– Гэта вы, Ўотсан? – пракрычаў ён.
– Я.
– Ён прыйшоў адсюль. Што там чарнее ўнізе?
– Бочка для вады.
– Крышка ёсць?
– Ёсць.
– І ніякай лесвіцы побач?
– Ніякай.
– Ды каб яго! Гэта ж самае галаваломнае месца! Але я мушу спусціцца там, дзе ён падняўся. Вадасцёк, здаецца, досыць трывалы. Ну, я паехаў!
Пачуўся шоргат ног, і ліхтар марудна папоўз па сцяне дома ўніз. Потым агеньчык скокнуў, і Холмс аказаўся на бочцы, адкуль спусціўся на зямлю.
– Прайсці яго шляхам было нескладана, – сказаў ён, нацягваючы шкарпэткі і чаравікі. – Там, дзе ён ступаў, дахоўка расхісталася, і ў спешцы ён згубіў вось гэта. Мой дыягназ пацвярджаецца, як кажаце вы, дактары.
Ён падаў мне нешта накшталт невялікага мяшэчка ці гаманца, сплеценага з каляровай саломы і расшытага таннымі шклянымі перламі. Форма і памер знаходкі наводзілі на думку пра партсігар. Унутры ляжала з паўтузіна цёмных калючак расліннага паходжання, вострых з аднаго канца і закругленых з другога, – рыхтык тая, што забіла Барталам’ю Шолта.
– Д’ябальская рэч, – сказаў Холмс. – Асцярожна, не параньцеся. Я рады, што знайшоў іх, бо ёсць шанец, што гэта ўвесь яго запас. Цяпер можна не баяцца, што хтосьці з нас неўзабаве надта блізка з імі пазнаёміцца. Лепш ужо куля з пібадзі-марціні*, я так лічу. Ну што, Ўотсан, вы гатовыя да шасцімільнай прагулкі?
– Безумоўна, – адказаў я.
– Вашая нага вытрымае?
– Ніякіх сумневаў.
– А вось і ты, сабачка! Добры стары Тобі! Нюхай, Тобі, нюхай!
Ён падсунуў выпацканую крэазотам насоўку сабаку пад нос. Расставіўшы калматыя лапы і смешна навастрыўшы адно вуха, Тобі нюхаў насоўку, як дэгустатар, што ацэньвае букет найвыбітнейшага марачнага віна. Холмс кінуў насоўку як мага далей, прывязаў да ашыйніка паўкроўкі моцную вяроўку і падвёў сабаку да бочкі. Няўклюднае стварэнне тут жа выбухнула тонкім няроўным лаем і, апусціўшы нос да самай зямлі і як мага вышэй задраўшы хвост, затупала па следзе так хутка, што павадок нацягнуўся, і мы былі вымушаныя з усіх ног кінуцца за Тобі.
Усход спакваля яснеў, і мы ўжо маглі агледзецца ў халодным шэрым святле. Прастакутны масіўны дом з чорнымі пустымі вокнамі і высокімі голымі сценамі высіўся за нашымі спінамі, сумны і самотны. Дарога нашая ляжала праз сад, цераз яміны і канавы, якія яго перасякалі і перакрыжоўвалі. Усё гэтае месца з раскіданымі там і тут купамі зямлі і кепска дагледжанай парасцю выглядала такім закінутым і злавесным, што здавалася адпаведным фонам для нядаўняй страшнай трагедыі.
Дабегшы да мура, што атачаў сад, Тобі, нецярпліва скуголячы, кінуўся уздоўж яго ценю, пакуль урэшце не спыніўся ў куце, што схаваўся за маладым букам. Там, дзе сыходзіліся дзве сцяны, некалькі цаглінаў былі ссунутыя, і шчыліны падаваліся сцёртымі і закругленымі ўніз, быццам імі часта карысталіся як лесвіцай. Холмс ускараскаўся на мур і, узяўшы з маіх рук сабаку, перакінуў яго на іншы бок.
– Драўляная нага тут наслядзіла, – заўважыў ён, калі я таксама ўскараскаўся на мур. – Бачыце, на белай вапне плямка крыві. Якое шчасце, што з учорашняга дня не было сур’ёзнага дажджу. Мы спазняемся на дваццаць восем гадзін, але пах на дарогах усё яшчэ ёсць.
Прызнаюся, што на гэты конт у мяне былі сумневы, бо я помніў, які на лонданскай дарозе моцных рух. Аднак страхі мае хутка развеяліся. Тобі, не вагаючыся і нікуды не збочваючы, патрухаў сваім непараўнальным манерам проста наперад. Рэзкі пах крэазоту перамог, відаць, усе астатнія пахі.
– Не думайце толькі, – сказаў Холмс, – што мой поспех залежыць ад таго, што нехта з нашых сяброў выпадкова наступіў на хімікаліі. Цяпер я ведаю дастаткова, каб узяць іх след многімі іншымі спосабамі. Гэты проста самы хуткі, і калі ўжо лёс даў нам у рукі ніць, было б злачынствам ёй не скарыстацца. Справа, аднак, ужо не выглядае цікавай лагічнай задачкай, якой падавалася спачатку. Праз гэты занадта відавочны след нашая заслуга не будзе такой ужо і вялікай.
– Яшчэ як будзе! – запярэчыў я. – Магу вас упэўніць, Холмс, што я шчыра захапляюся хуткасцю, з якой вы робіце высновы, – яна ўражвае нават больш, чым у справе Джэферсана Хоўпа! А тут жа ўсё яшчэ глыбей і складаней. Як вы, напрыклад, змаглі так упэўнена апісаць чалавека з драўлянай нагой?
– Фэ, мой дарагі хлопча, гэта ж так проста! Але ніякай патэтыкі – усё тут відавочна і несумненна. Два афіцэры, якія ахоўваюць вязняў, даведаліся пра важны сакрэт, дзе схаваны скарб. Карту ім намаляваў ангелец Джонатан Смол – вы памятаеце, мы бачылі яго імя на плане капітана Морстэна. Ад імені сябе самога і сваіх таварышаў ён з некаторай доляй драматызму падпісаўся «знакам чатырох». З дапамогай плана афіцэры – ці адзін з іх – здабылі скарб і прывезлі яго ў Англію, не выканаўшы, як мы можам меркаваць, адну з умоваў, на якіх яго атрымалі. Чаму ж Джонатан Смол не завалодаў скарбам сам? Адказ ляжыць на паверхні. На плане стаіць дата, калі Морстэн быў шчыльна звязаны з вязнямі. Джонатан Смол не мог атрымаць скарб, бо тады разам са сваімі суўдзельнікамі сядзеў у турме.