Выбрать главу

Але выявілася, што і там не надта бяспечна. Краіна гудзела, як рой пчолаў. Ангельцы збіраліся ў невялікія атрады і камандавалі толькі там, дзе маглі дабіцца гэтага зброяй. На ўсіх астатніх тэрыторыях яны ператварыліся ў бездапаможных уцекачоў. Гэта была бітва мільёнаў супраць сотняў, і самым страшным было тое, што супраць нас змагалася нашае ж адборнае войска – пяхота, кавалерыя і артылерыя. Гэта мы іх вывучылі і вымуштравалі, даўшы ім у рукі сваю зброю і свае ж горны, каб пратрубіць збор*. У Агры стаяў Трэці бенгальскі стралковы полк, некаторая колькасць сікхаў*, два атрады кавалерыі і адна батарэя. Быў таксама сфармаваны атрад дабравольцаў, куды ўвайшлі клеркі і купцы. Далучыўся і я, нягледзячы на драўляную нагу. У пачатку ліпеня мы выйшлі з Агры, каб сысціся з паўстанцамі пад Шахганджам, і пэўны час паспяхова іх стрымлівалі, але потым у нас скончыўся порах, і мы вярнуліся ў горад.

Усе навіны, якія даходзілі да нас, былі адна горшая за адну. А чаго дзівіцца – зірніце на карту, і вы зразумееце, што мы былі ў самым сэрцы паўстання. Лакхнаў больш чым за сто міляў на ўсход, Канпур – прыкладна за столькі ж на поўдзень. У які бок ні пойдзеш – усюды катаванні, забойствы і гвалт.

Агра – гэта велічнае месца, у якім заўсёды тоўпяцца фанатыкі і лютыя язычнікі ўсіх магчымых культаў. Нашая жменька ангельцаў лёгка згубілася б сярод тых вузкіх звілістых вулак. Таму наш камандзір павёў нас праз раку, і мы ўмацаваліся ў старым Агрскім форце. Не ведаю, джэнтльмены, ці чуў хто з вас калі пра тую даўнюю крэпасць. Гэта вельмі дзіўнае ўмацаванне – самае дзіўнае з тых, што я бачыў, а пабачыць мне давялося нямала незвычайнага. Па-першае, гэты форт – неверагодных памераў. Падазраю, што абарончыя муры атачалі многія акры зямлі. Па-другое, ён складаецца з двух асобных крэпасцяў. У новай, немалой па памерах, размясціўся тады наш гарнізон, жанчыны, дзеці, запасы ежы і ўсё астатняе. Але ў параўнанні са старой часткай новая была зусім дробнай. У старой забудове не жыло нікога, апроч скарпіёнаў і сараканожак. Там было мноства вялізных закінутых памяшканняў, бясконцых заблытаных галерэяў – зойдзеш і тут жа згубішся. А таму рэдка хто наважваўся зазірнуць туды, хаця час ад часу знаходзіліся смельчакі, якія бралі паходні і выпраўляліся на разведку.

Пярэдні фасад старога форта абмываўся ракой, якая такім чынам нас абараняла, аднак з іншых бакоў было шмат выхадаў, якія нашаму гарнізону трэба было вартаваць. Людзей было мала – іх ледзь хапала на тое, каб закрыць асноўныя пазіцыі і паставіць пры гарматах. Мы не маглі забяспечыць моцнай вартай кожны ўваход у крэпасць і проста ўмацавалі цэнтральны будынак, а ля кожнае брамы паставілі аднаго ангельца і двух-трох сікхаў. Мне выпала вартаваць уначы дзверы, што выходзілі на паўднёвы захад, разам з двума падначаленымі мне сікхамі. Калі нешта пойдзе не так, я мусіў адкрыць агонь, каб выклікаць з цэнтральнай аховы падмацаванне. Аднак улічваючы, што да ўмацаванага цэнтра было каля двухсот крокаў, якія трэба было бегчы праз лабірынт калідораў і галерэяў, я вельмі моцна сумняваўся, што ў выпадку сапраўднай атакі дапамога прыйдзе своечасова.