Хутка я заўважыў дзіўнае: вайскоўцы заўсёды прайгравалі, а цывільныя – выйгравалі. Вы не думайце, што я лічыў кагосьці махляром, проста так атрымлівалася. Гэтыя старыя турэмшчыкі амаль нічым тут, на Андаманскіх астравах, апроч картаў, і не займаліся, яны дасканала вывучылі звычкі сваіх партнёраў, якія, у сваю чаргу, сядалі за карты толькі каб забіць час. Вечар за вечарам вайскоўцы марнавалі свае прыбыткі, і чым бяднейшымі яны рабіліся, тым больш іх вабіла гульня. Найбольш цярпеў маёр Шолта. Спачатку ён расплачваўся золатам і банкнотамі, але неўзабаве пачаў выдаваць распіскі на вельмі вялікія сумы. Часам ён у некалькіх раздачах выйграваў (думаю, гэта рабілася наўмысна), але потым удача, жорсткая, як ніколі, адварочвала ад яго. Цэлымі днямі ён туляўся змрочны як хмара і пачаў выпіваць больш, чым варта было б.
Аднаго вечару ён прайграў нават больш, чым звычайна. Я акурат сядзеў у сваёй халупе, калі ён разам з капітанам Морстэнам брылі, хістаючыся, дадому. Яны, гэтыя двое, былі добрыя дружбакі і ніколі не расставаліся. Маёр бедаваў пра свае страты.
– Мне канец, Морстэн, – прамовіў ён, калі яны праходзілі міма хаціны. – Трэба падаваць у адстаўку. Я зруйнаваны.
– Што за глупства, дружа! – адказаў другі, ляпаючы яго па плячы. – Мае справы не лепшыя за твае, але…
Больш я нічога не пачуў, але гэтая размова прымусіла мяне задумацца.
Праз некалькі дзён маёр Шолта прагульваўся па беразе, і я вырашыў з ім загаварыць.
– Мне трэба вашая парада, маёр, – сказаў я.
– Што такое, Смол? – спытаў ён, вымаючы з рота цыгару.
– Хачу спытаць у вас, сэр, – прадоўжыў я, – якой афіцыйнай асобе лепш расказаць пра схаваны скарб. Я ведаю, дзе ляжаць каштоўнасці на паўмільёна, і калі ўжо не магу скарыстацца імі сам, то, думаю, варта перадаць іх уладам. Можа, тады мне скароцяць тэрмін.
– Паўмільёна, Смол? – перапытаў ён, ледзь пераводзячы дых і пільна гледзячы на мяне, каб зразумець, ці не жартую я.
– Так і ёсць, сэр, камяні і жэмчуг. Узяць іх можа любы чалавек. А валодае каштоўнасцямі, як гэта ні дзіўна, катаржнік, які не можа імі скарыстацца, так што фактычна яны належаць таму, хто да іх першым дабярэцца.
– Яны належаць уладам, Смол, уладам, – запінаючыся, прагаварыў маёр, але голас яго гучаў нерашуча, і я ведаў, што цяпер ён мой.
– Дык вы думаеце, мне трэба расказаць пра ўсё генерал-губернатару? – абыякава спытаў я.
– Не, не, спяшацца не варта, а то пасля можна і пашкадаваць. Раскажы мне пра гэта, Смол. Усё, што ведаеш.
Я расказаў яму сваю гісторыю з некаторымі зменамі, каб ён не змог пазнаць месца. Калі я скончыў, ён доўга стаяў у задуменні і здранцвенні. Па рухах яго вуснаў я зразумеў, што ў яго душы ідзе сапраўдная барацьба.
– Справа вельмі сур’ёзная, Смол, – урэшце сказаў ён. – Пакуль не кажы нікому ні слова, хутка мы пагаворым з табой зноў.
Праз дзве ночы ён прыйшоў у маю хаціну разам з капітанам Морстэнам.
– Я хачу, Смол, каб капітан Морстэн таксама пачуў гэтую гісторыю з тваіх вуснаў, – прамовіў ён.
Я паўтарыў расказ у той жа версіі, што і раней.
– Праўдападобна гучыць, га? – спытаў у сябра маёр. – Я б заняўся.
Капітан Морстэн кіўнуў.
– Вось што, Смол, – звярнуўся да мяне маёр. – Мы тут з сябрам усё абгаварылі і прыйшлі да высновы, што ўладам ведаць твой сакрэт неабавязкова. Гэта твая прыватная справа, і ты можаш рабіць са сваёй таямніцай усё што хочаш. Пытанне цяпер у тым, што табе трэба ў абмен на яе. Мы б маглі з’ездзіць па твой скарб ці прынамсі за ім прыгледзець, калі, безумоўна, зможам з табой паладзіць.
Голас маёра гучаў холадна і абыякава, але бляск у вачах выдаваў хваляванне і прагу.
– Ну што ж, джэнтльмены, – адказаў я, стараючыся гаварыць спакойна, але адчуваючы такое самае хваляванне, – у маім становішчы чалавеку трэба толькі адно. Калі вы дапаможаце мне і маім сябрам выбрацца на волю, мы возьмем вас у долю і выдзелім на дваіх пятую частку скарбу.
– Хм… – прамармытаў маёр. – Пятую частку… Не так і прынадна.
– Але гэта пяцьдзясят тысяч на кожнага, – сказаў я.
– Але як мы вас вызвалім? Ты ж ведаеш, што просіш немагчымага.
– Ні ў якім разе! – запярэчыў я. – Я ўжо ўсё прадумаў. Збегчы адсюль мы не можам толькі таму, што ў нас няма прыдатнай для такога плавання лодкі і запасу правізіі, якой хапіла б на час падарожжа. Але ў Калькуце і Мадрасе хапае яхтаў і ялаў, якія цудоўна б нам падышлі. Дык прывядзіце адну якую сюды. Ноччу мы ў яе пагрузімся, і калі вы даставіце нас у любое месца на індыйскім узбярэжжы, то атрымаеце сваю долю.