа на тоўстым ад'едзеным твары матлянуліся па падворку і спыніліся на дзвярах — мусіць, трэба было адзывацца. Ды надта ўжо не хацелася. Пятрок выйшаў у сенцы і няпэўна знерухомеў ля вёдзер з вадой на лаўцы. Толькі калі чужая рука забразгала знадворку клямкай, ён адчыніў дзверы.

— А-а, во дзе ён хаваецца, — напаўжартам прагудзеў Гуж і, угнуўшы галаву ў картузе, пераступіў парог. — А я гэта гляджу, няма ля будынкаў. Дзень добры!

— Дзень добры, — запалым голасам адказаў Пятрок. — Дык гэта… Чакаю.

— Каго чакаеш? Гасцей, ага? Ну, гэта добра, страчай во!

— Ага, заходзьце ж, — змушана падхапіўся Пятрок і шырэй расчыніў дзверы ў хату. Шорхаючы скураной паддзёўкай, Гуж з вінтоўкаю ў руках ступіў у хату, за ім, тонка падпяразаны дзягай па чырвонаармейскім шынялі, сунуўся падгалы Каландзёнак. Пятрок прычыніў дзверы, трохі пасунуў ля стала ўслон. Але госці не селі. Каландзёнак адразу выцягся ля парога, нібы на варце, Гуж нетаропка пратупаў да стала і назад, зазірнуў па чарзе ў вокны.