Выбрать главу

Што ж, можна і адпачыць, тым больш што з качулкай ніяк не выходзіць. Валодзя пускае сваю руку, я цягну разак на сябе і прысланяю яго да нашага палена на козлах, а свой канец, сваю ручку кладу на зямлю. Мурза гыркае, глуха бармоча, учапіўшыся на ўсе зубы ў маё рукаво, а я траплю сыравата-халаднаватай далонню другое рукі яго мяккія, цёплыя вушы. Тут ён пускае маё рукаво, хоча схапіць за руку. Не кусае, а толькі зубамі казычацца. І Валодзя гладзіць Мурзу. А той і на Валодзю агрызаецца. Мы так з ім раздурэліся, што не заўважылі, як нехта падыходзіў. Мурза першы заўважыў, разгаўкаўся.

— Што, — зверху спытаўся дзядзька Іван, — сабраліся вераб'і ды вошай б'юць? Здароў, Раман! — І на Мурзу: — Ай-ёячкі, які ж ты страшны! Сціхні! Ну!..

Над шчанюком, малым і ўедлівым, — вялізны чалавечына, Чэп-дрэп. І мы з Казаком засмяяліся. Мы ўжо даўно ведалі, чаму дзядзьку Івана так празываюць. Дзед Богуш, — гэта яшчэ даўней было, — купіў у Мілтачах гадзіннік-ходзікі, а дадому вярнуўся позна, калі малы Іван ужо спаў. І ўранні ён, як на сваю бяду, расказваў дзецям на вуліцы:

«А шоння ноччу я прачнуўша і не шпаў, і мяне шон не браў. Бо на шчане ў наш нешто ўшо: чэп-дрэп, чэп-дрэп!..»

Дзядзька Іван вельмі добры. Ён і карміў мяне з Шурам не раз, і з печы нас не праганяў, калі ў іхняй хаце былі вечарынкі, і стрыг абодвух «пад бручку». Шуру глядзіць ён, як маці, а сам такі здаравенны, што хату, здаецца, падніме, і такі даўгатвары, што можа ўзяць, і браў ужо, у рот гусінае яйцо, зубы і губы стуліць, а яно потым цэлае…

Аднойчы ў нядзелю, калі мы ішлі купацца, разам вялікія і малыя, вялікія пачалі на лузе гуляць у чахарду. Адзін прыгнецца на калена нізенька, другі разбяжыцца — гоп! — цераз яго, і сам адбегся і прыгнуўся — для таго, хто за ім. І так — адзін за адным, адзін за адным. Спачатку толькі дзецюкі скакалі, а мы, падшыванцы, беглі збоку. Потым Шура не вытрымаў — разгаляваўся і гоцнуў цераз нашага Рамана. Ёсць! Разагнаўся зноў, падбег, адштурхнуўся аберуч ад крыжа свайго здаравеннага дзядзькі, таксама гоцнуў здорава і — ну, далей!.. Я, як і ўсюды, за ім. Цераз Рамана мне, можа, і ўдалося б, аднак я даў адразу на Чэп-дрэпа. Падскочыў, здаецца, нядрэнна, ды дзядзька Іван быў для мяне ажно вельмі задоўгі ды зашырокі, і я засеў на ягоным крыжы.

— Што ты там кешкаешся, як жаба на купіне, злазь! — па-бабску вякнуў ён і, трасянуўшы азадкам, скінуў мяне ў траву.

А ўжо тым часам цераз яго махнуў наш Раман. І сам Чэп-дрэп усхапіўся, паляцеў да крайняга. І мне прыйшлося ўсіх даганяць. Было і крыўдна, і весела, і ганарыўся я нават, што вось і пасядзеў хоць трохі на такім вялікім!..

Тое адчуванне — крыху гордае, а значна больш вясёлае цяпер — вярнулася да мяне; дзядзька Іван, Чэп-дрэп — такі здаравенны, а я каб трошкі, дык і пераскочыў бы!.. А тут жа яшчэ і Мурза, і шпак, і сонейка!.. І вось мы з Казаком, як згаварыўшыся, смяемся. Нібы з таго, што мой цюцька зусім не баіцца вялізнага дзядзькі Івана, а дзядзька наш сказаў ніколі не чутае — пра вераб'ёў, якія вошай б'юць.

— Ну, вэк, малыя, — загадаў Чэп-дрэп. — Давай, Раман, рэзаць. А то мне скора і хлеб ісці даставаць.

Тут ён заўважыў на канцы палена наш раздвоены-растроены надрэз і ўцяміў:

— Качулкі захацелася? Мы вам іх зараз нашастаем.

Разак — нібы зусім не той: шах-мах, і вось яны, адна за адной, адваліліся ад палена на зямлю і не забрудзіліся — дзве качулкі. Чысценькія, кругленькія, з бяроставай скарыначкай — яшчэ адна радасць прадвесня. Як яны пахнуць у нашых руках і як гэта добра — спрытна шпурнуць качулку, каб пакацілася да таго, хто яе адаб'е кіем назад на цябе, каб ты адбіў, каб яна пакацілася, паскакала па нашай падсохлай вуліцы, а то і загула над зямлёю, нібы снарад!..

І мы з Валодзем, а Мурза за намі, пабеглі з двара.

У той дзень цэвак сукаць не трэба было, бо мама не ткала. Яны з цёткай Жэняй снавалі новае. Сярод хаты — мала яшчэ тых кроснаў было! — стаяла рыплівая сноўніца, мая мама снавала, размахваючы сноўніцу, а Валодзева пільнавала клубкоў.