– Някепска. Я вярнуўся на яго праз Карлайла*.
– Гэта нібыта ісці ўздоўж ручая, які выводзіць цябе да возера, адкуль ён выцякае. Ён выказаў адну цікавую, але глыбокую думку – што галоўны доказ сапраўднай велічы чалавека ляжыць у яго разуменні ўласнай нікчэмнасці. Такім чынам магчымасць параўноўваць і ацэньваць сама па сабе сведчыць пра высакародства духу. Рыхтэр* дае шмат пажытку для розуму. Пісталета ў вас пры сабе няма?
– Не, толькі кій.
– Не выключаю, што калі мы дабяромся да іх логава, нешта такое нам спатрэбіцца. Джонатана я пакідаю на вас, але калі той другі акажацца небяспечным, я яго проста застрэлю.
З гэтымі словамі ён дастаў рэвальвер, зарадзіў яго двума патронамі і схаваў назад у правую кішэню пінжака.
Увесь гэты час Тобі цягнуў нас уздоўж аточаных з абодвух бакоў дамкамі прасёлкавых дарог, што вялі ў сталіцу. Але вось мы ўрэшце апынуліся сярод бясконцых вуліц, якія ўжо бурлілі рабочымі і докерамі і на якіх неахайныя жанчыны ўжо адчынялі аканіцы і падмяталі ля дзвярэй прыступкі. Піўная на рагу якраз пачала свой дзень, і з яе час ад часу выходзілі суровага выгляду рабацягі, выціраючы рукавамі бароды пасля ранішняга асвяжальнага глытка. Туды-сюды сноўдаліся валацужныя сабакі, цікаўна сочачы за намі, аднак наш непаўторны Тобі не глядзеў ні направа, ні налева, а ўпэўнена трухаў наперад гарачым следам, апусціўшы нос да зямлі і зрэдчас нецярпліва падскавытваючы.
Мы мінулі Стрытхэм, Брыкстан, Кэмбервэл і апынуліся на Кенінгтан-лэйн, бакавымі вулкамі дабраўшыся да Авала*. Здавалася, што тыя, каго мы пераследавалі, ішлі такім зігзагападобным шляхам, каб пазбегнуць пагоні. Яны ні разу не выйшлі на галоўную дарогу, калі хоць нейкая паралельная вуліца давала магчымасць трымацца патрэбнага кірунку. Ля пачатку Кенінгтан-лэйн яны павярнулі налева – у бок Бонд-стрыт і Майлз-стрыт. Там, дзе апошняя вывела нас на Найт-плэйс, Тобі перастаў трухаць і пачаў бегаць туды-сюды, адно вуха натапырыўшы, а другое павесіўшы, усім сваім выглядам паказваючы поўную сабачую разгубленасць. Потым закульгаў па коле, час ад часу пазіраючы на нас, нібыта збянтэжана шукаючы падтрымкі.
– Што гэта, чорт дзяры, з ім здарылася? – прарыкаў Холмс. – Яны не маглі ўзяць тут кэб ці падняцца ўверх на паветраным шары.
– Магчыма, яны трохі тут пастаялі, – выказаў я сваё меркаванне.
– А, тады ўсё добра. Вось і Тобі зноў узяў след, – з палёгкай сказаў мой кампаньён.
Сабака і праўда імгненна ўзяў старт, нібы пасля доўгага вынюхвання раптам сабраўся з думкамі, і паімчаў наперад з новымі сіламі і рашучасцю. Пах, відаць, зрабіўся яшчэ мацнейшым, чым дагэтуль, бо Тобі ўжо не апускаў нос да зямлі, а цягнуў нас на павадку, увесь час спрабуючы сарвацца на бег. Вочы Холмса заблішчэлі – значыць, ён думае, што канец нашага падарожжа блізкі.
Цяпер мы беглі праз Найн-Элмз і хутка наблізіліся да вялікага ляснога склада кампаніі «Бродэрык і Нэльсан» ля таверны «Белы арол». Ашалелы ад узбуджэння сабака заляцеў праз браму ў складскі двор, дзе ўжо працавалі пільшчыкі. Па габлюшках і апілках сабака выбег у праход паміж будынкамі, павярнуў за рог, праслізнуў паміж дзвюма кастрамі і ўрэшце з трыумфальным лаем скокнуў на вялікую бочку, што стаяла на ручной цялежцы, на якой яе прывезлі. З высалапленым языком і бліскучымі вачыма Тобі стаяў на бочцы, пераводзячы позірк з аднаго з нас на другога і шукаючы знакаў пахвалы. Усе бакі бочкі і колы цялежкі былі выпацканыя цёмнай вадкасцю, а паветра вакол здавалася цяжкім ад паху крэазоту.
Мы з Шэрлакам Холмсам бездапаможна зірнулі адзін на аднаго і выбухнулі нястрымным рогатам.
Раздзел 8. Нерэгулярная вышуковая паліцыя з Бэйкер-стрыт
– Што цяпер? – спытаў я. – Тобі страціў сваю бясхібную рэпутацыю.
– Ён дзейнічаў адпаведна сваім здольнасцям, – адказаў Холмс, здымаючы сабаку з бочкі і выводзячы яго са склада. – Уявіце, колькі крэазоту праходзіць за адзін дзень праз Лондан, а таму няма нічога дзіўнага, што наш след перасеклі. Цяпер яго шмат дзе выкарыстоўваюць, асабліва для кансервавання дрэва. Бедны Тобі ні ў чым не вінаваты.
– Значыць, трэба зноў вярнуцца да пачатковага следу?
– Так, і на шчасце, мы ад яго далёка не адышлі. Цяпер зразумела, што на рагу Найт-плэйс сабаку заблытала раздваенне следу. Мы ўзялі памылковы кірунак. Застаецца толькі вярнуцца да другога.