– Што за дзіўнае месца! – сказала яна, азіраючыся.
– Выглядае на тое, што тут сабраліся ўсе краты Англіі. Мне даводзілася бачыць штосьці такое пад Баларатам* на ўзгорку, дзе папрацавалі золаташукальнікі.
– Тут у нас тое самае, – зазначыў Холмс. – Гэта сляды шукальнікаў скарбу. Не забывайце, што яго шукалі шэсць гадоў. Нядзіўна, што парк выглядае як жвіровы кар’ер.
У гэты момант дзверы дома расчыніліся, і адтуль з выцягнутымі да нас рукамі вылецеў Тадэвуш Шолта. У яго вачах чытаўся страх.
– З Барталам’ю здарылася штосьці кепскае! – закрычаў ён. – Які жах! Мае нервы не вытрымліваюць!
Ён і праўда ледзь не плакаў ад вусцішы, і на яго нервовым бязвольным твары, што віднеўся з-пад вялікага каракулевага каўняра, застыў бездапаможны і ўмольны выраз напужанага дзіцяці.
– Хадзем у дом! – рашуча і сурова прамовіў Холмс.
– Так, хадзем! – пачаў маліць Тадэвуш Шолта. – Я, праўда, не ўпэўнены, ці змагу вас туды правесці.
Мы прайшлі за ім у пакой ахмістрыні, што месціўся з левага боку калідора. У ім хадзіла туды-сюды перапалоханая старая жанчына, трывожна і сутаргава перабіраючы пальцамі. Убачыўшы міс Морстэн, яна трошкі супакоілася.
– Хай блаславіць Бог ваш чароўны, мірны тварык! – усклікнула яна з істэрычным усхліпваннем. – Ад аднаго позірку на вас мне робіцца лягчэй. Ох, які гэта быў пакутлівы дзень!
Нашая спадарожніца пагладзіла яе тонкую навярэджаную руку і прашаптала некалькі словаў сардэчнай падтрымкі, якія вярнулі румянец на бяскроўныя шчокі ахмістрыні.
– Гаспадар замкнуўся ў пакоі і не адказвае, – патлумачыла тая. – Я цэлы дзень яго не чапала, бо звычайна ён любіць бываць на самоце. Але гадзіну таму пачала хвалявацца, што здарылася нешта кепскае, паднялася да яго і зірнула праз замочную шчылінку. Вы мусіце падняцца туды, містэр Тадэвуш, вы мусіце падняцца і ўбачыць усё на ўласныя вочы. Я жыву ў гэтым доме дзесяць гадоў і бачыла містэра Барталам’ю Шолта ў бядзе і радасці, але ніколі не бачыла ў яго такога твару, як цяпер.
Шэрлак Холмс узяў лямпу і пайшоў наперадзе, бо ў Тадэвуша Шолта зубы ляскалі ад страху. Ён так усхваляваўся, што ў яго падгіналіся калені, і, падымаючыся па лесвіцы, мне давялося ўзяць яго пад руку. Двойчы падчас нашай дарогі наверх Холмс выцягваў з кішэні лупу і ўважліва разглядаў на какосавай цыноўцы, што выконвала ролю дывана для лесвіцы, нейкія бясформенныя плямы, што падаліся мне не больш як пылам. Мой сябар марудна пераступаў з адной прыступкі на другую, трымаючы лямпу як мага ніжэй, і бегаў пранізлівымі вачыма па баках. Міс Морстэн засталася ўнізе з перапалоханай ахмістрыняй.
Трэці лесвічны пралёт заканчваўся прамым, даволі доўгім калідорам, на правым баку якога вісеў цудоўны індыйскі габелен, а з левага размяшчалася трое дзвярэй. Холмс марудна прайшоў наперад, метадычна вывучаючы ўсё навокал, мы ішлі адразу за ім, а за намі па калідоры рухаліся нашыя доўгія чорныя цені. Нам былі патрэбныя трэція дзверы. Холмс пагрукаў, але адказу не атрымаў, пасля паспрабаваў павярнуць ручку і адчыніць іх сілай. Але паднёсшы лямпу бліжэй, мы зразумелі, што яны замкнутыя знутры на замок з шырокім і трывалым языком. Ключ, аднак, павярнулі, і шчылінка была закрытая не да канца. Шэрлак Холмс нахіліўся да яе і, рэзка ўцягнуўшы паветра, тут жа выпрастаўся.
– У гэтым ёсць штосьці д’ябальскае, Ўотсан, – сказаў ён, уражаны больш, чым калісьці яшчэ. – Што вы пра гэта думаеце?
Я зазірнуў у шчылінку і з жахам адхіснуўся. Месяцавае святло струменіла праз вокны ў пакой, надзвычай яркае – і ў той жа час цьмянае і зменлівае. У паветры нібыта вісеў твар і глядзеў мне проста ў вочы, а ўсё астатняе хавалася ў цемры. Гэта быў твар нашага спадарожніка, Тадэвуша. Тая ж высокая бліскучая лысіна, вакол яе – тая ж махра рудых валасоў, тое самае бяскроўнае аблічча. Аднак рысы гэтага твару застылі ў вусцішнай усмешцы, нерухомай і ненатуральнай ухмылцы, якая ў маўклівым пакоі, залітым месячным святлом, выклікала дрыжыкі больш, чым любы гнеўны ці пакутлівы выраз. Твар гэты быў так падобны да твару нашага нізенькага сябра, што я мімаволі азірнуўся на яго, каб упэўніцца, што ён нікуды не знік. І толькі потым успомніў, што Тадэвуш і Барталам’ю – блізняты.
– Якая жудасць! – сказаў я Холмсу. – Што ж рабіць?
– Выбіваць дзверы, – сказаў той і кінуўся на іх, спрабуючы ўсёй вагой выламіць замок.
Дзверы зарыпелі і застагналі, але не паддаліся. Тады мы разам абрынуліся на іх, і з нечаканым трэскам яны ўрэшце расчыніліся. Мы трапілі ў пакой Барталам’ю Шолта.