– Не, сэр, чорная з белым краем.
– Ах, так, безумоўна. Гэта бакі чорныя. Добрага вам дня, місіс Сміт. А вунь і лодачнік, Ўотсан. Зараз пераправімся на іншы бераг.
– Размаўляючы з такімі людзьмі, Ўотсан, – пачаў Холмс, калі мы сядзелі пад ветразем яла, – ніколі нельга даць ім зразумець, што іх інфармацыя мае для цябе хоць нейкае значэнне. Калі яны пра гэта раптам здагадаюцца, то тут жа замкнуцца, як вустрыцы. Калі ж слухаеш іх, так бы мовіць, неахвотна, ёсць надзея дазнацца пра тое, што трэба.
– Ну, цяпер зразумела, што рабіць далей, – сказаў я.
– І што б вы рабілі?
– Наняў бы катэр і адправіўся б уніз па рацэ за «Аўрорай».
– Дарагі мой сябра, такая задача нам не па сілах. Яны маглі прычаліць на любой прыстані па абодва бакі ракі да самага Грынвіча. За тым мостам на некалькі міляў цягнецца сапраўдны лабірынт прычалаў. На такія пошукі нам адным спатрэбіцца нямала часу.
– Тады мы задзейнічаем паліцыю.
– Не. Этэлні Джонса я паклічу хіба што ў апошні момант. Ён хлопец някепскі, і мне не хочацца шкодзіць яму ў прафесійным плане. Калі мы ўжо зайшлі так далёка, я збіраюся давесці справу да канца.
– Можа, тады павесім аб’яву з просьбай пра інфармацыю?
– Яшчэ горшая ідэя! Тады нашыя злачынцы даведаюцца, што пагоня наступае ім на пяткі, і пакінуць краіну. Думаю, з’ехаць плануецца ў любым выпадку, але пакуль яны ўпэўненыя, што небяспекі няма, спяшацца ім няма сэнсу. У гэтым плане энергічнасць Джонса нам толькі на руку, бо ён абавязкова выкажацца пра справу ў прэсе, і ўцекачы падумаюць, што пусцілі ўсіх памылковым следам.
– Ну і што нам тады рабіць? – спытаў я, калі мы прычалілі ля мілбанкскага папраўчага дома.
– Браць вось гэты хэнсам, ехаць дадому, а там паснедаць і гадзінку адпачыць. Цалкам магчыма, што наступную ноч мы таксама будзем на нагах. Кэбмен, спыніцеся ля тэлеграфа! А Тобі пакуль пакінем пры сабе, ён яшчэ можа спатрэбіцца.
Мы выйшлі ля пошты на Грэйт-Пітэр-стрыт, і Холмс адправіў тэлеграму.
– Як вы думаеце, каму? – спытаў ён, калі мы рушылі далей.
– Нават не ўяўляю.
– Памятаеце аддзел вышуковай паліцыі з Бэйкер-стрыт, які я задзейнічаў у справе Джэферсана Хоўпа?
– Безумоўна, – рассмяяўся я.
– Яны зноў могуць зрабіць нам неацэнную паслугу. Калі не змогуць, ёсць і іншыя спосабы, але звернемся спачатку да іх. Тэлеграма паляцела да майго маленькага бруднага лейтэнанта Ўігінса, і я не сумняваюся, што ён з’явіцца перад намі са сваёй бандай яшчэ да канца сняданку.
