Мама смяялася з мяне: «Во дзе лёгкі на слёзы, як сабака на сік!..» А з ёю і Раман тады смяяўся. Перад мамай я толькі апраўдваўся: «А сама ты не плачаш?», бо і ў яе вачах часам відаць былі слёзы, і я, мусіць, пайшоў па ёй. А ад Рамана лепш было абараняцца злосцю. Але і ў злосці я яшчэ плакаў, калі ён смяяўся, пацвельваўся. Хоць ён і добры быў са мною малым, а потым, калі я вырас і мы з ім, пры розніцы ў адзінаццаць гадоў, як быццам зраўняліся, абодва сталі дарослымі, — добра дружылі. За ўсё жыццё ні разу не пасварыліся. Для нашай мамы ён не быў ніколі пасынкам, а мама для яго — ніколі мачыхай. Перад вайною Раман гаспадарыў, пасля вайны з яе партызаншчынай зноў застаўся ў Аўсяніках, просты, сумленны рабацяга-калгаснік. Пазалетась, калі ён памёр і я, развітваючыся з ім на могілках, укленчыў на снезе каля труны і дакрануўся лобам да яго сцюдзёнага лоба, мяне скаланула ад думкі, што я ўжо так і не скажу яму тых добрых слоў, якіх чамусьці ўсё не гаварыў…
У сталыя гады, падумаўшы калі-небудзь пра свой характар, з усёй яго сумессю нейкіх усё-такі плюсаў і мінусаў, я спрабаваў разабрацца, адкуль яна ў мяне, тая жаласлівасць, нават павышаная, ці што? Сказаць, што ад фізічнай кволасці або ад лішняй баязлівасці — не скажу. І ў вайну, што ў партызанах, а што і потым, на фронце, дастаткова было магчымасцей пераканацца ў адваротным. Дый перад гэтым, у юнацтве і ў маленстве, я быў не з апошніх: здаровы, дужы, ахвотна смяяўся і спяваў. Калі, скажам, Валодзя або Зяма былі хлапчукі далікатныя, дык Шура ў маленстве бываў і не такі ўжо часам добранькі, любіў камандаваць мною. Часцей за ўсё я слухаў, бо і меншы на два з гакам, і па дружбе. Але неяк, калі я памагаў яму браць бульбу з іхняга пограба, ён так ужо закамандаваўся, што мы з ім і счапіліся. Ды не счапіліся нават, а я схапіў з вушака іх вялікі замок за адкрытую дужку і кінуўся да Сцягача, а ён — на здзіўленне маё пасля — сумеўся, ці што… Здалося нават, што спалохаўся мяне, і я тады спалохаўся таго, што мог бы, што хацеў зрабіць… Гэта было ў нас першы і апошні раз. Наогул — біцца я не любіў і не ўмеў. Раззлуешся, яшчэ не ўдарыш, а ўжо і шкада…
Гэта ў мяне цяпер — не пахвальба, не самалюбаванне, а цёплы ўспамін пра тое, як добра было кагосьці пашкадаваць, і не проста кагосьці, а чалавека, жывёлу ці птушку. Хоць жаласць тая была для цябе не заўсёды цёплай.
Валодзева маці, цётка Жэня, часта хварэла.
Тады ўжо ў іх была свая хатка на агародзе, за хатай-каморай-хлявом Каці Курыцы, усё-такі памяркоўнай сваячкі, што дазволіла ім прытуліцца на сваім пляцы. Хатка ў Паганкі малая, па сірочай беднасці ды па людской літасці збоцьканая з сякіх-такіх аполкаў ды канчароў. Але зімой яна, на мой дзіцячы розум, была вельмі прыгожая. Ад іскрыстага інею на сценах і столі, ад узорыстай намаразі на несуцэльных шыбінах. Асабліва прыгожа было, калі з двара свяціла ў хатку сонца. Аднак жа ў гэтай снежна-іскрыстай казцы, увайшоўшы з двара, з марозу, нават і ў кажушку неўзабаве рабілася холадна — аж да касцей, калі даўжэй пабыць.
Часта выходзіла чамусьці так, што калі я прыходзіў у гэтую хатку не так сабе, а прыносіў хворай ад мамы цёплага ў загорнутым гаршку, Валодзі дома не было. Толькі яго навінка — пісклявая самаробная скрыпка маўчала на сцяне, акалеўшы ад холаду, заінелая…
Валодзева мама, калі не хварэла, часцей за ўсё была вясёлая. Яна мяне называла цёзкай. Таму, што і яна ў сапраўднасці не Жэня, як я — не Юрка. Калі яе маленькую хрысцілі, кумы, вярнуўшыся з Мілтачоў, ушчэнт забыліся на марозе, якое ж гэта імя даў дзяўчынцы бацюшка. Таксама з кніжкі, па «святцах».
— Як жа так? — не адзін раз расказвала смяшлівая ды галаганістая цётка Жэня, як быццам сама яна ўсё гэта чула і разумела. — Ну, кажуць тыя кумы, як гэта ў нас бывае зімою, калі добра падзьме? Замець? Кудаса? Завіруха? Мяцеліца? Усё не так. А потым і схамянуліся: «Зімавея!» Вядома ж, дзеравенскія! Гэта яны так Зіновію панялі. А нашы кажуць: наліха нам тая Зімавея, няхай будзе Жэня. Вось я і Жэня. І добра.