– Ну, калі ён нічога кепскага не зрабіў, мы прасочым, каб з ім нічога кепскага і не здарылася. Мы сваіх кліентаў ловім хутка, але абвінавачваць іх не спяшаемся.
Было забаўна глядзець, як фанабэрысты Джонс пасля такой удалай пагоні пачынае важнічаць. Па лёгкай усмешцы, што блукала на вуснах Шэрлака Холмса, я зразумеў, што ён словы інспектара міма вушэй таксама не прапусціў.
– Хутка мы будзем ля Воксхалскага моста, – сказаў Джонс. – Там я высаджу вас, доктар Ўотсан, разам з куфрам. Наўрад ці трэба казаць, што я бяру на сябе вельмі вялікую адказнасць. Так рабіць нельга, але ўмова ёсць умова. Аднак я ўсё ж абавязаны выслаць разам з вамі аднаго са сваіх інспектараў, бо вы везяце вельмі каштоўны груз. Вы ж, безумоўна, возьмеце кэб?
– Канечне.
– Шкада, што няма ключа, а так бы мы спачатку правялі інвентарызацыю. Давядзецца ламаць. Гэй, спадару, дзе ключ?
– На дне ракі, – каротка адказаў Смол.
– Хм! Не трэба было ствараць нам дадатковыя праблемы… Мы і так з вамі намучыліся. Што ж, доктар, не мне вучыць вас асцярожнасці. Адразу ж вязіце скрыню ў сваю кватэру на Бэйкер-стрыт. Там мы вас па дарозе ва ўчастак і пачакаем.
Яны высадзілі мяне ля Воксхала разам з цяжкім жалезным куфрам і пакінулі ў таварышы шыракатварага дабрадушнага інспектара. Чвэрць гадзіны мы дабіраліся да дома місіс Форэстэр. Наш позні візіт вельмі здзівіў служанку. Яна сказала, што місіс Форэстэр не дома і вернецца няхутка. Міс Морстэн была, аднак, у гасцёўні, і менавіта туды я, узяўшы куфар, і адправіўся, пакінуўшы згаворлівага інспектара ў кэбе.
Яна сядзела ля адчыненага акна, апранутая ў лёгкую белую сукенку з чымсьці чырвоным на шыі і таліі. Мяккае святло лямпы пад абажурам падала на яе фігуру ў плеценым крэсле, асвятляла яе мілы сур’ёзны твар і змрачнаватым металічным бляскам адцяняла шыкоўныя завіткі яе пышных валасоў. Белая рука неахайна звісала з падлакотніка, і ўся пастава міс Морстэн сведчыла пра ўсёпаглынальную меланхолію. Пачуўшы мае крокі, яна ўскочыла, і яе бляклыя шчокі заліліся яркім румянцам нечаканай радасці.
– Я чула, як пад’ехаў кэб, – сказала яна, – але думала, што гэта місіс Форэстэр вяртаецца дадому раней. Я нават не ўяўляла, што гэта можаце быць вы. Вы прывезлі навіны?
– Я прывёз нешта лепшае, – адказаў я, ставячы на стол скрыню, і бадзёрым, вясёлым тонам працягнуў, хаця на сэрцы было цяжка: – Я прывёз тое, што вартае ўсіх навінаў у свеце. Я прывёз вам багацце.
Яна зірнула на жалезны куфар.
– Значыць, скарб тут? – даволі холадна спытала яна.
– Так, гэта скарб вялікай Агры. Палова яго належыць вам і палова – Тадэвушу Шолта. Кожны з вас атрымае па дзве сотні тысяч. Падумайце – гэта гадавы даход у дзесяць тысяч фунтаў! Няшмат знойдзецца ў Англіі багацейшых юных лэдзі! Хіба гэта не цудоўна?
Думаю, маё захапленне было трохі штучным, і яна гэты фальш заўважыла, бо прыпадняла брыво і з цікаўнасцю яшчэ раз мяне агледзела.
– Калі я яго і атрымала, – прамовіла яна, – то толькі дзякуючы вам.
– Не-не, – запярэчыў я, – не мне, а майму сябру Шэрлаку Холмсу. Пры ўсім сваім жаданні я ніколі не знайшоў бы ключ да гэтай справы, якая заблытала спачатку нават яго геніяльны розум. Бо мы насамрэч у апошні момант ледзь не ўпусцілі скарб.
– Прашу вас, доктар Ўотсан, прысядзьце і раскажыце падрабязней!
Я каротка расказаў ёй, што адбылося за час, які мінуў з нашай апошняй сустрэчы: пра новы метад Холмса, пошукі «Аўроры», з’яўленне Этэлні Джонса, вечаровую выправу і шалёную пагоню ўніз па Тэмзе. Мой расказ пра нашыя прыгоды яна слухала з адкрытым ад здзіўлення ротам і бліскучымі вачыма. Калі я спыніўся на калючцы, якая праляцела так блізка ад мэты, Мэры зусім збялела, і я спалохаўся, што яна страціць прытомнасць.
– Нічога страшнага, – сказала яна, калі я кінуўся наліваць ёй вады. – Са мной усё ў парадку. Проста жахнулася ад таго, што праз мяне маім сябрам давялося зазнаць такую жудасную небяспеку.
– Цяпер яна ў мінулым, – адказаў я. – Нічога кепскага не адбылося. Але страшных гісторый на сёння хопіць. Давайце пяройдзем да чаго-небудзь больш прыемнага, а менавіта да скарбу. Бо што можа быць лепшым за скарб? Мне дазволілі прынесці яго сюды, мяркуючы, што вы захочаце ўбачыць яго першай.
– Безумоўна, мне будзе вельмі цікава, – прамовіла яна, аднак палкасці ў яе голасе не чулася. Яна, без сумневу, падумала, што з яе боку было б няветліва выказваць абыякавасць да каштоўнасці, здабыць якую было так складана.