Пасля танцаў моладзь разыходзілася парамі, «ухаджваць». Сядзелі, абдымаліся, хіхікалі. Потым тата і мама вярталіся з гасцей. Тата быў п'яны. Бабуля з печы лаяла яго, дзед кашляў, добрая мама ўсіх супакойвала, а потым ужо лажыліся спаць: дзед з бабай сабе, тата з мамай сабе, усе паабдымаўшыся, як тыя парачкі, што яшчэ ўсё буркавалі на сваіх «лаўках».
Такія спектаклі без гледачоў, калі не лічыць свіней, што трохі воддаль, абыякава плямкалі ды парохквалі на адкосах вузкакалейкі, кожны раз наладжваліся па-іншаму. Бывалі святы, бывалі і будні, калі мы і пралі, і ткалі, і падшывалі лапці, і калолі вепрука, і аралі… Вепруком артысты бывалі ахвотна, піск пад уяўнай швайкай бываў страшэнны. Хто іграў ролю плуга, той лажыўся на спіну і задзіраў ногі, за ступакі якіх араты трымаўся, як за ручкі, цмокаючы на ўяўнага каня і падганяючы яго нагою пад плугаў азадак. Словам, усё, чаго не хапала, жыва ўяўлялася, бо галоўнае — былі мы самі, заўсёды нястомныя, цікаўныя, з вострай памяццю, назіральнасцю, уяўленнем.
Гульні свіных пастушкоў былі працягам гульняў вольнага часу, гадоў да шасці, калі гулялася яшчэ зусім наіўна. Праўда, ужо і тады мы часамі хадзілі на сена, дзе гуртам гулялі ў «тату і маму»: лажыліся спаць, абдымаліся, ціскаліся, але ва ўсім гэтым не было яшчэ ні разумення, ні сораму, хоць ад вялікіх мы і хаваліся. Разуменне і сорам прыйшлі пазней, спакваля — трохі тады, калі мы ўжо выганялі свіней, а яшчэ больш — калі пасвілі кароў, калі найменшаму, як мне, магло быць дзевяць, а найбольшаму і трынаццаць, як нашай Мані Вароне.
Вучыліся ўсе ад усіх, і вучыцца было ад каго. Першы, штодзённы прыклад прастаты адносін давала прырода. З самага малку, калі ў чалавека бывае найбольш ненатольных «чаму?», мы бачылі, як гэта робіць усё жывое. Слоўнік для акрэслення таго, і брыдкага, і панаднага, быў адпаведна багаты. Коні палявалі, каровы бегалі, свінні гукалі, авечкі маркатавалі, сабакі гандлявалі, каты марцавалі. Пра птушак, усіх аднолькава, гаварылася: граюць. І куры, і буслы, і вераб'і, і галубы. У буслоў гэта адбывалася пад самым небам, на гумне, а ў галубоў найпрыгажэй: яны спачатку доўга цалаваліся, пяшчотна гудучы. Вясной славутая трэска лезла на трэску. Нават жабы і тыя паркаваліся, цяжка скакалі верхам адна на адной, і гэта называлася нерасам. Што было смешна, а што — напрыклад, галубы — ужо і хвалявала нас, не называючыся каханнем.
Не лічачы звычайнай і штодзённай грубасці, прастаты ў акрэсліванні ўсяго сваімі словамі, была яшчэ і мацярная лаянка, якое мужчыны навалаклі з усіх казармаў царскай імперыі, а потым ужо і польскага «паньства», дзяржавы. Не ўсе бацькі асцерагаліся гаварыць пра гэта пры малых. У цясноце хат маладыя, жанатыя не заўсёды спалі ў каморы і не заўсёды маглі дачакацца, пакуль тыя хатнія паснуць. А хто і не вельмі хацеў засынаць, прыслухоўваўся, хоць і набегаўся за дзень на пашы. Прочымаў Цімох ажаніўся, як гаварылася, на вельмі прыгожай Зосі з далёкай вёскі. Мы, хлапчукі, падпільнавалі, як тая тоненькая Зося купалася раз адна ў рацэ, а потым гуртам абмяркоўвалі і тое, што пабачылі, і тое, што ўяўлялася ў дачыненні з целюкаватым здаравяком Цімохам. Сабраўшыся на вуліцы ці, зімою, у нечай хаце, мужчыны маглі свабодна ўзняць і такую тэму: «Ну, хлопцы, давай раскажам, як у каго было ў першую ноч». І ўсё гэта пры малых, не вельмі іх адганяючы, калі на вуліцы, а ў хаце нібы не памятаючы, хто іх слухае з печы. Каханне дзецюкоў з дзяўчатамі, у асноўным патаемнае, выходзіла наверх то вяселлем, то гаворкаю пра тое, як тая ці іншая няўдала скінула, ад чаго «бедная» або і «сучка гэтая» вось і «сохне цяпер», то спробамі атруціцца самой ці піхнуць у рэчку шчаслівейшую суперніцу, а то і проста цяжарнасцю ашуканай дзяўчыны, з якое тады за вочы і ў вочы кпілі: «Што, з'ела павука?..»
Зімой, на масленіцу, жанчыны гулялі «на доўгі лён»: каб ён ім улетку добра ўрадзіў. Спачатку пакуль валіцца на сані ды імчацца з песнямі ў другую вёску, яны галёкалі ў чыёй-небудзь хаце, а мы і дарослыя дзецюкі і мужчыны стаялі ды начэквалі цікавага. І яно пасля пачыналася. Трохі падвыпіўшы, маладзіцы і весялейшыя цёткі з крыкам і смехам высыпалі на вуліцу. Некаторыя былі «за мужчын», у шапках і ў портках, намазаўшы сажай вусы, а порткі ўзброіўшы морквінай ці тонкім бураком. Мама мая гаварыла, што як жанчына вылаяцца матам, дык пад ёю на цэлы сажань углыбіню загарыцца зямля — такі грэх. Бабы звычайна і не лаяліся па-мужчынску, у сварках далей «пацалуй ты мне» ці «а во табе» не даходзіла. А цяпер, на масленіцу, быў і мат, нейкі нягеглы ў вуснах жанчын, і такія прыпеўкі, што проста не верылася: няўжо тая ці гэтая, маладая ці трохі старэйшая цётка цішком насіла ў сабе дагэтуль ажно такую смешную брыдоту… Ды што казаць пра маладых… Дзед Богуш быў добры, разумны і смелы. Пра дабрату яго я ведаў і сам. Раз я прыпасваў свае каровы на папары, паміж Прочымавым жытам і Богушавым аўсом, трохі прыціх, задумаўся седзячы, потым прылёг і, заўсёды гатовы, заснуў…