Містэр Шолта замоўк і, седзячы на шыкоўнай канапе, працягваў пацепвацца. Мы таксама маўчалі, задумаўшыся над новым паваротам гэтай неверагоднай гісторыі. Першым ускочыў на ногі Холмс.
– Вы ўсё зрабілі правільна, сэр, ад пачатку да канца, – сказаў ён. – Мы, магчыма, зможам вам аддзячыць, праліўшы трохі святла на ўсё, што здаецца вам поўнай цемраддзю. Але, як нам нядаўна нагадала міс Морстэн, ужо звечарэла, а таму давайце неадкладна возьмемся за справу.
Наш новы знаёмец акуратна скруціў трубку ад кальяна і выцягнуў з-за гардзіны вельмі доўгае паліто, упрыгожанае тасьмой, з каракулевым каўняром і закаўрашамі. Нягледзячы на тое, што вечар быў задушлівы, містэр Шолта зашпіліўся на ўсе гузікі і завяршыў зборы, начапіўшы вушанку з трусінага футра, якая хавала яго вушы так, што быў відаць толькі рухавы і востры твар.
– Здароўе ў мяне слабаватае, – зазначыў ён, ідучы калідорам. – Адсюль і іпахондрыя.
Звонку нас чакаў кэб. План дзеянняў фурман, відавочна, атрымаў загадзя, бо коні адразу ж рушылі хуткім крокам. Тадэвуш Шолта ўвесь час балбатаў, спрабуючы перакрычаць грукат колаў.
– Барталам’ю – хлопец разумны, – казаў ён. – Вам цікава, як ён знайшоў скарб? Дык вось, ён прыйшоў да высновы, што каштоўнасці захоўваюцца дзесьці ў доме, а таму старанна агледзеў кожны метр нашага жытла і перамераў усе пакоі, не пакінуўшы без увагі ні цалі. Так, напрыклад, ён вызначыў, што вышыня будынка складае семдзесят чатыры футы, але калі скласці вышыні пакояў і накінуць таўшчыню перакрыццяў, вылічаных з дапамогай прасвідраваных адтулінаў, агульная вышыня аказваецца не большай за семдзесят футаў. Куды падзеліся яшчэ чатыры? Шукаць іх трэба было дзесьці наверсе. Тады брат прабіў дзірку ў столі апошняга паверха і там, як і варта было чакаць, знайшоў патаемнае гарышча, замураванае і нікому не вядомае. Усярэдзіне на дзвюх бэльках стаяў куфар са скарбам. Брат выцягнуў яго праз дзірку – цяпер куфар з каштоўнасцямі ў яго. Паводле яго ацэнак, іх кошт – не менш за паўмільёна стэрлінгаў.
Пачуўшы пра такую гіганцкую суму, мы паглядзелі адно на аднаго шырока раскрытымі вачыма. Калі мы здолеем абараніць правы міс Морстэн, з беднае гувернанткі яна ператворыцца ў адну з найбагацейшых спадчынніц Англіі. Добры яе сябар павінен быў бы ўзрадавацца, пачуўшы такую навіну, але да свайго сораму мушу прызнацца, што маё сэрца – сэрца сапраўднага эгаіста – зрабілася нібы свінцовае. Заікаючыся, я прамармытаў некалькі няўцямных словаў віншавання, панура павесіў галаву і апусціў вочы, не чуючы балбатні нашага новага знаёмца. Ён і праўда быў іпахондрыкам, і я быццам праз сон чуў пералічэнні бясконцых сімптомаў і просьбы патлумачыць яму склад і дзеянне цэлага шэрагу шарлатанскіх пігулак, многія з якіх ён меў пры сабе ў кішэні ў скураным мяшэчку. Спадзяюся, ён забыўся пра ўсе адказы, якія я даў яму тым вечарам. Холмс сцвярджае, што я настойліва раіў містэру Шолта не прымаць больш за дзве кроплі касторавага алею за раз, і рэкамендаваў вялікія дозы стрыхніну* ў якасці супакаяльнага сродку. Я адчуў вялізную палёгку, калі наш кэб рэзка спыніўся і фурман саскочыў на зямлю, каб адчыніць нам дзверы.
– Вось, міс Морстэн, і Пандычэры-Лодж, – сказаў містэр Тадэвуш Шолта, дапамагаючы ёй выйсці з экіпажа.
Раздзел 5. Трагедыя ў Пандычэры-Лодж
Каля адзінаццаці гадзінаў нашая начная прыгода наблізілася да фінальнага этапу. Вогкі туман вялікага горада застаўся ззаду, ноч была вельмі прыемнай. З захаду дзьмуў цёплы ветрык, і па небе марудна праплывалі цяжкія хмары, з прасветаў паміж якімі час ад часу вызіраў месяц. Было досыць светла, і наваколле някепска праглядалася, але Тадэвуш Шолта зняў адзін з бакавых ліхтароў, каб лепей асвятліць нам дарогу.
Асабняк Пандычэры-Лодж хаваўся ў садзе за высокім каменным мурам, абароненым зверху бітым шклом. Трапіць да дома можна было толькі праз самотныя вузкія дзверы, абабітыя жалезам. Менавіта ў іх і пагрукаў наш праваднік – так, як грукаюць звычайна паштальёны.
– Хто там? – спытаў з-за дзвярэй сярдзіты голас.
– Гэта я, Мак-Мурда. Маглі б мой стукат ужо і запомніць.
З-за мура пачулася бурчанне, а потым ляскат і скрыгатанне ключа. Дзверы з цяжкасцю расчыніліся, і на парозе паказаўся нізкі чалавек з шырачэзнымі грудзьмі. Жоўтыя ліхтары асвятлялі яго твар і вочы, што з недаверам зыркалі на нас.