Памяшканне было абсталяванае пад хімічную лабараторыю. На паліцы насупраць уваходу месціліся два шэрагі закаркаваных бутэлечак, а стол быў застаўлены бунзенавымі гарэлкамі*, прабіркамі і рэтортамі. У кутах стаялі ў лазовых кашах бутлі з кіслатой. Адна з іх, здавалася, падцякала ці трэснула, бо з яе прасочвалася нейкая цёмная вадкасць, а паветра ацяжэла ад з’едлівага дзёгцевага паху. Збоку стаялі драбіны, падлога вакол якіх была засыпаная тынкоўкай і драніцай. Над імі на столі зеўраў пралом – досыць вялікі для таго, каб у яго мог пралезці чалавек. Ля драбінак валяўся маток вяроўкі.
На драўляным крэсле каля стала аселай грудай узвышаўся гаспадар дома. Галава яго схілілася да левага пляча, а на твары застыла тая самая неспасцігальная вусцішная ўсмешка. Цела было нягнуткім і халодным – Барталам’ю, відаць, памёр шмат гадзінаў таму. Мне падалося, што не толькі рысы яго твару, але і ўсе канцавіны скрывіліся і неяк дзіўна застылі. Ля яго рукі на стале ляжала дзіўная прылада – карычневая палка з дробназярністай драўніны, да аднаго канца якой грубай вяроўкай быў неахайна прывязаны каменны наканечнік, падобны да малатка. Побач ляжаў выдраны з нататніка аркуш, на якім былі накрэмзаныя некалькі словаў. Холмс зірнуў на цыдулку і перадаў яе мне.
– Глядзіце! – сказаў ён, шматзначна падымаючы бровы.
У святле ліхтара я з трымценнем прачытаў надпіс: «Знак чатырох».
– Што гэта, дзеля ўсяго святога, значыць?! – усклікнуў я.
– Гэта значыць забойства, – адказаў ён, нахіляючыся над мерцвяком. – Эх, гэтага я і чакаў. Зірніце!
Ён паказаў на нешта накшталт доўгай цёмнай калючкі, усаджанай у скуру над самым вухам.
– Выглядае як калючка, – зазначыў я.
– Гэта і ёсць калючка. Можаце яе дастаць. Але асцярожна – яна атручаная.
Я выцягнуў калючку двума пальцамі. Яна з лёгкасцю выслізнула са скуры, не пакінуўшы амаль ніякага следу – усяго толькі маленечкую плямку крыві на месцы ўколу.
– Усё гэта здаецца мне проста невытлумачальнай таямніцай, – прызнаўся я. – Цемра згушчаецца, і няма ніякага намёку на святло.
– Наадварот, – сказаў Холмс, – з кожнай хвілінай святла робіцца ўсё больш. Мне не хапае толькі некалькіх дэталяў, каб скласці цэльную карціну.
Зайшоўшы ў пакой, мы зусім забылі пра нашага сённяшняга знаёмца. Ён усё яшчэ стаяў ля парога з тым самым выразам страху на твары, заломваючы рукі і жалячыся сам сабе. Аднак раптам ён выбухнуў пранізлівым, адчайным крыкам:
– Скарб знік! Яны скралі ў яго скарб! Вось і дзірка, праз якую мы дасталі каштоўнасці. Я дапамагаў іх даставаць! І я апошні, хто бачыў яго жывым! Я пакінуў яго мінулай ноччу і, калі спускаўся па лесвіцы, чуў, што ён замкнуўся.
– А якой гадзіне гэта здарылася?
– Каля дзесяці. І вось цяпер ён мёртвы, і сюды выклічуць паліцыю, і яна западозрыць, што я прыклаў да гэтага забойства руку. Так-так, я ўпэўнены, што западозрыць. Але ж вы так не думаеце, джэнтльмены? Дакладна не думаеце, што яго забіў я? Няўжо я прывёў бы вас сюды, калі б быў забойцам? О Божа! Божа-Божа мой! Ды я проста звар’яцею!
Ён канвульсіўна трос рукамі і тупаў нагамі, нібы ў шалёным прыпадку.
– Вам няма чаго баяцца, містэр Шолта, – спагадліва сказаў Холмс, кладучы руку на плячо нашага знаёмца. – Вось вам мая парада: імчыце ў паліцыю і паведаміце ім пра ўсё, што тут адбылося. Прапануйце ім сваю дапамогу. А мы пачакаем тут.
Усё яшчэ разгублены, Тадэвуш Шолта падпарадкаваўся, і мы пачулі ў цемры, як ён няўпэўнена спускаецца па прыступках.
Раздзел 6. Шэрлак Холмс дэманструе свае здольнасці
– Цяпер, Ўотсан, – сказаў Холмс, – у нас ёсць паўгадзіны. Давайце выкарыстаем іх напоўніцу. Як я ўжо казаў, маё расследаванне амаль скончанае, але такая ўпэўненасць не павінная ўводзіць у зман. Пакуль справа здаецца вельмі простай, але яна можа выявіцца нашмат глыбейшай.
– Простай?! – выдыхнуў я.
– Менавіта, – адказаў ён тонам суровага прафесара, што звяртаецца да студэнтаў. – Пасядзіце ў тым куце, каб вашыя сляды не ўскладнілі мне расследаванне. А цяпер за працу! Па-першае, як гэтыя людзі трапілі сюды і як потым выбраліся? Дзверы з мінулае ночы не адчыняліся. Як наконт акна? – ён паднёс да шыбы лямпу, разважаючы ўголас, але адрасуючы свае разважанні хутчэй сабе самому, чым мне. – Акно зачыненае з сярэдзіны. Рама трывалая. Збоку ніякіх завесаў. Цяпер адчынім яго. Вадасцёку побач не бачна. Дах адсюль недасягальны. І тым не менш госць забраўся праз акно. Мінулай ноччу трохі дажджыла. Вось на падаконні адбітак падэшвы, а вось круглая пляма бруду, і яшчэ адна па падлозе, і вось яшчэ на стале. Глядзіце, Ўотсан! Ну проста разгорнутая кніга!
Я зірнуў на выразныя колцы бруду.