Нічога складанага тут не было. Мы адвялі Тобі туды, дзе ён здзейсніў промах, ён зрабіў яшчэ адно кола і ўрэшце патрухаў у новым кірунку.
– Зараз мы мусім зважаць, каб ён не прывёў нас туды, адкуль прывезлі тую бочку, – заўважыў я.
– Я ўжо пра гэта падумаў. Бачыце, Тобі трымаецца ходніка, тым часам як бочка магла прыкаціць толькі па дарозе. Не, цяпер мы ўзялі правільны след.
След гэты вёў праз Бельмон-плэйс і Прынсэз-стрыт, а пасля павярнуў да ракі. У канцы Брод-стрыт ён падышоў да маленькага драўлянага прычала. Тобі выбег на самы яго край і там спыніўся, скуголячы і паглядаючы на плынь, што цямнела ўнізе.
– Не шанцуе нам, – сказаў Холмс. – Тут яны ўзялі лодку.
На вадзе ўздоўж прычала пагойдвалася некалькі пласкадонак і ялікаў. Мы падвялі Тобі да кожнай пасудзіны, але колькі ён ні ўнюхваўся, следу не было.
Непадалёк ад гэтай грубай прыстані мы ўбачылі цагляны дамок, на другім акне якога вісела драўляная шыльда з вялікімі літарамі «Мардэкай Сміт» і ніжэй: «Пракат лодак на гадзіну ці дзень». Другая шыльда, над дзвярыма, паведаміла нам, што арандаваць тут можна яшчэ і паравы катэр. Гэтую інфармацыю пацвярджала вялікая куча коксу ля вады. Шэрлак Холмс марудна агледзеўся: яго твар набыў нядобры выраз.
– Справы дрэнь, – адзначыў ён. – Тыя хлопцы нашмат спрытнейшыя, чым я думаў. След свой яны, відаць, схавалі. Баюся, мы маем справу са старанна прадуманым планам.
Ён падышоў да дзвярэй дамка, і тут яны адчыніліся, выпусціўшы вонкі кучаравага хлопчыка гадоў шасці, за якім бегла таўставатая чырванатварая жанчына з вялікай губкай у руцэ.
– А ну вяртайся, Джэк, і будзем мыцца! – крычала яна. – Давай сюды, чарцяня малое, бо як прыйдзе бацька і ўбачыць цябе такога, мала нам з табой не падасца!
– Які слаўны хлопчык! – Холмс, як стратэг, пачаў здалёк. – Ну проста юны ружовашчокі прайдзісвет! Кажы, Джэк, чаго ты хочаш больш за ўсё?
– Шылінг, – на імгненне задумаўшыся, адказаў хлопчык.
– Можа, яшчэ штосьці?
– Два шылінгі, – прамармытаў ружовашчокі прайдзісвет, падумаўшы яшчэ.
– Ну, тады трымай! Лаві! Цудоўнае дзіця, місіс Сміт.
– Дзякуй Богу, сэр, так яно і ёсць. Разумненькі. Толькі што справіцца з ім ніяк, асабліва калі мужа доўга няма.
– Няма, кажаце? – расчаравана перапытаў Холмс. – Шкада, а я хацеў з містэрам Смітам пагаварыць.
– Дык вось няма з учорашняга ранку, сэр. Я, шчыра кажучы, пачынаю за яго хвалявацца. Але калі вам трэба лодка, сэр, то я магу дапамагчы.
– Я хацеў бы наняць паравы катэр.
– Ох, Бог з вамі, сэр, якраз на катэры ён і паехаў. Гэта мяне і хвалюе, я ж ведаю, што вугалю там хопіць толькі да Вуліджа і назад. Калі б яшчэ на баркасіку, усё нічога, ён па справах часта плавае ажно да Грэйвсэнда, і калі працы шмат, тады там сабе дзесь і начуе. А што толку з паравога катэра без вугалю?
– Ён мог трохі на прычале дакупіць.
– Мог, сэр, але звычайна так не робіцца. Кажуць, што яны там ломяць за вугаль столькі, што хапіла б яшчэ на пару мяхоў. Ну, і не спадабаўся мне той калека з драўлянай нагой: твар брыдкі, гамана заморская. Вечна тут сноўдаецца без патрэбы…
– З драўлянай нагой, кажаце? – з ветлівай цікаўнасцю ўдакладніў Холмс.
– Але, сэр, загарэлы такі, а з твару – ну чыстая малпа. Ён не раз прыходзіў да майго мужа і падняў яго ўчора ноччу, больш за тое, мужанёк мой ведаў, што той прыйдзе, бо катэр быў ужо гатовы. Скажу вам шчыра, сэр: не падабаецца мне ўсё гэта, ох не падабаецца.
– Але дарагая мая місіс Сміт, – паціснуў Холмс плячыма, – вы дарэмна сябе палохаеце. Адкуль такая ўпэўненасць, што мінулай ноччу прыходзіла менавіта драўляная нага? З чаго вы гэта ўзялі?
– А гэта ўсё яго голас, сэр. Я-та яго голас ведаю: сіплы такі, незразумелы. Ён пастукаў у акно – гадзіны тры было, не менш: «Давай падымайся, дружа, – сказаў ён – вахта чакае». Стары пабудзіў Джыма – гэта мой старэйшанькі – і яны абодва сышлі і ні слова мне сказалі. Я нават чула, як дзеравяшка стукае па камянях.
– А гэты, з драўлянай нагой, быў адзін?
– Не магу сказаць, што ўпэўненая, сэр, але больш я нікога не чула.
– Што ж, місіс Сміт, даруйце за клопат, але мне вельмі быў патрэбны ваш катэр. Я чуў пра яго добрыя водгукі. Як ён там называецца?
– «Аўрора», сэр.
– Ах, так… Гэта выпадкова не той зялёны дзядуля з жоўтай палоскай і вельмі шырокай кармой?
– Не-не, наш такі невялічкі і акуратны, ну, як і іншыя тут, на рацэ. Чорны такі, з дзвюма чырвонымі лініямі – нядаўна пафарбавалі.
– Дзякуй. Спадзяюся, містэр Сміт хутка вернецца. Я збіраюся ўніз па рацэ, калі ўбачу вашую «Аўрору», дык скажу там, што вы хвалюецеся. Вы сказалі, чорная труба?