Выбрать главу

– Але гэта толькі здагадка, – сказаў я.

– Больш чым здагадка – гэта адзіная гіпотэза, якія тлумачыць усе факты. Давайце паглядзім, як добра яна адпавядае далейшым падзеям. Некалькі гадоў маёр Шолта, валодаючы здабытым скарбам, жыве спакойна і шчасліва. Потым атрымлівае ліст з Індыі, які моцна яго палохае. З чаго б гэта?

– У лісце вядзецца пра тое, што чалавек, з якім ён кепска абышоўся, выйшаў на волю.

– Ну ці збег. Гэта больш імаверна, бо Джон Шолта напэўна ведаў тэрмін яго зняволення, і калі б ён скончыўся, для маёра гэта не было б такой нечаканкай. Што ён тады робіць? Спрабуе абараніцца ад чалавека з драўлянай нагой, дарэчы, белага, бо маёр памылкова пераблытаў яго з мясцовым гандляром і падстрэліў таго з пісталета. А ў плане ёсць толькі адно імя белага чалавека – астатнія індусы і мусульмане. Іншых белых там няма. Таму мы з упэўненасцю можам сцвярджаць, што Драўляная Нага і ёсць Джонатанам Смолам. Ну як, мае развагі падаюцца вам непераканаўчымі?

– Не, пакуль усё каротка і ясна.

– А цяпер давайце паставім сябе на месца Джонатана Смола. Зірнем на справу, так бы мовіць, з яго гледзішча. Ён вяртаецца ў Англію, з аднаго боку прагнучы атрымаць тое, што лічыць сваёй уласнасцю, а з другога – адпомсціць таму, хто кепска з ім абышоўся. Даведваецца, што Шолта жывы, і, цалкам імаверна, знаёміцца з яго прыслугай. Быў у маёра дварэцкі, Лал Раа, якога мы не бачылі, але місіс Бэрнстан апісвала яго з вялікай непрыязнасцю. Смол, аднак, тайніка не знайшоў, бо ніхто, апроч самога маёра і яго вернага слугі, цяпер ужо нябожчыка, не ведаў, дзе схаваны скарб. Раптам Смол дазнаецца, што маёр пры смерці. Адчайна баючыся, што сакрэт скарбу памрэ разам з ім, Смол нейкім чынам праслізгвае міма варты, дабіраецца да акна хворага, і толькі прысутнасць двух малодшых Шолта перашкаджае яму залезці ў пакой. Даведзены нянавісцю да шалу, той жа ноччу ён забіраецца ў дом памерлага і абшуквае ўсе прыватныя паперы маёра, спадзеючыся знайсці хоць якія звязаныя са скарбам запісы, і ўрэшце пакідае згадку пра свой візіт – цыдулку са «знакам чатырох». Ён, без сумневу, планаваў забіць маёра і пакінуць ля яго цела нейкі намёк на тое, што з гледзішча чатырох кампаньёнаў гэта не звычайнае забойства, а нешта накшталт справядлівага акту. Прыкладаў такой вычварнай і эксцэнтрычнай пыхлівасці ў аналах крыміналістыкі дастаткова, і звычайна яна робіцца каштоўным ключом для высвятлення асобы злачынцы. Пакуль вам усё зразумела?

– Больш чым.

– Ну і што застаецца Джонатану Смолу? Ён можа толькі таемна сачыць за спробамі знайсці каштоўнасці. Магчыма, нават пакідае Англію і бывае тут толькі наездамі. Урэшце спадчыннікі знаходзяць гарышча, Смол адразу ж пра гэта даведваецца, і тут мы зноў разумеем, што сярод слуг Шолта быў яго чалавек. Джонатан са сваёй драўлянай нагой ніяк не можа дабрацца да размешчанага досыць высока пакоя Барталам’ю Шолта, а таму бярэ з сабой досыць цікавага памагатага, які з гэтай задачай спраўляецца, аднак ступае голай пяткай у крэазот – і вось на сцэну выходзіць Тобі, у выніку чаго афіцэра з палавінным акладам і пашкоджаным ахілавым сухажыллем чакае шэсць міляў кульгання.

– Дык значыць, злачынства здзейсніў не сам Джонатан, а яго памочнік?

– Менавіта. Прычым Джонатан хутчэй за ўсё быў незадаволены, калі меркаваць з характару пакінутых ім у пакоі слядоў. На Барталам’ю Шолта ён не злаваўся і хацеў бы, каб таго проста звязалі і заторкнулі яму кляпам рот. Сунуць галаву ў пятлю ён не збіраўся. Аднак тут ад яго нічога не залежала: дзікія інстынкты яго суўдзельніка прарваліся вонкі, атрута зрабіла сваю справу, а таму Джонатан Смол проста пакінуў «знак чатырох», спусціў куфэрак з каштоўнасцямі на зямлю і спусціўся сам. Вось так выглядае ўзноўлены мной ланцуг падзеяў. Што да яго аблічча, то пасля столькіх гадоў на Андаманскіх астравах ён мусіць быць загарэлым і не зусім маладым. Рост лёгка разлічваецца з даўжыні крокаў, а пра яго бараду мы ведалі і раней. Расліннасць на твары начнога госця моцна ўразіла Тадэвуша Шолта, калі ён убачыў Смола ў акне. Што там у нас было яшчэ?

– Яго памагаты.

– Ага, памагаты. Тут таксама вялікай таямніцы няма. Хутка вы і самі пра ўсё даведаецеся. Якое свежае ранішняе паветра! Зірніце на тую ружовую аблачынку, якая плыве ў небе, быццам пёрка гіганцкага фламінга. А вунь чырвоны край сонца прабіваецца праз туманы, што ахуталі Лондан. Яно свеціць многім добрым людзям, аднак асмелюся заўважыць, што ніводзін з іх не бяжыць цяпер па больш дзіўнай справе, чым мы з вамі. Якімі дробнымі здаемся мы са сваімі пустымі амбіцыямі і мэтамі ў параўнанні з магутнымі і вечнымі сіламі прыроды! Як ваш Жан Поль*?