Выбрать главу

Бліжэй пасябравалі мы з ім праз рыбалку.

Многа шчасця было ўжо ў самой падрыхтоўцы да тае рыбалкі, у працэсе наладжвання вудаў. Галоўнымі былі тут зазубень-кручок і вудзільна. Адзін трэба было купіць, а другое загадзя падрыхтаваць. Найлепш — арэшыну, доўга-танклявую, роўную ды яшчэ і выпрастаную ў пазе сцяны знадворку, прыцягнуўшы той светла-карычневы, драпясценькі, сям-там гузаваты прут прабоямі, якіх таксама трэба самому насекчы ды назагінаць з калючага дроту. Шура, нягледзячы на свой «сцягач», рабіў усё гэта вельмі спраўна, я яму трохі памагаў, а больш дык прыглядаўся, змалку не надта спрытны сам, але ахвочы любавацца майстравітасцю іншых. Потым мы браліся за шнуры. На іх ішло валасенне з конскага хваста, абавязкова белае. Белых коней было ў Аўсяніках мала, дый не да кожнага даступішся, а то яшчэ і па вушах заробіш ад гаспадара. За ўсіх адказваў стары сівак адзінокай удавы Яроміхі, худы, папярэшчаны грэчкай Павел Бурэ, «поставщик, двора его величества». Так назваў яго Тонін дзед Прочым, у камізэлі ў якога, на ланцужку, бываў часамі, у свята якое, гадзіннік з дробненькім надпісам на покрыўцы, з сярэдзіны. Павел Бурэ таксама ведаў нашага брата. Спачатку ён адступаўся, касавурыўся, цяжка, няўдала іўкаў, каб катораму прыпаяць, аднак, акружаны, здаваўся. Так бывала з ім часта, так зрабілі і мы з Шурам. Ён трымаў яго «сцягачом» за грыву, другою рукой за храпу, а я ўжо — таксама смеласці трэба і асцярогі! — натузваў пасмачкамі валасні. З гусінымі паплаўкамі і волавам на грузіла клопату было менш. А найменш з чарвякамі ці з хлебным мякішам, на што мы вудзілі.

Дзяўчаты пусцілі нас на рэчку апоўдні, а вярнуліся мы ўжо разам з каровамі. І пайшлі з Шурам адразу да нас. Раман пасмяяўся з такога ўлову: дзве плотачкі, акунь і трынаццаць келбікаў-печкуроў. Ён сказаў тады нават: «Найлепш, кажуць, тая рыба, што чухаецца аб плот». Але мы сваю рыбу пачысцілі, і мама нам яе падсмажыла. Гэта было ў нядзелю, Раман прынядзеліўся і кудысьці пайшоў, а мама есці з намі не захацела. «І так жа ў вас тое рыбы добраму кату на хап!» А наша вячэра, ужо пры лямпе, была вельмі смачная. Звычайна ж бывала так, што «пойдзем да вас — ты паабедаеш, потым да нас — я паабедаю», а тут — Шура ў нас, і мы сядзім, ямо, а наша мама глядзіць і ўсміхаецца: «Во рыбакі!..» А ў Шуры ж мамы няма, і наогул… ну, гэта так добра, што вось мы ў нас, за нашым сталом, і ямо, і гаворым. А мама нам і чаю яшчэ дала салодкага, — ліпавы цвет, запараны ў гаршку, — і хлеба маслам памазала.

Пасля яды я быў з самага малку прывучаны хрысціцца, нават малітву гаварыць: «Благодарю тебя, Создатель…» Каровіным пастухом маліцца я пачаў адвыкаць, тым больш няёмка было пры чужых, але хрысціцца яшчэ ўсё хрысціўся. А Шура тады ўстаў, паглядзеў на іконы на покуці, надзьмуўся, здаволены, і нібы выдыхнуў:

— Годзь-дзе!

Мне было трохі смешна, а больш дык зайздросна, ці што — во якая свабода! Ды што ж, ён старэйшы…

Добра гэта — мець сябра, большага за цябе.

Сябравалі мы, хлапчукі, і з дзяўчатамі. Сябраванне тое было спачатку такім, як у мяне з Тоняй, у кожнай парачкі ці тройкі дружбакоў крыху па-свойму. Гэта дома яшчэ, пакуль мы не пасвілі, і на першай свіной пасьбе таксама.

У свіных пастушкоў гульні былі яшчэ зусім дзіцячыя.

Скажам, сёння мы капалі новую печку ў адкосе вузкакалейкі або, калі старая печка была яшчэ добрая, гульню пачыналі адразу са снедання. Як заўсёды былі выбраны тата і мама, дзед і бабуля, сыны і дочкі, і кожны стараўся адпавядаць сваёй ролі: кашляць, бурчэць, камандаваць, сварыцца, плакаць — паўтаралася тое, што мы бачылі дома. Сёння была ў спектаклі нядзеля, і снедалі мы, як заўсёды ў святы дзень, аладкамі, напёкшы іх з пяску. Потым сям'я збіралася хто куды. Дзед і бабуля «лезлі на печ»: проста сядалі трохі збоку, дзед бухукаў, а баба нешта ўсё наракала. Тата з мамай ехалі ў госці: сядалі воддаль на траве, тата цмокаў на ўяўнага каня, сцябаў яго сапраўднай пугай і ледзь не зусім па-даросламу лаяўся, а мама, на гэты раз, па нечай маме, была разважлівая, дакарала спакойна: «Паспеем, не гані ты яго, учора за дзень наараўсё». Моладзь ладзіла танцы, у нас казалі: гуляннё. Выбіраліся музыканты. Адзін рэпіў на скрыпцы, кійком па кійку, другі заліхвацка расцягваў уяўны гармонік, трэці барабаніў кіем па зямлі і, для поўнага падабенства, дзынкаў губамі, пераймаючы медныя талеркі. Гарманіст гудзеў сваё «тува-тува-тува», а скрыпач то падцілінькваў яму, то спяваў па-вясельнаму:

Дылі, дылі, дылі, едуць маладыя, едуць маладыя на сівай кабыле. Кабыла кульгачка, пад хвастом балячка…