– Які прыгожы куфэрак! – сказала яна, схіліўшыся над скрыняй. – Як я разумею, індыйская праца?
– Усё правільна, бенарэскае ліццё.
– Цяжкі! – усклікнула яна, спрабуючы яго падняць. – Ужо сам куфар мусіць нямала каштаваць. А дзе ключ?
– Смол выкінуў яго ў Тэмзу, – адказаў я. – Давядзецца пазычаць у місіс Форэстэр качаргу.
На куфры вісеў цяжкі масіўны замок у выглядзе Буды. Пад яго я засунуў канец качаргі, каб выкарыстаць яе ў якасці рычага. Націснуў – і замок, гучна шчоўкнуўшы, адамкнуўся. Дрыготкімі пальцамі я адкінуў вечка. І тут мы абое застылі ад здзіўлення. Куфар быў пусты!
Яго цяжар тлумачыўся проста: сценкі і дно таўшчынёй у дзве траціны цалі былі поўнасцю жалезныя. Куфар быў масіўны, якасны і надзейны – выглядала на тое, што яго рабілі спецыяльна для перавозкі дарагіх рэчаў, – але ў ім не было ніводнага кавалачка ці хаця б крупінкі золата, ніводнага ўпрыгожання! Куфар быў абсалютна і незваротна пусты.
– Скарб знік, – мякка сказала міс Морстэн.
Калі я пачуў гэтыя словы і зразумеў, што яны значаць, з маёй душы зваліўся вялізны камень. Я не ўсведамляў нават, якім цяжарам вісеў на мне гэты скарб Агры, пакуль урэшце ад яго не вызваліўся. Гэта было эгаістычна, так, гэта было нізка і няправільна, але цяпер я адчуваў толькі адно: залатога бар’ера паміж намі болей няма.
– Дзякуй Богу! – ад усяго сэрца выгукнуў я.
Яна зірнула на мяне з лёгкай запытальнай усмешкай і пацікавілася:
– Чаму вы так кажаце?
– Бо цяпер вы зноў для мяне дасяжная, – прамовіў я, беручы яе руку. І яна яе не адняла! – Бо я кахаю вас, Мэры, кахаю так шчыра, як толькі мужчына можа кахаць жанчыну. Бо скарб, усе гэтыя багацці наклалі б на мае вусны пячатку. Цяпер, калі скарбу няма, я магу сказаць, як я вас кахаю. Вось чаму я сказаў «дзякуй Богу».
– Тады і я скажу «дзякуй Богу», – прашаптала Мэры, і я прыцягнуў яе да сябе.
Можа, нехта ў той вечар скарб і страціў, я ж ведаў дакладна, што атрымаў найвялікшае багацце ў свеце.
Раздзел 12. Незвычайная гісторыя Джонатана Смола
Інспектар, што застаўся чакаць мяне ў кэбе, аказаўся вельмі цярплівым чалавекам, бо вярнуўся я да яго зусім не хутка. Калі я паказаў пусты куфар, твар інспектара азмрочыўся.
– Узнагарода адмяняецца, – сумна сказаў ён. – Няма грошай – няма платы. Калі б скарб знайшоўся, мы з Сэмам Браўнам атрымалі б за начную працу па дзясятцы.
– Містэр Тадэвуш Шолта – багаты чалавек, – сказаў я, – ён узнагародзіць вас незалежна ад таго, ёсць скарб ці не.
Аднак інспектар сумна пакачаў галавой:
– Справа дрэнь. Думаю, містэр Джонс са мной пагодзіцца.
І ён меў рацыю, бо як толькі мы дабраліся да Бэйкер-стрыт і паказалі дэтэктыву пустую скрыню, яго твар тут жа збялеў. Холмс разам з Джонсам і вязнем самі толькі што прыехалі, бо па дарозе змянілі планы, вырашыўшы спачатку заехаць ва ўчастак і скласці справаздачу. Мой кампаньён са звыклым абыякавым выглядам разваліўся ў фатэлі, насупраць яго спакойна сядзеў Смол, паклаўшы драўляную нагу на здаровую. Калі я прадэманстраваў ім пусты куфар, Смол нахіліўся наперад і гучна засмяяўся.
– Вашых рук справа, Смол! – гнеўна закрычаў Этэлні Джонс.
– Так, маіх! Я схаваў яго там, куды вы ніколі не даберацеся, – трыумфальна ўсклікнуў вязень. – Гэта мой скарб, і калі я не скарыстаю яго, то пастараюся, каб ніхто іншы таксама не скарыстаў. Ніводны чалавек, кажу я вам, не мае на яго права, апроч тых трох, што сядзяць у андаманскіх бараках, і мяне. Я ведаю, што валодаць ім не змагу і яны не змогуць. Я стараўся не толькі для сябе, але і для іх. Знак чатырох застанецца з намі назаўсёды. Так, я ўпэўнены, што яны падтрымалі б мяне і таксама хутчэй кінулі б скарб у Тэмзу, чым дазволілі яму перайсці да дзяцей Шолта ці Морстэна. Ахмета мы забілі не для таго, каб яны абагаціліся. Скарб вы знойдзеце там, дзе ляжыць ключ і дзе спачыў Тонга. Калі я зразумеў, што ваш катэр нас нагоніць, я схаваў здабычу ў бяспечным месцы. Вашая выправа не прынесла вам ні рупіі.
– Ты падманваеш нас, Смол, – строга прамовіў Этэлні Джонс. – Калі б ты хацеў кінуць скарб у Тэмзу, было б прасцей кінуць яго туды ў куфры.
– Мне прасцей кінуць, вам прасцей знайсці, – адказаў вязень, абвёўшы нас доўгім пранізлівым позіркам. – Чалавеку, якому хапіла мазгоў мяне высачыць, хопіць мазгоў і для таго, каб вылавіць жалезны куфар з дна ракі. Цяпер жа, калі каштоўнасці раскіданыя міляў на пяць, справа ўскладніцца. Аднак мне было цяжка гэта зрабіць. Убачыўшы, што вы набліжаецеся, я ледзь не звар’яцеў. Але што тут шкадаваць! У маім жыцці былі ўзлёты, былі і падзенні, дык чаго ж плакаць над збеглым малаком.
– Справа моцна ўскладняецца, Смол, – прамовіў інспектар. – Калі б вы правасуддзю не шкодзілі, а дапамагалі, на судзе ў вас было б нашмат больш шанцаў.