Для смеху былі гульні і яшчэ менш чыстыя. Калі хто часам і адыдзецца задалёка, прыляжа і, размораны спёкай, засне, — пастух жа заўсёды недасыпае, — яго асцярожненька, пры ўсеагульным напружаным маўчанні трохі намазвалі свежым каровіным. Не намазвалі нават, а толькі рабілі вусы. Тады пабудзяць крыкам-рогатам, а ён, пакуль здагадаецца, пачынае выцірацца, а потым бяжыць да вады. Не лічылася гэта ні брыдкім, ні крыўдным, бо такое, як і стаць апошнім у лічылцы, магло здарыцца з кожным. З усякім гноем, які называўся прасцей, мы, на свой пастухоўскі лад, абыходзіліся па-гаспадарску: сухія каровіны ляпёшкі кідалі ў вогнішча, а конскае, перасохлае, здаўна лічылася настолькі ўжо чыстым, што яго церушылі ў махорку, калі яе нехта прыносіў часамі з дому. А то смалілі і без махоркі, абы дым. Гэта была ўжо адзнака нашай мужчынскай даросласці.
Такою ж адзнакай былі і праверкі, якія мы, хлопцы, сяды-тады рабілі ў дзяўчат. Калі тая праверка ўголас і знарок раптоўна, як трывога, аб'яўлялася, дзяўчаты кідаліся ўцякаць, мы іх лавілі, па двух ці трох на адну, і, пакаціўшы на траву, загольвалі ды глядзелі, ці ўсё ў яе ўжо як у дзевак. Адна пры гэтым намагалася абараняцца, па-дзяўчацку няўдала менцячы перад сабой кіёчкам, нашай агульнай пастухоўскай зброяй, а потым, ужо на праверцы, плакала і дарэмна крычала. А другая і не ўцякала лішне, бо куды ты ўцячэш. Яшчэ і смяялася, пакуль яе «правяралі».
Тоня абаранялася і крычала найбольш. І як мага старалася апынуцца побач з Маняй…
Сярод хлопцаў я быў найменшы, аднак не адставаў, нават часамі стараўся найбольш. І Тоня аднойчы, ужо абараніўшыся, седзячы побач з Маняй, як пад аховай у тае, сказала мне, што стаў задыхана перад імі:
— Дурань ты, Ігага! Я вось скажу тваёй маме!..
Ігага — гэта мая мянушка. Я нарадзіўся ў бежанстве, калі па новаму стылю, дык пятага чэрвеня, у дзень святога Ігара. І поп, «не мудрствуя лукаво», так мяне і назваў. А маме, калі кумы вярнуліся, вельмі не спадабалася маё імя: «Ігага нейкае! Будзе лепш Юрык». Адтуль яно і прыйшло — з Тамбоўскай губерні ў нашы Аўсянікі: ці мама, ці Раман, ці і сам я прагаварыўся. Дый цяпер яно так: каму я Ігар, каму Ігар Міхайлавіч, а каму, па-сваяцку ды па-зямляцку, і Юрык, добра, што ўжо не Ігага, хоць і на гэта я, пачуўшы даўняе, вясёлае, адразу азірнуўся б…
Але тады мяне, ад Тоні, не мянушка, і не «дурань», не страх перад мамай збянтэжылі.
Крываротая, аднавокая Маня Варона і ў той дзень, як заўсёды на нашых праверках, сядзела моўчкі, панура прыгорбленая. Можа, якраз і хочучы, каб і яе, як усіх… Ды мы яе ніколі, аніразу не зачапілі.
Чаму?
Гэтае страшнае «чаму» я тады, гледзячы ў знявечаны вайною твар нашай горкай сяброўкі, адчуў як быццам упершыню. «Каб гэта цяля ці аўца…» — пачуўся мне голас дзядзькі Цыбука. Здалося нават, што вось я вазьму — у сонцы такім, на траве — уголас, як малы, заплачу…
7
Калі на пашы над усімі намі верхаводзіў Шура, дык у школе я адчуваў сябе амаль што раўнёю з ім, а ў нечым і першым. Мы вучыліся ў адным класе — пасля ваеннага ліхалецця многа было пераросткаў, і класы былі па ўзросту няроўныя, — да таго ж я вучыўся лепш, нямала дапамагаў Аляксандру Сяргеевічу, выручаў яго, і гэта, як адчуванне раўнавагі ў нашай дружбе, было мне прыемна.
Школа стаяла трохі наводшыбе, бліжэй да гасцінца. Стары, шэры даміна пад гонтавым дахам, з незвычайна для вёскі вялікімі вокнамі. Адзін пакой на ўсе тры класы, калідор, у якім мы распраналіся, і пакойчык настаўніка. Раней, для нашых бацькоў ці старэйшых сямейнікаў, школа была расейскай, царкоўнапрыходскай, а для нас яна стала польскай, «паўшэхнай», і арудаваў тут малады паляк, які нядаўна прыехаў недзе з-пад Кракава ці Жэшува, каб тут на новы лад даводзіць нам, што мы — дзеці народа без імені, без роднай мовы. Ва ўсім гэтым, праўда, спачатку лепш разбіраліся старэйшыя, а для нас, дакладней — пры нас, «пан навучыцель» часцей за ўсё выглядаў квактухай пры качанятах. Гімназіст-недавучка, падмацаваны настаўніцкімі курсамі, нібы фанабэрысты трохі, нібы прастадушны, не злосны, чужаніца гэты, каб вучыць нас на сваёй мове, павінен быў хоць трохі разбірацца ў нашай, у звычаях іншага асяроддзя. Спачатку ён разбіраўся неяк сам, а неўзабаве знайшоў памочніцу. За паўтара кіламетра ад нашых Аўсянікаў быў моцны хутар «без'языкага», Кучуры, які гаварыў пра самога сябе: «Я — Куцура, маленькі памесцыцак». У яго была Верачка, якую ў нас называлі Цукерка, таксама недавучка, толькі ўжо з расейскай гімназіі. Наш пан Сатурнін Комар хадзіў туды нешта з паўгода, потым Цукерка павянчалася з ім у нясвіжскім касцёле і стала паняй Камаровай, а ён для «памесцыцка» — ганаровым зяцем. І жыць перабраўся на хутар, пакойчык пры школе назваўшы канцылярыяй.