Выбрать главу

Днямі я думаў, а дакладней сказаўшы — у маіх гадах неяк зноў па-дзіцячы адчуў, які гэта цуд, якое шчасце — зрабіць вясною шпакоўню. І смешна стала, успомніўшы, як я вучыў дачку-пяцікласніцу рабіць «домік шпаку». Было ў яе такое хатняе заданне, па недарэчнай у гэтым выпадку політэхнізацыі. Так захапіўся бацька, паказваючы, што сам і пачаў, і кончыў. Не хапала толькі бярозы, каб разуцца і залезці найвышэй. Ды не ісці ж мне было за Таццянай у школу.

І другое ўспомнілася. Вохрысты, з белымі, светлымі вокнамі дом майго друга ў далёкім райцэнтры. Самаробны столік у садзе, вінёўка з яшчэ сакавіта-зялёнай лістотай і недаспелымі грушамі, а ў лістоце ды ў грушах, высока — шпакоўня. Упершыню для мяне такая пацешна незвычайная, бо аж на дзевяць паверхаў, суцэльная.

Зяма, спакойны і салідны Залман Хаімавіч, добры настаўнік беларускай мовы і літаратуры, быў ужо тады на заўчаснай пенсіі, па здароўі, падарваным двума франтавымі раненнямі. У Зямы ўнукі-школьнікі, шпакоўню гэтую было каму задумаць і змайстраваць, аднак я, гледзячы на яго безнадзейна бледны, дарэшты стомлены твар, спытаўся, кіўнуўшы галавой угару, на шпакоўню:

— Твая работа?

— Толькі праект, — усміхнуўся ён у адказ. Ціха было і сонечна, як быццам стомлена-ціха і сонечна і, разумеецца, журботна на душы. Мы даўгавата не бачыліся і, як гаворыцца, зноў богведама калі… Дый наогул… Мы, яго родныя і сябры, ужо ведалі тое, чаго ён як быццам не ведаў. А тут пахла садам і агародам адразу, бо стол стаяў у траве, паміж вінёўкай і яблыняй, побач быў агарод, і ў ім, з-за градаў з рознымі морквамі ды пятрушкамі, падсыхаў вяла-духмяны картаплянік, пах якога я вельмі люблю, з маленства. З самага верхняга, з дзевятага акенца шпакоўні лена, з паўзамі, цвыркаў уніз шэры кум-верабей, нібы маркотны ад безрабоцця камендант апусцелага на канікулы інтэрната.

Зяма ўспомніў пра іншае, не пра наш педінстытут.

— Вясной, як толькі шпакі вернуцца, гэтая іх вышынная будыніна пераліваецца… Як нейкая жалейка. Або той губны гармонік.

Ён не сказаў, чый гармонік, — мы з ім маўчалі пра адно, кожны сабе згадаўшы даўняе. Блазнаватага, добрага дзядзьку Шымана, пастуха, што быў калісьці, да польскай улады, паштальёнам у далёкім расейскім горадзе, але і там не растраціў свае вясковасці, не зжыў свайго маленства, і, вярнуўшыся ў Мілтачы, любіў і мог іграць, пасучы. Больш ніколі ў жыцці я не чуў, каб хто так хораша іграў на такой, здавалася б, дзіцячай забаўцы — на губным гармоніку. У адзіноце, самому сабе і таму, хто не жартам папросіць і добра слухае. Мы з Зямам слухалі, і ён уважыў нас два ці нават тры разы. Калі я ўжо ў іхнюю местачковую школу хадзіў і Зяма мяне часамі трохі праводзіў. Ціха, захоплена іграючы, Шыман стаяў, а мы сядзелі на траве, і нам было вельмі добра. Як і тады, калі мы ігралі ўдвух з Валодзем Казаком, ён на скрыпцы, я на мандаліне. Найбольш усё працяжныя, журботныя мелодыі…

Пакуль нам з Валодзем іграць удвух, ён пілікаў адзін, а яшчэ раней, да школы, ён не іграў.

Ігралі шпакі, берасцянкі, жаўранкі. Хто ў голлі дрэў, яшчэ без лістоты, а хто за гумнамі, над полем, яшчэ сырым, з рэшткамі шэрага снегу ў барознах.

Вось мы з Валодзем рэжам дровы, так сказаць, памагаем Раману. Забаўляемся — пакуль прыйдзе. Богушаў дзядзька Іван, які ўчора памагаў увесь дзень, а сёння, пра што сказаў увечары, крышку прыпозніцца, бо трэба хлеб у печ пасадзіць. Раман коле ўчора нарэзаныя круглякі, а нам з Валодзем дазволіў трохі пакоўгаць разаком. «Толькі пальцаў сабе не адпілуйце!..» Бярозавае палена мы выбралі з горбы каля плота самі — найлягчэйшае, каб няцяжка было падняць яго на козлы, ну, і яшчэ з адной думкай…

Сонечна. З-за гумна, калі ў нас стане зусім ціха, чуваць, як звоніць-шчабеча-заліваецца жаўранак — адзін, а мо і больш іх там, бо песня такая, што нібы і з усіх бакоў, не толькі зверху. А на старой бярозе, што ад вуліцы, шчабеча шпак. Ды так жа стараецца, так ужо крыльцамі разводзіць, ахае ды ойкае, і па-кашэчы табе, і ледзь не па-салаўінаму, і смехам, і як пакрыўджана, што нам — хоць ты зусім не рэж, а толькі слухай…

Але мы рэжам, завіхаемся. Разак шоргае і звініць, раз-пораз згінаецца, пырскае пілавіннем, і вось, нарэшце, наша першае палена — шах! — ападае на зямлю. Тады нам чуваць і жаўранак з-за гумна і шпак, яшчэ лепш, з бярозы. Бо і Раман якраз не гахкае — паставіў кругляк на калодзе, а сам глядзіць на нас. Валодзя падсвіствае шпаку, і хоць гэта ў яго, як заўсёды, выходзіць амаль па-шпачынаму, той, каля нашай шпакоўні, як быццам і зусім не чуе — так заняты песняй. Раман пакінуў пазіраць на нас, зноў гахкае, і мы з Казаком прыступаем да выканання свайго намеру…

Канец палена адпілаваўся роўна. Адступіўшы на шырыню двух маіх пальцаў, мы пачынаем адразаць сабе качулку. Гэтак жа проста гэта, калі ты збоку глядзіш, а цяпер… Разак наш скача. Пальцам збоку яго, як гэта робяць дарослыя, не прытрымаеш на патрэбнай лініі, бо ўсё-такі боязна палец той падстаўляць. Адзін няўдалы надрэз… Другі… Усё не так!.. А тут яшчэ да маіх ног раптам падбег, прычапіўся мой Мурза. Зусім яшчэ шчанюк. Ён то крадзе што-небудзь, атопак які ў каморы ці дзяркач у кухні, і ўсё стараецца лепш перахаваць; ён то ў хаце са мною разыдзецца на падлозе, і мама кажа, што ёй тады не пазнаць, дзе хлопец, дзе шчанюк; ён то сядзе, мой Мурза, у адчыненай брамцы, глядзіць на вуліцу і, як стары, нешта ўсё думае… А вось жа недзе быў, прыбег!..