Ён выцягнуў лупу і мерную стужку і, апусціўшыся на калені і амаль уткнуўшыся доўгім тонкім носам у дошкі, пачаў вымяраць пакой і параўноўваць вынікі. Яго птушыныя, глыбока пасаджаныя вочы блішчэлі, а рухі былі імклівыя, бясшумныя і асцярожныя, нібыта ў сабакі-знайды, што ўзяў след, і я не мог не задумацца, якім страшэнным злачынцам зрабіўся б ён, калі б скіраваў сваю энергію і праніклівасць супраць справядлівасці, а не ў яе абарону. Вывучаючы абстаноўку, ён штосьці мармытаў сабе пад нос і ўрэшце задаволена ўсклікнуў:
– Сёння нам надзвычай шанцуе! Думаю, праблемаў з гэтай справай не будзе. Першы злачынца меў няшчасце ступіць у крэазот*. Бачыце, у гэтай смярдзючай лужыне адбіўся край яго маленькай стапы. Бутэлька трэснула, і змесціва пачало падцякаць.
– І што? – спытаў я.
– Значыць, ён у нашых руках, вось і ўсё! – адказаў ён. – Ёсць сабака, які высачыць крэазотавы след хоць да краю свету. Калі звычайная зграя можа ісці за ім праз усё графства, уявіце, куды дабярэцца спецыяльна навучаны сабака! Гэта прасцей, чым знайсці невядомы член прапорцыі! Адказ нам дасць… але вось і ўпаўнаважаныя прадстаўнікі закону!
Знізу пачуліся цяжкія крокі і гучныя галасы, моцна ляпнулі дзверы ў вітальню.
– Пакуль яны не дайшлі сюды, – сказаў Холмс, – дакраніцеся да рукі няшчаснага. Цяпер да нагі. Што вы адчуваеце?
– Цягліцы цвёрдыя як дошка, – адказаў я.
– Менавіта. Яны скараціліся да немагчымага, і гэта зусім не трупнае адубенне. Калі дадаць сюды скажоны твар і гіпакратычную, ці сарданічную, як называлі яе старажытныя аўтары, усмешку, якія высновы прыходзяць вам у галаву?
– Смерць ад нейкага вельмі моцнага расліннага алкалоіду, – адказаў я, – штосьці накшталт стрыхніну, рэчыва, якое выклікае слупняк.
– Я падумаў тое самае, калі ўбачыў яго перакрыўлены твар. Зайшоўшы ў пакой, я адразу пачаў шукаць, якім чынам атрута магла трапіць у яго арганізм. Як вы заўважылі, я знайшоў калючку, якую з лёгкасцю можна ўвесці ці проста зачапіць скуру галавы. Вы звярнулі ўвагу на тое, што пашкоджаная частка галавы павернутая да пралому ў столі, калі сядзець на крэсле, выпрастаўшы спіну? А цяпер агледзім саму калючку.
Я асцярожна ўзяў яе і паднёс да ліхтара. Яна была доўгая, вострая і чорная, а прыгледзеўшыся, ля самага вастрыя можна было заўважыць рэшткі высахлай вязкай вадкасці. Тупы канец калючкі сведчыў, што яе адрэзалі нажом і падраўнялі.
– Гэта ад нейкай ангельскай расліны? – спытаў Холмс.
– Не, відавочна не.
– Вы, мусіць, прыйшлі ўжо да нейкай высновы. Але вось і спецыялісты рэгулярнага войска – дапаможныя сілы мусяць пакінуць поле бітвы.
Крокі чуліся ўсё бліжэй, на апошніх словах Холмса загучалі ўжо ў калідоры, і праз імгненне ў пакой цяжка ступіў моцны мажны чалавек у шэрым касцюме. Вельмі маленькія вочкі на яго тоўстым і паўнакроўным чырвоным твары ўвесь час міргалі і пільна глядзелі на нас з-пад ацёклых і прыпухлых павекаў. Адразу за ім зайшлі інспектар і Тадэвуш Шолта, які так і не перастаў дрыжаць.
– Вось дык гісторыя! – усклікнуў першы прыглушаным хрыплаватым голасам. – Проста цудоўная гісторыя! Хто вы такія? У гэтым доме тлумна, бы ў трусіным садку!
– Вы мяне мусіце помніць, містэр Этэлні Джонс, – спакойна прамовіў Холмс.
– Безумоўна, помню, – прахрыпеў новапрыбылы. – Вы – містэр Шэрлак Холмс, тэарэтык. Так-так-так. Ніколі не забуду, як вы выклалі перад намі ўсе матывы, прычыны і вынікі ў той справе з бішапгейцкімі каштоўнасцямі. Тады вы і праўда навялі нас на след, але прызнайце, вам дапамагла хутчэй удача, чым штосьці яшчэ.
– Мне дапамагло ўменне разважаць.
– Ой, ну хопіць, хопіць! Ніколі не саромейцеся праўды. Але што ўсё гэта значыць? Вось дык гісторыя! Проста цудоўная гісторыя! Але ніякіх тэорыяў – нам хапае і голых фактаў. Якое шчасце, што я акурат выправіўся ў Норвуд па іншым пытанні! Пра новае забойства я дазнаўся ўжо на станцыі. Як вы думаеце, што стала прычынай смерці?
– Хіба гэта мая справа – прыдумляць тут нейкія тэорыі? – суха пацікавіўся Холмс.
– Не, канечне ж, не. Хаця я, безумоўна, не збіраюся спрачацца, што час ад часу вы трапляеце ў самы яблычак. Але Божа мой! Дзверы, як я разумею, былі зачыненыя. Зніклі каштоўнасці на паўмільёна. Што з акном?
– Зачыненае з сярэдзіны. Але на падаконні ёсць сляды.
– Ну, зразумела, што калі акно зачыненае, сляды не маюць ніякага дачынення да справы. Так падказвае здаровы сэнс. Няшчасны мог памерці ў выніку прыпадку, але ж каштоўнасці зніклі! Ага! У мяне ёсць тэорыя! У маю галаву часам прыходзяць бліскучыя ідэі… Сяржант, містэр Шолта, выйдзіце, калі ласка. Ваш сябар можа застацца… Што вы пра гэта думаеце, Холмс? Гэты Шолта сам прызнаўся, што мінулай ноччу быў у брата. Дык вось, брат памёр ад прыпадку, і пасля гэтага Шолта ўзяў і сцягнуў скарб. Як вам такая думка?