– Правасуддзе?! – прарыкаў былы катаржнік. – Цудоўненькае ў вас правасуддзе! Чый гэты скарб, калі не мой? Дзе тут правасуддзе, калі мне трэба аддаць скарб таму, хто яго не заслужыў? Ведаеце, як яго заслужыў я? Дваццаць бясконцых гадоў у гэтай твані, што нясе ліхаманку, удзень працуеш пад мангравым дрэвам, ноч бавіш у кайданах у гнюсных катаржных халупах, мучышся ад маскітаў, пакутуеш на малярыю, цярпіш ад кожнага клятага чарнамазага наглядчыка – а ім так падабаецца здзекавацца з белых. Вось як я зарабіў скарб Агры – а вы гаворыце мне пра нейкае правасуддзе толькі таму, што я не хачу, каб іншыя карысталіся тым, за што я заплаціў такую страшную цану! Ды хай мяне сто разоў павесяць, хай праб’юць маю скуру адной з калючак Тонга – лепш ужо так, чым жыць у турэмнай камеры і ведаць, што хтосьці пабудаваў з маіх грошай палац і радуецца там майму багаццю!
Смол скінуў маску стоіка і абрынуў на нас дзікія грымоты сваіх словаў. Яго вочы блішчэлі, а калі ён утрапёна размахваў рукамі, наручнікі пачыналі пагрукваць і бразгатаць. Цяпер, калі я ўбачыў сапраўдны твар гэтага лютага і жарснага чалавека, я зразумеў: надзвычайны жах, які авалодаў маёрам Шолта, калі той даведаўся, што пакрыўджаны ім зняволены ўзяў яго след, быў цалкам абгрунтаваны.
– Вы забываеце, што пра гэта мы пакуль нічога не ведаем, – мякка сказаў Холмс. – Мы яшчэ не пачулі вашай гісторыі і не ўяўляем, ці законныя вашыя прэтэнзіі на скарб.
– Што ж, сэр, вы абыходзіцеся са мной вельмі ветліва, хаця я цудоўна разумею, што гэтымі бранзалетамі я абавязаны менавіта вам. Але крыўды на вас не маю. Усё было па справядлівасці. Калі хочаце пачуць маю гісторыю, хаваць яе я не буду. Усё, што я вам паведамлю, будзе чыстай праўдай, да апошняга слова. Дзякуй, шклянку, калі ласка, пастаўце сюды, я ахвотна змачу вусны, калі яны перасохнуць.
Я нарадзіўся ў графстве Вустэр непадалёк ад Першара. Думаю, калі вы зазірняце ў тыя мясціны, то знойдзеце там нямала іншых Смолаў. Я часта падумваў, ці не з’ездзіць мне туды, але ў сям’і мной ніколі асабліва не ганарыліся, і я сумняваюся, што маё з’яўленне кагосьці парадавала б. Усе яны спрэс людзі прыстойныя, ходзяць у царкву, гэта ў асноўным фермеры, якіх добра ведаюць і паважаюць у ваколіцах, я ж усё жыццё быў для іх нібыта піратам. Зрэшты, пасля таго як мне стукнула васямнаццаць, іх праблемы са мною скончыліся, бо праз адну дзяўчыну я трапіў у пераплёт і ўратаваўся, толькі завербаваўшыся ў каралеўскае войска і пайшоўшы ў трэці пяхотны полк, які акурат выпраўляўся ў Індыю.
Але лёс не даў мне паваяваць. Толькі я навучыўся хадзіць «гусіным крокам» і ўпраўляцца са зброяй, як пацягнуў мяне аднойчы чорт купацца ў Гангу. Мне яшчэ пашчасціла, што ў гэты ж час сяржант Джон Холдэр быў непадалёк на вадзе, а ён адзін з найлепшых нашых плыўцоў. Толькі даплыў я да сярэдзіны ракі – як перада мной з’явіўся кракадзіл і адцяў мне правую нагу вышэй за калена, ды так акуратненька, проста як хірург. Ад шоку і кровацячэння я страціў прытомнасць і, відаць, патануў бы, калі б Холдэр мяне не падхапіў і не выцягнуў на бераг. Пяць месяцаў я праляжаў у шпіталі, і калі ўрэшце змог з яго выбрацца, кульгаючы на гэтай прышпіленай да куксы дзеравяшцы, то зразумеў, што да вайсковай, ды і любой іншай службы я цяпер не прыдатны.
