Выбрать главу

Гэта ўжо мы з Казаком засталі іх так, калі, да потнай стомы нагуляўшыся, вярнуліся да нас.

Шырокая на ўсю хату сноўніца, ганяючы вецер, шугала, як карусель, пра якую аднойчы расказваў Раман; мы асцярожна абышлі яе каля самай сцяны, прабраліся да стала.

— Ужо і поўдзень, богу дзякаваць, — сказала цётка Жэня.

Цяпер я разумею, а тады не разумеў, што гэта ў яе быў намёк. Дома дык цётка і спыталася б у Валодзі: «Есці ўжо хочаш, сынок?» Мама намёк той зразумела.

— Вось даснуем яшчэ гэта, — сказала яна, — дый будзем абедаць. І Раман з Іванам прыйдуць. Юрык, вы там кніжку якую-небудзь, пакуль што…

А мы з Казаком якраз пра гэта і дамаўляліся, ідучы з качулкі. Хоць і есці, вядома, хацелася.

13

Калі мы вярнуліся з бежанства, у нашай хаце мяне ўразіла мноства дзвярэй і іконаў.

Пазней стала ясна, што дзвярэй тых чацвёра: з двара ў сенцы, з сенцаў адны ў хату, другія ў кухню-бакоўку, чацвёртыя — з кухні ў хату. А як узяць усё ў адваротным парадку, дык гэта ж яшчэ з хаты ў кухню, з кухні ў сенцы, з сенцаў або на двор, або назад у хату… Як многа! Былі і пятыя дзверы, з сенцаў у каморку, але яны былі замкнёныя і не ішлі ў гульню — я толькі пастаяў перад імі і зноў кінуўся ў свой лабірынт. Не мог нацешыцца, бегаў, тупаў, смяяўся і крычаў, клічучы ўсіх падзяліць маю радасць ад гэтага дзіва.

А ў мамы з Раманам толькі і радасці было, што хоць хата не згарэла. Яны не бегалі, не смяяліся, і я іх радасці не адчуваў — была ў мяне свая.

Другое дзіва — малюнкі на покуці. Зноў жа, як аказалася пазней, іх было толькі восем, яны і тут называліся іконамі, і мама кожную з іх растлумачвала мне: госпад бог, святая багародзіца, божы ўгоднік, святыя анёлы… А я, хоць і раней, у горадзе, бачыў іконы ў тым пакойчыку, дзе мы жылі, і ў царкве, куды мяне мама вадзіла, цяпер, у хаце з мноствам дзвярэй, бачыў на мностве ашклёных малюнкаў сваё. Адзін дзед, тры дзяды барадатыя, адзін дзядзька, дзве цёткі з белымі крыламі, хлопчык у свае мамы на руках… А яшчэ і дрэвы, і рэчка, халаты нейкія, крыжы, кароны і ўсё іншае, што я ўжо мог назваць і чаго не мог, — усё гэта зялёнае, чырвонае, сіняе, залатое…

Апроч тых, што на покуці, быў яшчэ малюнак і ў міжваконні. Таксама пад шклом, але большы, і там былі белыя лебедзі, сіняе возера, зялёныя дрэвы і чырвоны замак, як мне сказаў пра гэты дом Раман.

На ўсе гэтыя дзівы-малюнкі я, першы раз у хаце, глядзеў не адразу, а добра набегаўшыся, нібы толькі тады іх і заўважыў. Потым на ўсё гэта глядзелася значна пільней, асабліва ў мароз ці ў слату, калі не пушчалі на двор і было вельмі сумна. Многа дзіцячай задумы цягнулася перад гэтым святым і не святым тандэтам. Думаецца цяпер: а каб жа не такая муць, а змалку добрае, мастацкае?..

Затое ж была ў нас прырода, якая кожны дзень паказвала ўсё новую ды новую красу, хвалявала і таямніцамі і іх штодзённым радасным раскрыццём. Уражвала і летняй шматколернасцю палёў, і нізкай навальнічнай хмарай з яркім размахам вясёлкі, і нечым зусім невялічкім, як тыя «люстэрачкі» — сінія пёркі на крылах качара або гудлівы чмель на малінавай шышачцы канюшыннай кветкі.

І былі яшчэ кнігі. Вельмі нямнога іх, але і такія былі, што з «цацкамі», як гаварылі мае новыя вясковыя сябрукі.

Карціну Мясаедава «Касцы» я ўбачыў у Рускім музеі ўжо на чацвёртым дзесятку гадоў. І так цікава было, па-даросламу, і ўсцешыўся, як ад сустрэчы з даўняй радасцю. Успомнілася «цацка» ў кнізе, якую калісьці гартаў — можа, з Тоняй ці з Казаком, а то і адзін, яшчэ не ўмеючы чытаць. Звычайная некаляровая застаўка. Адна з тых «цацак», што так вабілі, цягнулі да кнігі, да новых таямніцаў, няхай сабе спачатку падсвядома, але ж і моцна, пераканаўча гаварылі пра тое, што ў сталасці і для мяне, выкладчыка роднай літаратуры, стала называцца сувяззю слова, мастацтва з жыццём. І тыя касцы, адзін за адным, і тое жыта на кніжнай застаўцы, шорстка і залаціста спякотнае, і зеляніна ды кветкі пустазелля, і злёгку бела-воблачнае неба — усё такое бачыў я і на нашым полі.

Вялікі свет быў тады значна большы, бо і ва ўсім найменшым, калі пільна прыгледзецца зблізку, ён быў вялікі. І ўжо не толькі кніжная застаўка, але і значна меншая «буквіца», «сюжэтны ініцыял», з якім-небудзь васільком у траве ці ластаўкай у палёце мог усхваляваць на ўсю душу. Іменна сувяззю з усім тым, што акружала мяне, што ўражвала паэзіяй, музыкай казкі, якое так прагне кожнае дзіця.

Літары мне паказаў і складаць іх — да школы, расейскія — навучыў Раман. Далей пайшло ў мяне само.

Перш за ўсё — подпісы пад малюнкамі. Адны літары растлумачвалі тыя малюнкі, а іншыя рабілі іх нават яшчэ больш таямнічымі. Так было, скажам, з «венгерскай пуштай», дзе калодзежная вага. Дзіцячых кніжак у нас не было, яны прыйшлі пазней, у школе, і прабівацца да цікавага ў тых кнігах, якія былі ў нас ці ў Шуры, і ў тых, якія прыносіў ад каго-небудзь Раман, даводзілася нялёгка. Сам ён, Раман, чытаў вельмі многа, «абы дарваўся», як гаварыла мама, але часцей за ўсё моўчкі. Памятаю толькі «Дуброўскага», якога ён па мамінай просьбе прачытаў уголас, аднак з усёй аповесці мне з тых зімовых вечароў найжывей помніцца сцэна пажару, калі каваль Архіп, са сваім «как не так», ратаваў на страсе палаючай адрыны кошку. Памятаю і сон Раскольнікава са «Злачынства і кары», бо толькі той сон Раман і прачытаў нам, маме і мне. Пра тое, як п'яныя дурні — толькі так мне тады здавалася — білі да смерці каня, а хлопчык Родзя цалаваў яго і плакаў…