Было недзе восем-дзевяць гадзінаў, і мой арганізм толькі цяпер адрэагаваў на такую бурную і актыўную ноч. Я стаміўся і моцна кульгаў, мазгі мае былі затлумленыя, а цела – знясіленае. Прафесійны энтузіязм мяне, як майго сябра, не паглынаў, не мог я і глядзець на справу як на абстрактную інтэлектуальную задачу. Пра забітага Барталам’ю Шолта я чуў мала добрага, а таму асаблівай варожасці да яго забойцаў не адчуваў. Вось скарб – іншая рэч. Ён увесь ці, прынамсі, яго частка па праве належыць міс Морстэн. Пакуль застаецца хоць нейкі шанец вярнуць ёй каштоўнасць, я гатовы прысвяціць гэтаму сваё жыццё. Калі прапажа знойдзецца, міс Морстэн, відаць, назаўсёды будзе для мяне страчаная. Але калі кіравацца ў каханні такімі думкамі, пачуццё акажацца зусім дробязным і сябелюбным. Калі ўжо Холмс выкладваецца ў пошуку злачынцаў напоўніцу, то прычына, якая гоніць за скарбам мяне, у дзесяць разоў мацнейшая.
Ванна на Бэйкер-стрыт і змена адзення поўнасцю мяне асвяжылі. Калі я спусціўся ў гасцёўню, сняданак ужо быў на стале, а Холмс піў каву.
– А вось і яно, – са смехам паказаў ён на газету. – Наш нястомны Джонс і ўсюдыісны рэпарцёр цудоўна справіліся са сваёй задачай. Але вам гэтая гісторыя, мабыць, надакучыла. Налягайце лепш на яечню з беконам.
Я ўзяў газету і прачытаў кароткую нататку пад назвай «Таямнічы выпадак у Апэр-Норвудзе».
«Мінулай ноччу каля дванаццаці гадзінаў, – пісала «Стандард», – містэр Барталам’ю Шолта, які жыве ў Пандычэры-Лодж у Апэр-Норвудзе, быў знойдзены ў сваім пакоі мёртвым пры абставінах, якія ўказваюць на злачынства. На сённяшні дзень вядома, што на целе містэра Шолта слядоў гвалту не адшукалі, затое знікла надзвычай каштоўная калекцыя індыйскіх упрыгожанняў, якую згаданы джэнтльмен атрымаў у спадчыну ад бацькі. Цела знайшлі містэр Шэрлак Холмс і доктар Ўотсан, якія зазірнулі ў дом няшчаснага разам з яго братам, містэрам Тадэвушам Шолта. Дзякуючы выключнаму шанцаванню містэр Этэлні Джонс, знакаміты інспектар з вышукнога аддзела паліцыі, акурат знаходзіўся на норвудскім паліцэйскім участку, а таму на месца злачынства трапіў усяго праз паўгадзіны пасля трывогі. Дасведчаны прафесіянал адразу ўзяўся за расследаванне, якое ўжо прынесла бліскучы вынік: пад арышт узятыя брат памерлага Тадэвуш Шолта, ахмістрыня місіс Бэрнстан, дварэцкі-індус на імя Лал Раа, а таксама брамнік, ці ахоўнік, Мак-Мурда. Следства не сумняваецца, што рабаўнік ці рабаўнікі добра ведалі дом, бо дасканалыя тэхнічныя веды містэра Джонса і яго здольнасць заўважаць кожную драбніцу далі яму магчымасць пераканаўча давесці, што зламыснікі не маглі трапіць у пакой праз дзверы ці праз акно і праніклі ў дом праз дах, то бок праз люк, які вёў на гарышча, звязанае з пакоем, дзе знайшлі цела. Гэты з усёй дакладнасцю ўстаноўлены факт даказвае, што перад намі зусім не выпадковы рабунак. Хуткія і энергічныя дзеянні прадстаўнікоў закону чарговы раз пацвярджаюць, што роля магутнага і рашучага розуму ў такіх сітуацыях бывае проста неацэннай. Застаецца толькі дадаць, што наш выпадак – яшчэ адзін аргумент на карысць тых, хто хоча бачыць ангельскую паліцыю больш дэцэнтралізаванай, наблізіўшы яе такім чынам да магчымых месцаў злачынства і зрабіўшы больш эфектыўнай у расследаваннях, якія ёсць яе найпершым абавязкам».