Цiшыня доўжылася; усiм стала нават нiякавата.
А Вiлюс даўно ўжо хацеў спытацца, што тут робiць салдат i як ён гэтак незаўважна i, галоўнае, своечасова апынуўся на выспачцы. Вiлюс нават падумаў, што гэта актор, што дзе-небудзь паблiзу, можа, ля ўзарванага моста, атабарылася здымачная група, ставiць фiльм пра вайну; але чалавек так рашуча схапiў гранату… Як сапраўдны салдат — умець трэба.
— Трэба ўмець… — услых падумаў Вiлюс.
— Служба, — адказаў салдат.
— Служыце, значыцца?
— Ваюем… Усе ваюем. Ды лепш тым, што наступаюць. Адступаць вельмi ўжо цяжка…
Салдат засяроджана глядзеў на цёмна-бурую, у цемры зусiм чорную ваду балотнага акна i думаў: яна пабурэла не толькi ад усюдыiсных часцiнак жалеза, што тояцца ў зямлi. Мiналi стагоддзi, а ў балотах танулi закаваныя ў жалеза рыцары, радзелi разнамоўныя полчышчы. Толькi ж за апошнiя паўстагоддзя двойчы пракацiўся па балоце вогненны вiхор, штораз пакiдаючы ў iм частку сваёй бясконцай лютасцi. Лютасцi, якую душылi не балоты.
— А мне чагось падумалася — вы тут на здымках. — Вiлюс засмяяўся, яму чамусьцi сталася лягчэй, калi даведаўся, што салдат — сапраўдны салдат i проста выканаў свой абавязак. Ды i акторы — народ iнтэлектуальны, з iмi i размова iншая, ды i абыходжанне не тое. Пачуваешся нiякавата, калi гутарыш са славутасцямi. — Хоць фiльмы пра вайну — таксама рэч добрая. Людзi павiнны ведаць пра вайну, пра салдацкую прафесiю. — Вiлюс на хвiлiну запнуўся, падумаўшы, што не гэтак выказаўся. — Але, тады нiчога не забудзецца. Зараз багата добрых карцiн пра вайну. — Папраўдзе, Вiлюс не любiў фiльмы пра вайну, хадзiў на iх рэдка, хiба што на адзначаныя на фестывалях. Але зараз, калi салдат выратаваў яго сынка, не з рукi было казаць iнакш.
Вiлюс паглядзеў на чарнавата-бурую ваду i падумаў, што вайна скончылася даўно. Калi пачаць успамiнаць, давядзецца згадваць вельмi шмат чаго, а ўсё было так даўно, што хутка нiдзе на нашай зямлi не застанецца гранат, якiя не ўзарвалiся, — iх знiшчыць час…
— У кiно вайну паказваюць, — сказаў салдат.
— Глядзець страшна, — дадаў Вiлюс.
Зоркi мiгцелi цьмяна, па-восеньску. За кругам, акрэсленым полымем вогнiшча, застыла напружаная цемра, толькi дзе-нiдзе ўсыпаная нерухомымi агеньчыкамi — адлюстраванымi свяцiламi.
— Мне пара, — сказаў салдат i паглядзеў на зоркi. — Пара.
— Пераначавалi б з намi, — прапанаваў Вiлюс. — Месца хопiць, спальны мяшок знойдзецца. Куды вы цяпер пойдзеце — цемра суцэльная, яшчэ ў дрыгву патрапiце.
— Трэба. — Салдат устаў. — Служба, пазнiцца не выпадае.
Салдат ступiў у цемру. Чорны сiлуэт растварыўся ў тумане. Мiльгануў яшчэ раз, закрываючы адлюстраванне зорак у вадзе, i знiк. Як бы i не было чалавека.
— Я тут не заблукаю.
Гэтыя словы прагучалi выразна, быццам сказаныя побач, i людзi на выспачцы ўздрыгнулi.
Мужчынам не спалася. Леглi яны разам з усiмi, праварочалiся з боку на бок добрую гадзiну, але сон не iшоў. Зараз яны сядзелi ля пагаслага вогнiшча. Пойдуць папалiць — так сказалi жонкам.
Вiлюс дымiў ужо не першай цыгарэтай, усё паварочваючыся да намёта, што цямнеў у густым тумане. Зрэдку апаноўвала неадольнае жаданне зiрнуць на сынка, ён уставаў i, падкраўшыся да намёта, прыслухоўваўся. Усярэдзiне было цiха. Сынок спакойна соп, напэўна, так i не зразумеўшы, што яму пагражала гадзiну назад.
— Агiдная работа ў гэтага салдата, — сказаў Вiлюс. — Нават памылiцца нельга.
— Як у час ён паспеў… - вiдаць, у дзесяты раз паўтарыў Рычардас.
— У час…
Туман згушчаўся, кропелькi, што плавалi ў паветры, рабiлi вiльготнай вопратку, але мужчыны не адчувалi нi сырасцi, нi холаду. А за Нёманам глуха грукацелi выбухi, па небе блукалi промнi пражэктараў — няяркiя, размытыя, як светлыя палосы, вычарчаныя на кепскай паперы. Грозна ракацелi цяжкiя самалёты. Вiдаць, там праходзiлi манеўры, i тысячы чалавек — салдаты, афiцэры, генералы — не спалi гэтай ноччу.
— Нават уначы чалавеку выспацца не даюць!.. — буркнуў Вiлюс.
— Бывае, гэтыя заняткi патрэбны i ў мiрны час… А цябе, пэўна, мала старшына ганяў.
— Я санiтарам быў, - агрызнуўся Вiлюс.
Рычардас змаўчаў.
— Лепш бы зусiм не было армiй! — сказаў Вiлюс.
— Можа, i не будзе калi-небудзь. Забудуць людзi пра вайну. Стануць…
— Журналiстамi!.. — таропка ўставiў Вiлюс, узрадаваўшыся магчымасцi змянiць размову. I чаму ён сам не кiнуўся тады да малога?..
Удалечынi ўсё грукаталi выбухi, а начныя птушкi на балоце маўчалi.