Вы ўяўляеце, што мне тады давялося перажыць? Дваццаць гадоў – а ўжо бездапаможны калека. Аднак ліха без дабра не бывае. Чалавеку на імя Эйбел Ўайт, які меў там індыгавую плантацыю, спатрэбіўся наглядчык – сачыць за кулі*. Аказалася, ён сябруе з нашым палкоўнікам, які пасля таго няшчасця моцна мне спачуваў. Карацей кажучы, на гэтае месца ён настойліва парэкамендаваў мяне, бо для працы патрабавалася шмат ездзіць конна, і пратэз мне нямоцна перашкаджаў: маёй куксы цалкам хапала для таго, каб добра трымацца ў сядле. Ад мяне патрабавалася толькі аб’язджаць плантацыю, сачыць за тым, як ідзе праца, і паведамляць пра гультаёў. Плата была някепская, жыллё – утульнае, і я ўжо быў думаў, што правяду на індыгавай плантацыі рэшту жыцця. Містэр Эйбел Ўайт быў чалавекам добрым, часта зазіраў у маю хаціну, каб выкурыць са мной люльку, бо ў тых мясцінах белыя ставяцца адно да аднаго з такой цеплынёй, пра якую тут і не чулі.
Але шчасце ніколі доўга мне не спадарожнічала. Раптам у нас без нічога ніякага пачаўся вялікі бунт. Яшчэ ўчора Індыя дыхала цішынёй і спакоем, ну, напрыклад, як Кент ці Сурэй, а сёння бац – і вось ужо дзве сотні тысяч чорных д’яблаў вырваліся на волю і краіна ператварылася ў чыстае пекла. Вы, безумоўна, ведаеце гэтую гісторыю лепш за мяне, бо я не вялікі аматар чытання. Я ведаю толькі тое, што бачыў на ўласныя вочы. Нашая плантацыя ляжала ля Матхуры, што непадалёк ад мяжы з Паўночна-Заходняй правінцыяй. Ноч за ноччу неба палымнела, асветленае ахопленымі пажарам бунгала, і дзень за днём праз нашыя землі праходзілі невялічкія групкі еўрапейцаў з жонкамі і дзецьмі, што спяшаліся ў Агру, дзе месцілася войска. Містэр Эйбел Ўайт быў чалавекам упартым. Убіў сабе ў галаву, што небяспека не такая ўжо і вялікая і што бунт як пачаўся, так і скончыцца. Ён сядзеў сабе на верандзе, папіваючы віскі і пакурваючы чаруту*, а краіна навокал была ў агні. Мы, канечне, заставаліся пры ім, я і Доўсан, які разам з жонкай займаўся рахункамі і гаспадаркай. І ўсё ж бяда да нас дабралася. Я ў той дзень акурат быў на аддаленай плантацыі і ўвечары марудна вяртаўся дадому, калі раптам на дне перасохлага глыбокага канала заўважыў нешта незразумелае. Я пад’ехаў бліжэй, і сэрца маё пахаладзела. Я зразумеў, што гэта жонка Доўсана, парэзаная на кавалкі і напалову з’едзеная шакаламі і дзікімі сабакамі. Трохі далей на дарозе ляжаў на жываце і сам Доўсан, таксама мёртвы, з пустым рэвальверам у руцэ. Побач валяліся целы чатырох сіпаяў*. Я прыпыніў каня, раздумваючы, куды павярнуць, але тут убачыў, як над бунгала Эйбела Ўайта заклубіўся густы дым, а па страсе пачаў падымацца агонь. Я зразумеў, што нічым ужо гаспадару не дапамагу, а толькі загіну, калі кінуся яго ратаваць. З таго месца, дзе я стаяў, былі відаць сотні чорных паўстанцаў у чырвоных мундзірах – яны з завываннямі танчылі вакол дома ў агні. Некаторыя паказвалі на мяне, і над маёй галавой тут жа прасвістала некалькі куляў, а таму я кінуўся прэч і паскакаў праз рысавыя палі, пакуль позняй ноччу не апынуўся за бяспечнымі мурамі Агры.