– Гэта ж сапраўдны раман! – усклікнула місіс Форэстэр. – Пакрыўджаная лэдзі, скарб на паўмільёна, чарнаскуры дзікун і нягоднік на драўлянай назе! У нашай гісторыі яны занялі месца звычайнага цмока ці злачыннага графа.
– І два вандроўныя рыцары-ратавальнікі, – дадала міс Морстэн, кінуўшы на мяне зіхоткі позірк.
– Што ж, Мэры, ад выніку гэтых пошукаў залежыць ваш лёс. Мне здаецца, вы недастаткова пра гэта хвалюецеся. Уявіце, што значыць быць такой багатай, калі ля вашых ног ляжыць увесь свет!
Я ўбачыў, што такая перспектыва не выклікала ў Мэры ніякага захаплення, і маё сэрца затрымцела ад радасці. Наадварот, міс Морстэн ускінула сваю гордую галаву, нібыта гаворка ішла пра тое, што яе зусім не цікавіць.
– Больш за ўсё мяне цяпер турбуе містэр Тадэвуш Шолта, – прамовіла яна. – Усё астатняе няважна. Ён так годна і па-добраму паставіўся да мяне. І мы павінныя зняць з яго гэтае жахлівае і беспадстаўнае абвінавачанне.
Пачало вечарэць, калі я пакінуў Кэмбервэл, а калі дабраўся дадому, ужо зусім сцямнела. Кніга і люлька майго сябра ляжалі на крэсле, сам жа ён знік. Я агледзеўся, спадзеючыся знайсці цыдулку, але яе не было.
– Як я разумею, містэр Холмс некуды пайшоў? – пацікавіўся я ў місіс Хадсан, калі яна паднялася да мяне апусціць гардзіны.
– Не, сэр. Ён адправіўся да сябе, сэр. Ведаеце, – тут яе голас панізіўся да шматзначнага шэпту, – я турбуюся за яго здароўе.
– Што здарылася, місіс Хадсан?
– Неяк дзіўна ён паводзіўся, сэр. Пасля таго як вы сышлі, пачаў хадзіць па пакоі туды-сюды, туды-сюды, пакуль я ад гэтых крокаў зусім не стамілася. Тут я чую, што ён размаўляе сам з сабой, нешта мармыча, і кожны раз, калі ў дзверы звоняць, выскоквае на лесвіцу і крычыць: «Што там, місіс Хадсан?». Цяпер жа ён замкнуўся ў сваім пакоі, але чуваць, што і там ён ходзіць туды-сюды, як раней. Баюся, сэр, як бы ён не захварэў. Я асмелілася заікнуцца пра заспакаяльнае, але ён так зірнуў, што я сама не помню, як выскачыла з яго пакоя.
– Не думаю, што ёсць прычыны хвалявацца, місіс Хадсан, – адказаў я. – Я ўжо бачыў яго ў такім стане. Проста яго мозг трывожыць адна невялікая задачка.
Я спрабаваў размаўляць з нашай добрай гаспадыняй бестурботна, але ў выніку пачаў трывожыцца і сам, бо, прачынаючыся ўначы, невыразна чуў яго крокі і ўяўляў, як востры розум бунтуе супраць вымушанага бяздзеяння.
За сняданкам Холмс выглядаў стомленым і змарнелым, а на яго шчоках ліхаманкава гарэлі дзве плямкі.
– Вы зусім сябе змучыце, дружа, – прамовіў я. – Усю ноч прамаршыравалі па пакоі!
– Я не мог спаць, – адказаў ён. – Гэтая д’ябальская справа мяне проста забівае. Захраснуць праз такую дробную перашкоду, калі ўсё астатняе ўжо гатовае, – не, гэта ўжо занадта. Я ведаю злачынцаў, іх судна – усё. І ніякіх навінаў. Я разаслаў усіх памочнікаў, задзейнічаў усе наяўныя сродкі. Раку прачасалі, абодва яе берагі – і нічога. І місіс Сміт пра свайго мужа таксама нічога не чула. Я прыходжу да высновы, што яны патапілі катэр. Але ёсць факты, якія сведчаць супраць гэтага.
– А можа, місіс Сміт адправіла нас памылковым следам?
– Не, думаю, гэта можна выключыць. Я праверыў: катэр з такімі прыкметамі сапраўды існуе.
– Можа, ён пайшоў уверх па рацэ?
– Такую магчымасць я таксама ўлічыў – пошукі вядуцца да самага Рычманда. Калі навінаў не будзе і сёння, я займуся справай сам і буду шукаць ужо не катэр, а людзей. Але я ўпэўнены, дакладна ўпэўнены, што мы нешта пачуем.
Аднак навінаў не было. Ні ад Ўігінса, ні з іншых крыніц. Усе газеты пісалі пра трагедыю ў Норвудзе. Вінаватым усюды абвяшчаўся няшчасны Тадэвуш Шолта. Але нідзе не было ніякіх свежых звестак, калі не лічыць навінаў пра дазнанне, якое прызначылі на заўтра. Вечарам я зазірнуў у Кэмбервэл, каб расказаць пра нашую няўдачу, а вярнуўшыся, знайшоў Холмса прыгнечаным і змрочным. Ён ледзь адказваў на пытанні і ўвесь вечар забаўляўся незразумелым хімічным доследам, награваючы рэторты і дыстылюючы вадкасці, пакуль урэшце жудасны пах ледзь не выгнаў мяне з дому. Я да світання чуў бразгатанне яго прабірак, якое падказвала, што смуродлівыя эксперыменты не скончаныя.
Прачнуўся я вельмі рана ад нейкага штуршка і са здзіўленнем убачыў, што ля майго ложка стаіць Холмс, адзеты ў матроскую робу, на якую ён начапіў бушлат, а вакол шыі завязаў грубы чырвоны шалік.