Выбрать главу

Рычардас Станюлiс, здаецца, адчуў, пра што задумаўся Вiлюс. Паглядаў на яго з усмешачкай. Трохi робленай, праўда; Вiлюс прыкмецiў гэтую iронiю ўжо ў першы дзень iхняга знаёмства. Вось i зараз Рычардас са звыклай кплiвасцю прапанаваў:

— Ды што там, падзялiся ўспамiнамi, як у дзяцiнстве на балоце журавiны збiраў!..

Вiлюс выцягнуў стомленыя за дзень ногi, пацёр далонню лыткi.

— Магу прыдумаць, калi трэба для твайго нарыса. Хоць папраўдзе — журавiн не збiраў, вакол нас былi саснякi. Пясок. А ўсёй вады — плыткая ручаiнка, больш падобная на канаву. Я нават плаваць як след не навучыўся.

— Тады падзялiся ўражаннямi, як па грыбы хадзiў. Падасiнавiкi, абабкi, лiсiчкi i ўсялякiя масляты… Чаму маўчыш? Атмасфера самая адпаведная: вечар цiхi, нават камары не кусаюць, — не сунiмаўся Рычардас.

— Няма ахвоты. Мiнулае… Ты болей мог бы расказаць рознага, бо шмат ездзiў.

— Нiчога цiкавага не магу прыдумаць.

— А навошта прыдумляць? Ты ж журналiст… — бясстрасна сказаў Вiлюс.

Рычардас толькi плячыма пацiснуў.

А Вiлюс усмiхнуўся. Да гэтага часу Рычардас мала казаў пра сваю работу. Зразумела, хiба шмат цiкавага бачыць журналiст, якi пiша пра сельскую гаспадарку? Ва ўсiх артыкулах адно i тое ж: больш малака, мяса, збожжа; сяўба, уборка, кармленне, даенне; ганьба лайдакам i раскрадальнiкам… Слухача гэткiм толькi адпудзiш, Вiлюс так i сазаў Рычардасу пад час адной размовы.

— А гэтыя развалiны маглi б i прыбраць, — сказаў Вiлюс, ён вырашыў змянiць тэму. — Хоць яны i ажыўляюць пейзаж, нагадваюць пра былое.

— Ты пра мост? Гiсторыя простая: узарвалi нашы, калi адступалi.

— Дык i ты пра тое-сёе ведаеш!.. — здзiвiўся Вiлюс. — Не толькi сачыняеш у сваiх артыкулах…

— Выпадкова даведаўся. Ездзiў у суседнi калгас да мелiяратараў. Прараба не застаў, а без матэрыялу вяртацца не хацелася. Завiтаў да следапытаў васьмiгодкi. Добры музей яны стварылi — я пра гэта пiсаў… - Рычардас памаўчаў. У ягоным голасе не было заўсёднай iронii. — А ўвогуле як след ведаю толькi галоўныя бiтвы, як i ты. Школьны падручнiк гiсторыi, энная старонка, некалькi радкоў… Пра масты ў падручнiках не пiшуць. Месца б не хапiла.

— Мужыкi, хопiць ваяваць! — аклiкнула iх Вiлюсава жонка. — Гарбата стыне.

— З жанчынамi, зразумелая рэч, не паваюеш! — пажартаваў Вiлюс. — Яны загадваюць своечасова есцi, своечасова спаць… Буры некалi прайгралi вайну з ангельцамi толькi таму, што цягалi з сабой манаткi i сваiх жонак…

Ягоныя словы перарвала сухая пстрычка. Неверагодна гучная была гэтая пстрычка, вiдаць, таму, што нiхто не чакаў яе ў гэтай цiшынi.

Вiлюс узняў галаву.

На другiм краю выспачкi, кроках у дваццацi, стаяў яго сынок i сцiскаў у руцэ гранату. Хлопчыкаву постаць асвятляла трапяткое полымя вогнiшча.

Над вогнiшчам як бы застыў вялiзны цемнакрылы матылёк. Крылы яго ўжо лiзнуў зыркi агонь, а матылёк падаў i ўсё не мог упасцi, павiс у паветры. Матылёк не махаў крыламi, i полымя не займалася яскравей. Матыльку было страшна — так доўга падаць у пякучае сонца.

Вецер зусiм сцiхнуў, i было цёмна вакол. А iскрынка, што вылецела з вогнiшча, гарэла без трэску, роўным агнём, як падвешаны на парашуце лiхтар, такi зыркi на фоне чорнага неба.

Пасля пстрычкi мiнула хвiлiна, другая, трэцяя.

Граната павiнна была ўзарвацца праз тры секунды. Вiлюс ведаў гэта, кiдаў такiя гранаты ў армii, з глыбокага акопа, i ледзь паспяваў нагнуцца, выпусцiўшы яе з пальцаў, як асколкi са свiстам праносiлiся над брустверам… А зараз ён не мог варухнуцца, кiнуцца да малога. Тры секунды — вельмi многа i вельмi мала, але трэба паспець…

I чалавек у заляпанай граззю салдацкай вопратцы, вiдаць, ведаў гэта на памяць. Кiнуўся да здранцвелага дзiцяцi, вырваў з рукi гранату i, амаль не замахваючыся, шпурнуў яе ў балота.

Адразу ж узляцеў слуп вады i глею. Рэха выбуху не вярнулася назад.

* * *

Гарбата была гарачая. Салдат пiў не спяшаючыся, сцiскаючы ў далонях кубак, быццам грэў азяблыя рукi. А вечар быў цёплы, i вогнiшча гарэла горача. Ад мокрай вопраткi салдата iшла пара.

Жанчыны прапаноўвалi салдату кiлбасы, нарэзанага скрылiкамi кумпяка, але той адмовiўся, толькi папрасiў яшчэ вару. Дастаў з кiшэнi галету, жаваў яе, раз-пораз макаючы ў гарбату. I жанчыны замоўклi, баючыся пакрыўдзiць салдата перабольшанай увагай, не ведаючы, як яму аддзячыць.