— Гэта ўжо хто кiм пажадае… — працягнуў Рычардас.
У баку моста раптоўна шугануў слiпучы слуп полымя. Белае ненатуральнае святло азарыла балота; i мужчынам падалося, што каркас моста ажыў, узняўся ў паветра i застыў — у адно iмгненне.
Даляцела запозненая выбуховая хваля.
— Няўжо… памылiўся? — прашаптаў Вiлюс.
— Напэўна, вучэбная грукнула. Або звер нейкi на мiну напароўся, — спакойна запярэчыў Рычардас.
— Заўтра з самай ранiцы iдзём адгэтуль.
— Ды ўжо ж, пасля гэтага журавiны збiраць не станеш… Такое ўражанне, быццам на фронт трапiлi.
— Якое шчасце, што можна iсцi спаць i заўтра мiрна прачнуцца, — умiхнуўся Вiлюс.
Гэты выбух быў апошнi. Сталася зусiм цiха. Пагаслi промнi пражэктараў адначасна, разам з рэхам выбуху.
Зноў танюткiм галаском пiскнула iвалга i тут жа змоўкла, вырашыла, што не пасуе ёй, дзённай птушцы, спяваць сярод начы.
Да шашы было далёка. Гужам iшлi яны вузкай сцяжынай, пратаптанай цераз поле, i Вiлюс крочыў апошнi. Дзецi хутка ўцiхамiрылiся, але потым сталi ныць, i маткi моўчкi цягнулi iх за рукi, быццам баючыся спазнiцца. А спяшацца не было куды.
Нарэшце паказалася шаша. Здалёку свяцiўся аўтобусны прыпынак, адзначаны жоўтым дыскам.
Дошка з раскладам аблупiлася. Але Рычардасу ўдалося неяк разабраць, што аўтобус на Вiльню прыйдзе праз гадзiну. Ён азiрнуўся.
Вiлюс стаяў убаку i глядзеў некуды ўдалеч.
— Паслухай… — сказаў, падышоўшы да яго, Рычардас. — Не, бадай, не варта…
— Ды кажы.
— Лухта, — махнуў рукой Рычардас. — Праўда, часам усялякае глупства ў галаву лезе. Нават дзiўна… Давай пагуляем, чаго тут тырчаць…
Вiлюс паслухмяна пайшоў за Рычардасам.
Крочылi яны ўскрай шашы. Прайшлi даволi далёка, але Вiлюс нi пра што не пытаўся — куды яны iдуць, што хацеў сказаць Рычардас. Бадай, Вiлюс нават не заўважыў, як далёка яны адышлi ад прыпынку.
— Мне ўвесь час здаецца, што я ўжо бачыў гэтага салдата, — нарэшце загаварыў Рычардас. — Сапраўды дзiўна.
— Трэба было спытацца.
— Я толькi сёння ўзгадаў.
— Шмат ездзiш. Сустракаешся з людзьмi.
— Вось менавiта, сустракаюся…
Трохi далей ад шашы стаяў доўгi цагляны будынак, абнесены жывой загароджай з глогу. У двор вяла пасыпаная друзам дарожка.
— Школа, — паведамiў Рычардас. — Зойдзем?
Вiлюс толькi пацiснуў плячыма. Часу яшчэ было багата, i яму ўсё роўна, куды iсцi. Не хацелася вяртацца на прыпанак, яму не было пра што размаўляць з жонкай.
Калiдор з белымi сценамi, на якiх вiселi плакаты, дыяграмы i насценгазеты, пуставаў. Толькi ў класах, за дзвярыма, на якiх чарнелi таблiчкi з светлымi рымскiмi лiчбамi, прыглушана гучалi галасы настаўнiкаў.
— Усе на ўроках, — сказаў Вiлюс i чамусьцi груба дадаў: — А ты, вядома, надумаў карэспандэнцыю напiсаць? На аўтобус не паспеем.
— Спадзяюся, дзверы не замкнёныя…
Вiлюс не зразумеў.
Рычардас штурхнуў адны дзверы, i яны прачынiлiся.
На палiцах былi раскладзены пагнутыя шлемы, iржавае дула кулямёта, асколкi снарадаў, пажоўклы сшытак. Насупраць, на сцяне, вiсеў вялiкi партрэт салдата, вiдаць, перазняты са старой фатаграфii.
— Я ведаў, што гэта ён, — нягучна сказаў Рычардас. — Не памылiўся…
Пад партрэтам чарнеў надпiс: «Загiнуў 22 чэрвеня 1941 года, узрываючы мост з фашысцкiмi танкамi».
— Не! — закрычаў Вiлюс. — Не!..