Выбрать главу

Ва ўсім перапляценні дзядзькавых расказаў пра вайну, дзе неаднойчы паўтаралася то храбрасць, гордасць за сваё, то чалавечы жах і праклёны на тых, праз каго дарма лілася кроў, — цар, царыца, Распуцін, буржуі, свае і нямецкія, — быў расказ і пра тое, як ім, нашым салдатам, з'явілася раз на небе Прасвятая Багародзіца. «Як сонца з-за хмары! І буквы вялікія: праваслаўныя пабядзяць!..» Нават і ў гэта верылася мне, усё з яго частых і доўгіх расказаў успрымалася па-дзіцячы, вобразна, як у казках. Тое, чаго я зусім не ведаў, хоць бы па «цацках» у кнігах, уяўлялася цяжэй, — скажам, тыя армяне, малакане і турэцкія аскеры, — а іншае ўсё адразу, само клалася на краявіды знаёмага наваколля. Не цяжка было, напрыклад, уявіць Багародзіцу, такую, як на нашай покуці, — як яна высветлілася з-за хмары; нават і хмары я выразна бачыў, як быццам усё яно было над нашай вёскай ці над пашай…

А тое братанне на латышскім лузе адразу прымацавалася ў маім уяўленні да «венгерскае пушты» — яроўскай пашы з самотнай вагой на зялёнай прасторы. Адразу прымацавалася і — назаўсёды. Спачатку былі там выбухі снарадаў, гул і віскат асколкаў, густое цёўканне куляў, хрыпата-дзікае «ўра», і «кровь лилась из свежей раны на истоптанный песок…». Тут ужо адхіленне было: стаптаны, акрываўлены пясок уяўляўся не каля вагі, а над нашай ракою… А потым з двух бакоў, з-за аднаго і з-за другога калючага дроту, расейцы і немцы махалі адны адным чым-небудзь белым, тады смела, як дзядзька Алесь, уставалі, вылазілі з акопаў і ішлі адны адным насустрач. Ужо без штыхоў, шорстка топчучы разбітымі ботамі даўно не кошаную траву, густую і яшчэ намёрзлую ў тое прадвесне, калі пачалася Свабода, шалпочучы над травою поламі збуцвелых у сырых акопах шынялёў…

Сярод расейцаў, колькі б разоў гэта мне ні ўяўлялася, першым заўсёды быў дзядзька Алесь. Не такі, як цяпер, худы, аброслы, у лапцях, а як тады, што ў нас на картачцы, — аж з чатырма крыжамі, толькі ўжо без кулямёта. А побач з ім — разумны паручык Гаршчэшнікаў: так у мяне выходзіла — не ад гаршка, а ад гаршчэшніка. Паручык — не такі, як той штабс-капітан, які свістаў у хаце дзеда Богуша, і не такі, як прапаршчык Салавей, што звар'яцеў, не дажыўшы да братання…

Можа, такі, як Шураў тата, хоць той і не быў камандзірам?..

15

У партызаны, пад восень 1943 года, мы пайшлі ўсёю сям'ёю: Раман з жонкай і дзіцем, мама і я, яшчэ нежанаты.

У Богушаў атрымалася інакш: Шура пайшоў з вясны, а дзядзька Іван, здаравенны і дабрадушны Чэп-дрэп, да сарака гадоў кавалер са зламанай у лесе нагой, упёрся, што з хаты свае ён нікуды не пойдзе. Яшчэ ўсё верылася чалавеку, што калі ён калека і нікуды не лезе, то за пляменніка караць не будуць. Івана ўзялі ў Мілтачы і там павесілі на плошчы, разам з шасцю іншымі партызанскімі сваякамі, з іншых вёсак, — хто таксама, як ён, па здароўі ці па гадах, не падыходзіў для вывазу ў Германію, на работу.

Зяма Касмовіч ваяваў тады недзе ў радах Чырвонай Арміі, толькі вярнуўшыся, даведаўся, як загінула яго сям'я. Застрэлілі маці, згвалцілі і застрэлілі красуню Шэйну, сястру, а бабу Роху, што пачала ўжо дзевяты дзесятак і не хадзіла з мехам па вёсках, прымусілі лезці на тэлеграфны слуп. Спачатку ім было весела, смешна, як яна лапае па тым слізкім дрэве сваёй нямоглай карчарукасцю, а потым гэта абрыдла — дабілі…