– Містэр Тадэвуш, гэта вы? І хто гэта з вамі? Гаспадар нічога мне пра іх не загадваў.
– Хіба не, Мак-Мурда? Вы мяне дзівіце. Учора вечарам я казаў брату, што прывяду сяброў.
– Ён сёння цэлы дзень не выходзіўшы з пакоя, містэр Тадэвуш, і ніякіх загадаў мне не было. Вы ж ведаеце, я мушу выконваць яго правілы. Вас-та я пушчу, але сябры вашыя мусяць застацца там, дзе стаяць.
Гэта была нечаканая перашкода. Тадэвуш Шолта збянтэжана і бездапаможна глядзеў на вартаўніка.
– Як гэта кепска з вашага боку, Мак-Мурда! – усклікнуў ён. – Я адказваю за іх, і вам мусіць гэтага хапіць. Да таго ж сярод іх маладая лэдзі. Яна не можа чакаць у такі час на гасцінцы.
– Мне вельмі шкада, містэр Шолта, – непахісна адказаў вартаўнік пры браме. – Гэтыя людзі могуць быць вашымі сябрамі, але не сябрамі гаспадара. Ён добра плаціць мне, каб я выконваў свае абавязкі, і я іх выконваю. Ніводнага з вашых сяброў я не ведаю.
– Думаю, ведаеш, Мак-Мурда, – сардэчна сказаў Шэрлак Холмс. – Сумняваюся, што ты мог мяне забыць. Помніш таго аматара, з якім ты біўся тры раўнды на рынгу Элісана ў вечар свайго бенефісу чатыры гады таму?
– Няўжо гэта містэр Шэрлак Холмс?! – закрычаў былы баксёр. – Дальбог ён! Як я магу вас забыць?! Калі б вы не маўчаўшы як рыба, а падышоўшы б да мяне і зрабіўшы гэты ваш сустрэчны ў сківіцу, я без пытанняў бы вас пазнаў. Эх, растрачваеце вы свае таленты на розную драбязу! А маглі б далёка пайсці, калі б заняліся боксам сур’ёзна.
– Бачыце, Ўотсан, калі на сваёй ніве я пацярплю паразу, то змагу выкарыстаць здольнасці ў іншай сферы, – са смехам сказаў Холмс. – Але я ўпэўнены, што наш сябар не пакіне нас цяпер на холадзе.
– Уваходзьце, сэр, уваходзьце разам з сябрамі, – адказаў вартаўнік. – Выбачайце, містэр Тадэвуш, але правілы надта жорсткія. Мушу быць упэўненым у вашых сябрах, перш чым дазволю ім увайсці.
Жвіровая сцежка вілася праз закінуты парк ад брамы да вялізнага масіўнага дома, прастакутнага і празаічнага, амаль цалкам ахінутага цемрай. Толькі месячны прамень асвятляў адзін яго рог і адлюстроўваўся ў акне гарышча. Гледзячы на гэты аграмадны будынак, ахутаны змрокам і смяротнай цішынёй, нельга было не скалануцца. Здавалася, што нават Тадэвушу Шолта не па сабе – ліхтар дрыжаў і бразгатаў у яго руцэ.
– Нічога не разумею, – мармытаў ён. – Гэта, пэўна, нейкая памылка. Я дакладна казаў Барталам’ю пра наш прыход, але ў яго акне няма святла. Не ведаю, што і думаць.
– Ён заўсёды так старанна ахоўвае свае ўладанні? – спытаў Холмс.
– Так, ён цалкам пераняў звычкі нашага бацькі. Любімы сын… ну, вы самі разумееце. Часам мне здаецца, што бацька мог расказаць яму больш, чым расказваў мне. Бачыце акно Барталам’ю – вунь там, у месяцавым святле? Яно досыць яркае, але лямпа, здаецца, не гарыць.
– Так, не гарыць, – пацвердзіў Холмс. – Але я, здаецца, бачу святло ў маленькім акенцы ля ўваходу.
– А, гэта пакой ахмістрыні. Мабыць, там сядзіць старая місіс Бэрнстан. Яна ўсё нам і патлумачыць. Вы не супраць пачакаць тут адну-дзве хвілінкі? Бо калі мы ўвойдзем разам, а брат ёй таксама нічога не сказаў, яна можа спалохацца. Але цішэй! Што гэта такое?
Ён дрыготкай рукой падняў ліхтар, і вакол нас замільгалі і закалыхаліся плямы святла. Міс Морстэн схапіла мяне за руку, і мы застылі перад дзвярыма, напружыўшы слых. Сэрцы нашыя моцна забіліся. У начной цішыні з вялізнага чорнага дома чуліся самыя журботныя і скрушныя гукі – пранізлівыя, перарывістыя хліпанні спалоханай жанчыны.
– Гэта місіс Бэрнстан, – сказаў Шолта. – Іншых жанчын у доме няма. Чакайце тут, праз хвілінку вярнуся.
Ён паспяшаўся да дзвярэй і пагрукаў у іх сваім своеасаблівым чынам. Мы ўбачылі, як яго пусціла старая высокая жанчына і як яе ўзрадаваў яго прыход.
– Ох, гэта вы, містэр Тадэвуш! Я так радая, што вы прыйшлі, сэр! Як добра, як цудоўна, што вы прыйшлі, містэр Тадэвуш!
Мы чулі яе радасныя воклічы, пакуль дзверы не зачыніліся і яе голас не сціх у глыбіні дома.
Наш праваднік пакінуў нам ліхтар. Холмс павольна павёў ім у розныя бакі, пільна ўглядаючыся ў дом і ў вялікія купы зямлі, якімі быў завалены двор. Я стаяў побач з міс Морстэн, трымаючы яе за руку. Каханне – дзівосная, няўлоўная рэч: вось мы стаім тут удваіх, мы, якія да сённяшняга дня ніколі адно аднаго не бачылі, не абмяняліся ніводным словам ці захопленым поглядам – і тым не менш у хвіліну трывогі нашыя рукі несвядома цягнуцца адна да адной. Пазней мяне гэта моцна здзіўляла, але ў той момант нічога больш натуральнага быць не магло, і яна таксама казала мне потым, што інтуітыўна пацягнулася да мяне ў пошуку суцяшэння і абароны. Так мы і стаялі, рука ў руцэ, як двое дзяцей, і ў сэрцах нашых запанаваў мір, нягледзячы на тое, што нас атачала страшная цемрадзь.