– Усім нам часам патрэбная дапамога, – прамовіў я.
– Ваш сябар, Шэрлак Холмс, – цудоўны чалавек, сэр, – хрыпла і даверліва сказаў Джонс. – Перамагчы яго немажліва. Гэты хлопец браўся за многія справы, і я ніколі не бачыў, каб ён пацярпеў паразу. Яго метады трохі непаслядоўныя, а сам ён занадта хутка кідаецца рабіць высновы, але ў цэлым з яго б выйшаў надзвычай шматабяцальны інспектар, я гатовы пацвердзіць гэта любому. Сёння ранкам я атрымаў ад яго тэлеграму, з якой зразумеў, што ў справе братоў Шолта ён знайшоў нейкі новы доказ. Вось яго пасланне.
Тут ён выцягнуў з кішэні тэлеграму і перадаў мне. Яе адправілі ў дванаццаць з Поплара.
«імчыце бэйкер-стрыт крп калі мяне няма пачакайце крп пераследую забойцаў шолта крп можаце далучыцца кск калі хочаце дайсці фінішу крп».
– Гучыць цудоўна. Відавочна, зноў узяў іх след, – сказаў я.
– Ах, дык ён таксама памыліўся! – з непадробнай радасцю ўсклікнуў Джонс. – І найлепшыя сярод нас часам трапляюць у тупік. Магчыма, гэта фальшывая трывога, але я як інспектар паліцыі не магу ўпусціць ніводнага шанцу. Хтосьці сюды ідзе. Можа, гэта ён?
На лесвіцы пачуліся цяжкія крокі, гучны хрып і сапенне, нібыта наведніку дыханне давалася нялёгка. Раз ці два ён спыніўся, быццам пад’ём быў для яго занадта складаны, але ўрэшце дабраўся да нашых дзвярэй і зайшоў у пакой. Выгляд госця цалкам адпавядаў гукам, што папярэдзілі яго з’яўленне. Гэта быў чалавек ва ўзросце ў касцюме марака і старым бушлаце, зашпіленым да самага верхняга гузіка. Спіна яго была ссутуленая, калені трэсліся, а дыханне выдавала спакутаванага астматыка. Ён абапіраўся на тоўстую дубовую палку, і яго плечы з цяжкасцю падымаліся, дапамагаючы лёгкім набіраць паветра. Вакол шыі госця быў абматаны каляровы шалік, хаваючы пры гэтым амаль увесь твар – бачныя былі толькі пранізлівыя чорныя вочы, над якімі навіслі кусцістыя белыя бровы, і доўгія пасівелыя бакенбарды. Госць выглядаў паважным старым мараходам, які на старасці гадоў збяднеў і моцна здаў.
– Вы, спадару, да каго? – спытаў я.
Госць павольным позіркам старога агледзеў пакой.
– Містэр Шэрлак Холмс тут? – спытаў ён.
– Не, але я яго замяняю. Вы можаце перадаць мне ўсё, што хацелі сказаць яму.
– Я мушу пагаварыць з ім самім, – настойваў стары.
– Але я ж сказаў вам, што пакуль яго замяняю я. Вы наконт катэра Мардэкая Сміта?
– Але. Я добра ведаю, дзе ён цяпер. І ведаю, дзе людзі, якіх ён высочвае. І дзе скарб – таксама. Я ўсё ведаю.
– Тады скажыце мне, і я перадам яму.
– Я мушу пагаварыць з ім самім, – паўтарыў госць са старэчым раздражненнем і настойлівасцю.
– Тады вам давядзецца пачакаць.
– Не, не… Губляць дзеля кагосьці цэлы дзень… Калі містэра Холмса тут няма, хай містэр Холмс сам і разбіраецца. А вам я ні слова не скажу, надта ж мне не падабаюцца вашыя абразіі.
Ён пашоргаў да дзвярэй, але тут Этэлні Джонс заступіў яму дарогу.
– Не спяшайся, прыяцелю, – сказаў ён. – У цябе ёсць важная інфармацыя, а таму адсюль ты проста так не сыдзеш. Хочаш ты гэтага ці не, але да прыходу нашага сябра мы цябе патрымаем.
Стары паспрабаваў прарвацца да выхаду, але калі Этэлні Джонс закрыў яго сваёй шырокай спінай, зразумеў, што супраціўляцца не мае сэнсу.
– Добра ж вы з людзьмі абыходзіцеся! – пракрычаў ён, стукаючы палкай. – Я прыйшоў сюды пагаварыць з містэрам Холмсам, а вас дваіх раней і ў вочы не бачыў! Схапілі тут мяне – гэта не па-людску!
– Нічога кепскага з вамі не здарыцца, – прамовіў я. – Патрачаны час мы вам з лішкам кампенсуем. Сядайце вось сюды, на канапу, доўга чакаць не давядзецца.
Стары сярдзіта падышоў да канапы і сеў, падпёршы рукамі галаву. Мы з Джонсам вярнуліся да нашых цыгараў і размовы. Раптам яе перарваў голас Холмса:
– Маглі б цыгару і мне прапанаваць!
Мы абодва падскочылі на крэслах. Побач з намі сядзеў Холмс і бязгучна смяяўся.
– Холмс! – усклікнуў я. – Гэта вы? А дзе наш стары?
– Вось ваш стары, – прамовіў ён, паказваючы нам жмут сівых валасоў. – Парык, бакенбарды, бровы і ўсё астатняе. Я не сумняваўся, што маскарад выйдзе ўдалым, але такога поспеху не чакаў.
– Ах вы махляр! – захоплена закрычаў Джонс. – Вы маглі б зрабіцца акторам, прычым выбітным! Ваш кашаль варты любога заўсёдніка працоўнага дома, а за гэтыя дрыжыкі ў нагах можна не пашкадаваць і дзесяці фунтаў на тыдзень. Але мне падалося, што гэты агеньчык у вачах я ўжо недзе бачыў. Сысці ад нас не так і проста, га?
– У гэтым касцюме я працаваў цэлы дзень, – прамовіў Холмс, закурваючы цыгару. – Разумееце, крымінальны свет някепска мяне ведае, асабліва пасля таго, як мой сябар узяўся нешта з маіх справаў апісаць, а таму на сцяжыну вайны я цяпер выходжу толькі пераапранутым. Вы атрымалі маю тэлеграму?