І нас у школе было не ўтрымаць. І сам Камар з намі стаяў, і Цукерка прыйшла памаленьку, спачатку ў школу з хутара, а потым і на гасцінец, жывот прыкрыўшы расшпіленым плашчыкам. Наша школьная чарада, крыху ўперамешку з дарослымі, была найбольшая.
На адным і на другім выездзе з Аўсянікаў стаялі пешыя паліцыянты. З вінтоўкамі, і кожны яшчэ з «божым пальцам» — паўметровай гумовай палкай, культурным кіем, на англійскі ўзор, але ўжо сваёй вытворчасці. А потым і пан камендант паказаўся ад Мілтачоў, дзе ў іх быў «пастарунак».
Трэба думаць, што ён і гэтым разам не павітаўся б з людзьмі, як тады, калі яму адказаў дзед Богуш, але ж цяпер стаялі тут, у натоўпе, і свае. Ён важна казырнуў па-вайсковаму, двума пальцамі, пані Веры сказаў «цалуен рончкі», а пану Сатурніну «чэсць!». Было б, відаць, і яшчэ што-небудзь, але тут…
Тут мне трэба спачатку агаварыцца шырэй.
У Мілтачах апроч пастарунка былі яшчэ царква, крамы вакол рыначнай плошчы, пошта, пякарня, заезд, бальніца і школа-сямігодка, куды з навакольных вёсак хадзілі, закончыўшы такую, як наша, трохкласную. Была і добраахвотная пажарная каманда, пры якой нядаўна арганізавалі духавы аркестр. Трэцяга мая, у свята канстытуцыі, Камар вадзіў нас у Мілтачы, і там мы чулі, як той аркестр два разы зайграў «Ешчэ Польска…», перад мітынгам і пасля. А тады пажарнікі пайшлі па плошчы і па вуліцы — пад марш.
Перад аркестрам пайшоў пан камендант. Ужо і мы, малыя, ведалі, хто ён такі, што такое панская паліцыя. Наш Камар — няхай сабе ён і не злосны, а то і вясёлы бывае, — не прыехаў бы сюды з-за свету, марочыць нас на свой лад, каб не было гэтай паліцыі. Яна высочвае, арыштоўвае, катуе ў склепе той мураванкі, дзе пастарунак, а потым гоніць у турму ўсіх тых дзецюкоў і дзевак, што хочуць, каб і тут, як у Саветах, толькі за трыццаць два кіламетры адгэтуль на ўсход, не было маёнткаў і розных іншых багацеяў, у вёсках і ў гарадах, а каб усё было для тых, хто многа працуе, а сам усё бедны ды бедны. І каб школа была ў нас свая, на роднай мове. Такіх людзей — пад паліцэйскім канвоем, у кайданках — мы ўжо не раз бачылі на нашым гасцінцы: яны ўсё тутэйшыя — з Рыкавіч, з Хвоева, з Пагудзенкі і з іншых вёсак, што навокал Мілтачоў. Сядзяць у турме і нашы: Суботаў Кастусь, што вучыўся ў Наваградскай беларускай гімназіі, і дзядзька Хведар, Шураў сваяк, пляменнік дзеда Богуша.
І ён, гэты пан камендант, — не проста задавака, а галоўны кат. Так пра яго і гавораць.
Ён не проста ішоў перад строем пажарнай каманды — яшчэ і шаблю сваю з похвы выхапіў, трымаў перад сабой упоперак. І галаву задзёр. У круглай сіняй шапцы з вялікім, акантаваным бляхай козырам. Грукату мноства ног не чуваць было ад галёкання труб. Пажарнікі прайшлі ў канец брукаванай вуліцы, павярнулі назад. Ужо і трубы хрыпяць слінява ад стомы, і камендант спацеў, ачмурэлы ад фанабэрыі, а ўсё яшчэ тупае, задзірае наглянцаваныя боты, трымае шаблю, талопіцца толькі наперад і трохі ўгару. Калі ж параўняўся з людзьмі — усё-такі зірнуў убок, дзе на краі натоўпу стаяла ягоная пані і пані іншых паноў. Пан камендант не проста паглядзеў на іх — ён яшчэ раптам… высалапіў язык! І жонцы, і ўсім. Звычайны, тоўсты, чырвоны язык. І жонка яго, і ўсе іншыя пані — настаўніцы, жонкі паліцэйскіх, ужэнднікаў, навакольных падпанкаў і багацейшых асаднікаў — таксама ж ведалі, што за нялюдскую работу робіць ён у сваім пастарунку. Аднак на гэтага ката яны глядзелі па-іншаму, з чужога для нас боку. Для іх высалаплены язык пана Зыгмуся — гэта было так молада, так гарэзліва-міла, што не толькі жонка яго, але і ўсе іншыя пані заўсміхаліся, загаманілі і запляскалі далонькамі ў пальчатках.
Гэты язык і воплескі я прыгадаў, калі пан камендант пад'ехаў да нашай чарады пры гасцінцы і павітаўся — толькі з Камарамі. Ён хацеў яшчэ штосьці сказаць, ды тут з-за ўзгорка выгудзеў новы адкрыты легкавік. Камендантава сівая кабыліца — не сказаць, што такі ўжо агонь, — раптам упудзілася, ірванула з месца галопам, панесла! Не па гасцінцы, а ў поле — па бульбе, па аўсе, па жыце — наўпоперак загонаў, зверху ўніз, у даліну… Яздок, расставіўшы локці, бездапаможна тузаўся на ёй, усё далей, далей ад нас. А наўздагон яму пераможна, нібы нарэшце дачакаўшыся такога, грымнуў рогат і крык — і дарослых, і наш, са свістам у пальцы.