Цяпер гэты фальшывы гандляр, што падарожнічае пад імем Ахмет, прыбыў у Агру і прагне трапіць у крэпасць. Яму спадарожнічае мой малочны брат Дост Акбар, які таксама ведае сакрэт. Дост Акбар паабяцаў прывесці яго сёння да нашага ўваходу ў форт. Хутка яны сюды прыйдуць, і мы з Магаметам Сінгхам іх сустрэнем. Мясціны тут закінутыя, ніхто ні пра што не даведаецца. Пра гандляра Ахмета ніхто больш не пачуе, а вялікі скарб раджы мы падзелім паміж сабой. Што вы скажаце на гэта, сахіб?
У Вустэршыры жыццё чалавека лічыцца святым і недатыкальным, але калі вакол цябе агонь і кроў, ты сустракаешся са смерцю на кожным кроку. Мне не было справы да таго, застанецца гэты Ахмет жыць ці не, аднак словы пра каштоўнасці запалі глыбока ў сэрца. Я падумаў, што было б някепска вярнуцца на сваю старую радзіму з такой кучай грошай і што суседзі добра так здзівяцца, калі ўбачаць, што іх вечны лайдак прыехаў з Індыі з кішэнямі, набітымі золатам. Рашэнне было прынятае. Аднак Абдула Хан, мяркуючы, што я вагаюся, працягваў.
– Падумайце, сахіб, – казаў ён, – калі гэты чалавек трапіць у рукі камандзіра, яго ўсё адно павесяць альбо застрэляць, а каштоўнасці забярэ ўрад. Нікому тады не дастанецца і рупіі. А калі ўжо мы гатовыя ўзяць яго, чаму б нам не ўзяць і ўсё астатняе? У нас скарбу будзе не горш, чым у казне Кампаніі. Яго хопіць на тое, каб зрабіць усіх нас багацеямі і вялікімі панамі. Але ніхто пра гэта не дазнаецца, бо мы тут зусім адны. Усё грае нам на руку. Дык паўтарыце ж, сахіб, яшчэ раз: вы з намі ці супраць нас?
– Я з вамі ўсім сэрцам і душой, – адказаў я.
– Цудоўна, – прамовіў сікх, вяртаючы мне зброю. – Бачыце, мы вам давяраем, бо вы свайго слова не парушыце – як і мы свайго. Засталося толькі дачакацца майго брата і гандляра.
– Твой брат ведае, што тут намячаецца? – удакладніў я.
– Ён гэта і прыдумаў. Сам усё спланаваў. А цяпер хадзем да Магамета Сінгха.
Дождж ліў не спыняючыся, бо акурат пачаўся сезон дажджоў. У небе плылі цяжкія цёмныя хмары, бачнасць была ўсяго на некалькіх крокаў. Перад нашымі дзвярыма ляжаў глыбокі роў, але вада ў ім амаль высахла, і перайсці яго было нескладана. Было неяк дзіўна стаяць там з двума пенджабцамі, чакаючы чалавека, што спяшаецца насустрач смерці.
Раптам мае вочы выхапілі з цемры па той бок рова водбліск зацененага ліхтара. Ён тут жа знік за пясчанымі пагоркамі, але потым зноў з’явіўся, паволі рухаючыся ў наш бок.
– Вось і яны! – шапнуў я.
– Гукніце іх, сахіб, як робіцца ў такіх выпадках, – прамовіў Абдула. – Галоўнае – не спужайце. Адпраўце нас разам з імі, і мы самі ўсё зробім. А вы пакуль стойце на варце. Падрыхтуйце ліхтар, каб мы ўпэўніліся, што гэта і праўда наш чалавек.
Мігатлівае святло ліхтара то рухалася ў наш бок, то спынялася, пакуль я ўрэшце не ўбачыў па іншы бок рова дзве цьмяныя фігуры. Я пачакаў, пакуль яны спусцяцца па стромкім беразе ўніз, прашлёпаюць па гразкім дне і ўскараскаюцца да самай брамы, і толькі тады прыглушаным голасам запытаў:
– Хто там?
– Сябры, – пачуўся адказ.
Я адкрыў ліхтар і пасвяціў на іх. Першым ішоў вялізны сікх з чорнай барадой, якая спадала ледзь не да самага камербанда*. Такіх высокіх людзей я раней бачыў толькі ў цырку. Другі ж быў нізенькім таўстуном з жоўтым турбанам і клункам, заматаным у шаль. Таўстун увесь дрыжаў ад жаху, яго рукі трэсліся ў ліхаманцы, а маленькія зыркія вочкі бегалі туды-сюды – як у мышы, калі тая асмеліцца выпаўзці з норкі. Па маёй скуры таксама прабеглі дрыжыкі, калі я падумаў, што зараз гэтага чалавека заб’юць, але я пераключыўся на скарб, і сэрца зрабілася цвёрдым як крэмень. Убачыўшы мой белы твар, таўстун радасна зашчабятаў і падскочыў да мяне.
– Я, бедны і няшчасны гандляр Ахмет, шукаю вашай абароны, сахіб, – задыхаўся ён. – Я прайшоў праз усю Раджпутану, спадзеючыся знайсці прыстанішча ў надзейных мурах агрскай цвярдыні. Мяне рабавалі, білі і ганьбілі за тое, што я падтрымліваю Кампанію. Сённяшняя ноч блаславёная, бо я ўрэшце аказаўся ў бяспецы – я і мае сціплыя пажыткі.