І ўсё ж я ганарыўся тым, што ў мяне быў свой маленькі атрад, бо ў войску я праслужыў усяго нічога, а яшчэ і гэтая нага. Дзве ночы я спакойна ахоўваў дзверы разам са сваімі пенджабцамі. Гэта былі высокія, лютага выгляду хлопцы, якіх звалі Магамет Сінгх і Абдула Хан, і абодва ваявалі супраць нас у Чыліянвала*. Па-ангельску яны гаварылі добра, але я з імі амаль не размаўляў. Яны звычайна трымаліся ўбаку і ўсю ноч балбаталі на сваёй дзіўнай сікхскай. Я ж часцей за ўсё стаяў вонкі, пазіраючы на шырокую звілістую раку і на мігатлівыя агні прыўкраснага горада. Дробат барабанаў, грукат тамтамаў, віскат і рыканне паўстанцаў, ашалелых ад опіуму і гашышу, усю ноч нагадвалі нам пра небяспечных суседзяў. Кожныя дзве гадзіны начны дазор абыходзіў пасты, каб упэўніцца, што ўсё ў парадку.
Трэцяя ноч маёй вахты была цёмнай і непагоднай – увесь час імжыла. Непрыемная гэта справа – гадзіну за гадзінай стаяць у такое надвор’е ля брамы. Некалькі разоў я спрабаваў загаварыць са сваімі сікхамі, але без поспеху. А другой ночы прайшоў дазор, і на некаторы час мая нуда развеялася. Зразумеўшы, што таварышы да размоваў не схільныя, я выцягнуў люльку і адклаў стрэльбу, каб чыркануць запалкай. У тое ж імгненне абодва сікхі падскочылі да мяне. Адзін схапіў маю стрэльбу і занёс яе над маёй галавой, другі ж паднёс мне да горла нож і скрозь зубы пакляўся, што прырэжа, калі я хаця б варухнуся.
Спачатку я падумаў, што мае памочнікі змовіліся з паўстанцамі і што зараз пачнецца штурм. Калі сіпаі захопяць маю браму, форт падзе, і тады нашых жанчын і дзяцей чакае лёс тых, што засталіся ў Канпуры*. Вы, джэнтльмены, можаце падумаць, што зараз я паспрабую апраўдацца, але даю вам слова гонару, што як толькі я гэта скеміў, то ўжо адкрыў быў рот, каб паклікаць на дапамогу, нягледзячы на прыстаўлены да майго горла нож – хай мой апошні крык хаця б трывогу падыме. Сікх, які ўзяў мяне ў палон, зразумеў, відаць, мае намеры, бо як толькі я напружыўся, прашаптаў: «Не шуміце. Форт у бяспецы. Сабак-паўстанцаў на нашым беразе няма». Словы яго прагучалі шчыра, да таго ж я ведаў, што варта мне ўскрыкнуць – і я мярцвяк. Я прачытаў гэта ў цёмных вачах нападніка, таму маўкліва чакаў, калі яны скажуць, што ім трэба.
– Слухайце, сахіб, – сказаў той, што выглядаў вышэйшым і люцейшым (яго звалі Абдула Хан), – зараз вы можаце альбо далучыцца да нас, альбо замоўкнуць навекі. Справа занадта важная, каб чакаць. Альбо пакляніцеся на святым крыжы, што будзеце з намі ўсім сэрцам і душой, альбо мы выкінем ваш труп у канаву і пяройдзем на бок паўстанцаў. Іншага варыянту няма. Выбірайце самі – жыццё ці смерць. Мы даём вам на роздум тры хвіліны, бо час дарагі і справу трэба скончыць да наступнага дазору.
– Як магу я выбіраць? – прамовіў я. – Вы ж не сказалі, чаго ад мяне хочаце. Але ведайце: калі справа тычыцца бяспекі форта, я адразу ж выходжу з гульні – забівайце мяне не вагаючыся.
– Форт тут ні пры чым, – адказаў Абдула. – Мы хочам толькі, каб вы зрабілі тое, дзеля чаго ангельцы да нас і прыязджаюць. Мы хочам, каб вы разбагацелі. Калі зараз вы да нас далучыцеся, мы клянёмся на аголеным клінку патройнай клятвай сікхаў, якую яшчэ ніхто не парушаў, што вы атрымаеце сваю долю здабычы. Чвэрць скарбу будзе вашая. Справядлівей не бывае.
– Але што за скарб? – спытаў я. – Разбагацець я не супраць, але як гэта можна зрабіць?
– Дык вы кленяцеся касцямі вашага бацькі, гонарам вашай маці і крыжам вашае веры ні цяпер, ні пазней не падымаць на нас руку і не выдаваць нас?
– Клянуся, – адказаў я, – пры ўмове, што форт у бяспецы.
– Тады мы з таварышам клянёмся, што вы атрымаеце чвэрць скарбу, які мы пароўну падзелім паміж намі чатырма.
– Але нас жа трое, – здзівіўся я.
– Не, Дост Акбар таксама ў долі. Пакуль мы яго чакаем, я вам усё раскажу. А ты, Магамет Сінгх, стой пакуль ля дзвярэй і, калі тыя, каго мы чакаем, з’явяцца, дай нам знак. Вось што, сахіб, зараз я вам усё раскажу, бо ведаю, што вы, ферынгі*, клятваў не парушаеце. Калі б вы былі ілжывым індусам, то колькі б ні кляліся ўсімі бажкамі з паганскіх храмаў, мой нож пакаштаваў бы вашае крыві, а рака – вашага цела. Але сікх верыць ангельцу, а ангелец верыць сікху. А таму слухайце, што я скажу.
У паўночных правінцыях жыве адзін надзвычай багаты раджа, хаця зямлі ў яго мала. Шмат багацця дасталася яму ад бацькі, яшчэ больш здабыў ён сам, бо праз сваю сквапнасць больш любіць золата збіраць, чым марнаваць. Калі выбухнула паўстанне, ён сябраваў і з ільвом, і з тыграм, то бок і з сіпаямі, і з Ост-Індскай кампаніяй. Але хутка яму падалося, што ўлада белых у Індыі скончылася, бо з усіх бакоў да яго пачалі даходзіць чуткі пра іх паразу і пагібель. Будучы, аднак, чалавекам асцярожным, ён паклапаціўся пра тое, каб у любым выпадку захаваць хаця б палову скарбу. Золата і срэбра ён схаваў у падзямеллях свайго палаца, а самыя каштоўныя камяні і найлепшыя перліны склаў у жалезны куфар, які перадаў надзейнаму слугу. Той пад выглядам гандляра мусіць прабрацца ў форт Агры, каб схаваць тут скарб да лепшых часоў. Таму калі перамогуць мяцежнікі, раджу застануцца яго грошы, калі ж Кампанія задушыць паўстанне, ён верне сабе каштоўнасці. Раздзяліўшы такім чынам казну, раджа далучыўся да сіпаяў, бо на яго землях яны мацнейшыя. Заўважце, сахіб, што ў выніку яго скарб дастанецца таму, хто не здрадзіў свайму абавязку.