Выбрать главу

Цяпер цётка Жэня ляжала на халоднай печы моўчыкам, накрыўшыся ўсім іхнім лап'ём, і толькі ціха павойквала. А мне хацелася хутчэй уцячы — і ад таго, што яна так многа дзякуе маме і мне, і ад таго, што дома ў нас і цёпла, і ўсё ёсць, а яна, маці майго таварыша, у такой вось галечы ды ў сцюжы, і ад таго, што цётка Жэня не есць, пакуль цёплае, як мама прасіла ёй перадаць, а кажа: «Я пачакаўшы, я не галодная…», як быццам я не ведаю, што есці гэта будзе потым Валодзя… І мне ад гэтага ўсяго было да болю сорамна, нават і сцішна — і так, і для нашай з Валодзем дружбы. А ўсё ж і назаўтра, і колькі б разоў мама ні пасылала мяне ў тую жахліва-казачную хатку, я ахвотна ішоў, і стараўся ісці з загумення, «каб не вельмі хто бачыў», але ж і рад быў, зноў не застаўшы Валодзю дома…

Толя Немец жыў ненамнога лепш за Казака. Праўда, хата ў іх была цяплейшая, хоць і старая, і сама цётка Каця была, як гаварылі, не такая «піцерская» ды «нямоглая», куды больш за Паганку хадзіла на ўсякія заработкі. Аднак яе зацюканы, нейкі перапалохана вінаваты Немец хадзіў заўсёды недагледжаны.

Неяк зімою я яго пашкадаваў, што шапка парваная, летняя кепачка з такою дзіркай, што аж касмыль адтуль тырчыць. Я яму вынес на вуліцу сваю старую аблавушку: мне цеснаватую, а ён жа меншы за мяне больш як на год. На вуліцы нікога не было — я так падпільнаваў. Аднак жа, колькі я яго ні ўгаворваў, Толя шапкі не ўзяў. Можа, таму што на мне аблавушка была навейшая? Ці не хацеў, каб нават праз акно хто-небудзь гэта ўбачыў? А можа, таму, што мы з ім ўсё-такі па-сапраўднаму не сябравалі?..

Цяжка сказаць і сёння, чаму ён тады так занурыўся і пайшоў ад мяне, ледзь не да слёз уразіўшы, збянтэжыўшы маю, няхай сабе, можа, і кніжную трохі, а ўсё ж і шчырую спагаду.

А помніцца тое і сёння яшчэ ўсё прыкра. Гарчэй, чым наведванне Валодзевай казачнай хаткі.

14

Пра долю сіраты пры ліхой мачасе мы змалку многа чулі ад нашых мам і бабуляў. Праўду народных казак і песняў яны звычайна пацвярджалі новымі жывымі фактамі, убачаным і пачутым за век у блізкім і далейшым наваколлі.

Амаль зусім, а то, здаецца, і зусім не чуў я тады пра горкае сіроцтва каго-небудзь старога. Відаць, таму такой дзіўнай і страшнай здалася мне смерць дзеда Кеды. Абодва яго сыны загінулі на вайне: адзін ужо быў жанаты, толькі дзяцей не пакінуў, і вось пры нявестцы дзед Кеда дажываў сваё. Як дажываў — пра гэта можна меркаваць па тым, што памёр ён у сенцах, проста на таку каля сцяны, у той самай старэнькай сярмязе, у якой яго можна было і ў мароз, і ў слату, і ў спёку ўбачыць на вуліцы ці на прызбе. Так яго ўранні суседка і ўбачыла ў Кедавых сенцах: дзед ляжаў, можа, яшчэ звечара ўпруцянеўшы, а на ім сядзеў і заходзіўся брэхам верны сябрук, малы, уедлівы Курта. Нявестка, мардатая Тэкля, яшчэ не ўставала: «Нешта ў мяне галава…»

Цётка Анэта, наша суседка цераз вуліцу, вясной або ўлетку, у нядзелю ці ў свята якое выходзіла на грудок перад іхнім гародчыкам, садзілася на зямлі і, абняўшы аберуч калені худых босых ног, доўга сядзела так — моўчкі, адна.

— Анэта тужыць, — казала мама, гледзячы ў акно. — Зноў тужыць, бедная. Ды што ты хочаш? — пыталася яна ў кагосьці непрысутнага і тут жа адказвала яму: — Беднасць такая, поўная хата дзяцей. «Купілі, кажа, пуд жыта — хоць хлеба ад млосці з'ямо…» Малыя паплачуць з голаду, а дзеўкам жа сорамна плакаць. А ўжо самой — і не кажы. Сядзі, глядзі… Хоць ты і дзірку ў небе праглядзі — нічога добрага не ўбачыш.

Дзяцюк Гаўрыла, за вочы Тарапач, часта садзіўся на жарабца і пёр уздоўж вёскі ўгалоп, на ўсе бакі раскідаючы гразь. Ён то крычаў па-мацерынску, каб уцякалі з дарогі, то важна надзімаўся і маўчаў. Казак, улан, кавалерыя!.. Потым гэтая мара яго збылася, — нягледзячы, што ён і жмурыўся, што і калені разам, вечна порткі ў тых месцах прашморганы, — Тарапача ўзялі ў кавалерыю. Улан з белым аколышам, у доўгім шынялі і з шабляй, ён прыйшоў перад Калядамі «на урлёп», на пабыўку, і, пастукаўшы раненька ў шыбу з двара, па-свойму важна сказаў, на новы лад абкультураны дурань:

— Матко! Отвуж, курва твоя маць!..

Перад службай у войску, у нядзелю ці ў свята, ён часта быў п'яны. Прыставаў да людзей, каго не баяўся, чапляўся на агароджу з калючага дроту, здароўкаўся са слупамі: «Дай пяць! А, не хочаш? Я табе не раўня?..» І лупіў той слуп, «па мардах». З акрываўленымі рукамі, у парванай, залітай крывёю кашулі, так сабе, або з друкам якім, ці з адарванай штакецінай ён, дзіка лаючыся, кідаўся за намі, а мы, малыя гледачы, то весела, то спалохана разбягаліся, каб потым зноў наблізіцца да яго. Нарэшце, найбліжэй — калі ўжо ён асунецца недзе пад плотам і захрапе.