– Яна мяне сюды і прывяла.
– Як вашае расследаванне?
– Захрасла ў тупіку. Я вызваліў абаіх падазраваных, а супраць іншых двух нічога няма.
– Не хвалюйцеся. У нас ёсць парачка ўзамен. Але вы мусіце рабіць тое, што я вам скажу. Афіцыйна справу раскрыеце вы, але дзейнічаць трэба так, як я загадаю. Згода?
– Згода, калі вы прыведзяце мяне да тых двух.
– Тады спачатку мне трэба, каб хуткасны паравы паліцэйскі катэр у сем гадзінаў з’явіўся ля Ўэстмінстэрскай прыстані.
– Гэта мы лёгка. Там заўсёды ёсць адна з нашых лодак, але я магу скочыць праз дарогу і для пэўнасці пазваніць.
– Яшчэ трэба два надзейныя чалавекі на выпадак супраціўлення.
– На борце будуць два ці тры паліцэйскія. Што яшчэ?
– Калі мы нашую парачку возьмем, трэба будзе забраць скарб. Думаю, мой сябар ахвотна адвязе куфар адной маладой лэдзі, якой належыць палова яго змесціва. Хай яна першая яго адчыніць, добра, Ўотсан?
– Мне гэта будзе надзвычай прыемна.
– Досыць нестандартная просьба… – задумаўся Джонс, качаючы галавой. – Добра, справа такая незвычайная, што я гатовы закрыць на гэта вочы. Але адразу пасля гэтага скарб трэба перадаць уладам да канца афіцыйнага расследавання.
– Безумоўна. З гэтым мы лёгка справімся. І яшчэ адзін момант. Пра некаторыя падрабязнасці справы мне б хацелася пачуць з вуснаў самога Джонатана Смола. Вы ж ведаеце, я люблю праясняць усё да канца. Спадзяюся, вы не будзеце супраць нашай з ім прыватнай гутаркі – тут, у маім доме, ці ў любым іншым месцы, канечне, пад надзейнай аховай?
– Камандуеце тут вы, а ў мяне пакуль няма нават доказаў існавання гэтага вашага Джонатана Смола. Але калі вы яго зловіце, я не бачу прычынаў адмовіць вам у гэтай размове.
– Значыць, дамовіліся?
– Дамовіліся. Што-небудзь яшчэ?
– Так. Я настойваю, каб вы з намі павячэралі. Недзе праз паўгадзіны ўсё будзе гатовае. Сёння ў нас вустрыцы, пара курапатак і невялічкі выбар белых вінаў. Ўотсан, вы яшчэ не ацанілі мае здольнасці хатняй гаспадыні.
Раздзел 10. Канец астраўляніна
Абед прайшоў вельмі весела. Калі Холмс хоча, ён можа падтрымаць надзвычай цікавую размову, і ў той вечар ён быў душой кампаніі. Здавалася, яго нервы напятыя да крайнасці. Я ніколі не бачыў яго такім гаманкім. Ён пераскокваў з тэмы на тэму, абмяркоўваючы з намі сярэднявечныя міраклі і кераміку, скрыпкі Страдывары, цэйлонскі будызм і ваенныя караблі будучыні – здавалася, ва ўсіх гэтых сферах ён разбіраецца як спецыяліст. Гэта была рэакцыя яго бліскучага розуму на чорную нуду апошніх дзён. Этэлні Джонс у вольны ад працы час аказаўся таварыскім чалавекам і падчас вячэры раскрыўся як сапраўдны эпікурэец. Мяне ж цешыла думка, што справа нашая блізкая да завяршэння, а таму я лёгка заразіўся радасцю Холмса. Ніхто ні разу не згадаў пра злачынства, якое нас сабрала.
Калі са стала прыбралі, Холмс зірнуў на гадзіннік і напоўніў партвейнам бакалы.
– Давайце вып’ем за поспех нашай маленькай вылазкі, – прамовіў ён. – А цяпер самы час ісці. Ўотсан, у вас ёсць пісталет?
– У стале ляжыць мой стары ваенны рэвальвер.
– Тады вазьміце яго з сабой. Трэба быць падрыхтаванымі. О, а вось і кэб. Я замовіў яго на палову сёмай.
У пачатку восьмай мы былі ля Ўэстмінстэрскай прыстані, дзе нас ужо чакаў катэр. Холмс крытычна яго агледзеў.
– Нешта сведчыць пра яго прыналежнасць да паліцыі?
– Так, зялёны ліхтар збоку.
– Тады прыбярыце яго.
Ліхтар прыбралі, мы падняліся на борт, і судна аддало швартовы. Джонс, Холмс і я сядзелі на карме. Адзін паліцэйскі стаяў ля руля, другі сачыў за рухавіком, яшчэ два моцныя інспектары размясціліся наперадзе.
– Куды рухаемся? – спытаў Джонс.
– Да Таўэра. Скажыце ім спыніцца ля Джэйкабсан-Ярда.
Наш катэр відавочна быў вельмі хуткі. Мы пранесліся міма доўгага шэрагу гружаных барлінаў так, нібыта яны стаялі на месцы. Калі мы дагналі рачны параход і пакінулі яго далёка ззаду, Холмс задаволена ўсміхнуўся.
– На гэтай рацэ мы, відаць, зловім каго хочаш, – прамовіў ён.
– Ну, не зусім так. Але катэраў, хутчэйшых за наш, няшмат.
– Мы мусім дагнаць «Аўрору», а яе лічаць даволі хуткай. Зараз, Ўотсан, я ўвяду вас у курс справы. Памятаеце, як мяне турбавала гэтая бязглуздая затрымка?
– А як жа.
– Ну, я вырашыў даць розуму адпачыць і пераключыўся на хімічныя доследы. Адзін з нашых вялікіх палітыкаў казаў, што змена роду дзейнасці – найлепшы адпачынак. Так яно і ёсць. Калі мне ўрэшце ўдалося раскласці вуглевадарод, я вярнуўся да праблемы братоў Шолта і яшчэ раз усё старанна абдумаў. Мае хлопцы прачасалі берагі ўверх і ўніз па рацэ – усё дарэмна. Катэра не было ні на адной прыстані ці верфі, дадому ён таксама не вяртаўся. Наўрад ці яны яго затапілі, каб схаваць сляды, хаця зусім адмовіцца ад такой версіі я не мог і пакінуў яе наастатак, калі іншыя не спраўдзяцца. Я ведаў, што гэты наш Смол па-свойму досыць хітры, але нейкай асаблівай прыдумкі чакаць ад яго не варта – для гэтага патрэбная лепшая адукацыя. Потым я падумаў, што калі ўжо ён пажыў у Лондане – а мы ведаем, што пэўны час ён бесперастанку сачыў за Пандычэры-Лодж, – то не мог у адно імгненне выехаць з краіны. Яму трэба было закончыць свае справы – а гэта дзень ці нават болей. У любым разе, надзея яго знайсці яшчэ заставалася.