І вось цяпер, пад ліпай, згадалася зноў.
…«Бі яго, немца!.. Дай донарвэтару!.. Валодзька, які ж ты казак?!»
Ён стаяў у натоўпе дарослых, мой мілы Валодзя, разгублена глядзеў на аднаго, на другога, на ўсіх… Сямігадовы сірата, вясёлы, чарнявы, з адмецінай на лобе, загоенай ранкай ад вострага «чыжыка». Яго штурхалі ззаду ў той бок, дзе стаяў яго «вораг», а ён упіраўся, аднекваўся.
«Вораг», яшчэ марнейшы хлапчук Толя Немец, зацкаваны, пануры і як быццам вінаваты, стаяў у шчыльным акружэнні дарослых і малых, яшчэ ўсё азіраўся, дарма шукаючы дзіркі ў гэтым жывым частаколе.
«Толя, не бойся! Вунь ён смяецца з цябе! Падумаеш, казак — украў разак! Ану, давай!..»
Тут іх, нарэшце, штурханулі так, што нібы кінулі аднаго на аднаго, і хлопчыкі, балюча стукнуўшыся, счапіліся. Якая там бойка, больш валтузня, бездапаможнае размахванне рукамі, певунова наскокванне ў твар адзін аднаму. А стомяцца ды спыняцца — іх зноў штурхаюць-кідаюць: Немца на Казака або наадварот. І ўсе рагочуць, усе крычаць сваё: «Дай яму! Дай! Вунь ужо, бачыш, і юшку пусціў!..»
Кроў з носа, а то і з абодвух насоў, кроў і стома канчалі бойку плачам. Плакалі кожны па-свойму: Валодзя ўголас, з разлікам на маці, хоць тое тут і не было, а Толя ціха, не спадзеючыся і на матчыну жаласць.
— Вы дурныя! Вы дрэнныя ўсе! Так не можна, так брыдка!.. І ты, Раман!.. Я нашай маме скажу! І ты, Чэп-дрэп. Я пайду, скажу вашаму дзеду…
Я не сказаў так, не кінуўся разбараняць, не ўзяў свайго Валодзю за руку і не павёў яго да нас. Я толькі разам з імі заплакаў.
Не памятаю нават, ці там былі наш Раман і дзядзька Іван, ці і Шура быў там. Толькі той дзікі рогат чуецца. І плач. Безабаронны, беспрасветны…
…Каб не ён, я і не ўспомніў бы столькі ўсяго — праз паўвека.
1978