— Што, пасажыр, нацешыўся?
Раман смяецца, гледзячы на мяне. А мама, пакуль я паспеў адказаць, пацяшае:
— Яшчэ тры вярсце.
Мы ехалі, ехалі па ўзбоччы гасцінца, а потым Раман сказаў:
— Ну, пасажыр, трымайся!
Воз павярнуў у той бок, дзе мая правая рука, потым ён раптам шухнуў уніз. Трымаўся я за сена пад сабой, але ўсё роўна адкінуўся на спіну і над сабой спалохана ўбачыў неба. Потым воз ірвануўся ўгору, я зноў убачыў маму і Рамана. Мама працягнула руку, схапіла мяне за запясць і пасадзіла. Воз зноў пакаціўся роўна. Цяпер направа ад мяне вельмі блізка хілілася да нас калоссе жыта, а налева была нізкая пакоша. Мы ехалі па ўзмежку лугавой дарогай. Пасля жыта пайшоў авёс, і над аўсом я ўбачыў штосьці незвычайнае…
Нейкая чорная, вялізная капа, непадобная на копы сена, несамавіта ўзвышалася над сіва-зярністаю зелянінай аўсянага поля.
— Мама, што гэта?
— Гэта? — перапытала яна. — Гэта калючы дрот.
Я ведаў дрот — ім абгароджвалі поле ад пашы, нацягвалі на нізкіх слупчыках адну бясконцую калючую драціну; ім адгароджваліся, у некалькі драцін, да суседняга агарода. А гэта?
— Чаму такі дрот?
— Што тут табе сказаць? — за маму адказаў Раман. — Тут нядаўна праходзіў фронт. Вайна была. Такія провалачныя заграждзенія. А цяпер іх сцягнулі, у копы сабралі. Потым забяруць. Во, зірні — яшчэ адна. Не туды, на пакошу глядзі.
Спачатку мне, як я ні стараўся, не ўстаючы, выхіліцца з-за конскага зада, нічога не было відно, а потым паказалася, зусім ужо блізка, вялізная, чорна-карычневая калючая капа, наматаная з дроту, як недарэчна кантовы клубок.
— Ужо і заржавеў не адзін раз. Мо і крыві было на ім…
— Раман, не трэба так пры дзіцяці.
Яны памаўчалі. А потым зноў паказалася незвычайнае. Над полем, справа ад мяне, дзе ўсё было то жыта, то авёс, то зялёная бульба, то зноў жыта, то яшчэ адна драцяная капа, пасля з'явілася высозная будыніна. Не як гумно, не з дрэва і не з высокаю саламянай страхой, а як царква, але і не царква, бо без сіняга купала, як у тых Мілтачах, цераз якія мы праязджалі, а неяк дзіўна зверху абламаная. Я не паспеў спытацца, што гэта, бо тут наша мама сказала, гледзячы туды ж, куды і я:
— І цэркаў святую нехрысці не пашанавалі. Трэба ж так збіць!
— З цяжолай арцілерыі, — растлумачыў Раман.
Зноў невядомае, зноў хочацца спытаць: «А што гэта? А хто?» Ды тут наш Гнеды спыніўся, і я адразу ж пачуў, як ён за мной, за плеценай сценкай палукашка шчодра цурболіць на зямлю. А Раман яшчэ і падсвіствае.
— Устань, можа, Юрык, — сказала мама і падала мне руку. — Твае і ножкі, мусіць, памлелі.
Ух ты, як здорава!.. Я стаяў на нашым возе, і ніхто мяне не трымаў, а навокал было так далёка відаць. Там, дзе за полем тырчала тая абламаная царква, былі яшчэ стрэхі будынкаў і дрэвы. Вёска. А на другім баку, за пакошай з рэдкімі, але вялікімі чорнымі копамі дроту, было зелена трохі інакш, і мама мне адказала, што гэта ўжо яроўская паша. А на той пашы воддаль стаяў задзёрты ўверх шэры кручок над нейкай шэрай скрыначкай, побач з якой працягнута шэрая палоска. Я здагадваўся, што гэта, бо яно і ў нашай вёсцы ёсць, але ж мне было вельмі добра так во стаяць, зверху глядзець на ўсё, пра ўсё пытацца, і я спытаўся:
— А там вунь што?
— Не дурыся, — усміхнуўся Раман. — Сам добра бачыш, што гэта калодзеж з вагой і карыта.
— А там? — паказаў я на жоўта-зялёныя ўзгоркі за зелянінаю вялікай, роўненькай пашы.
— Там ужо Яры, — сказала мама.
— Там, дзе Люда жыве?
— Там, там.
— Там, дзе наш певень жыў?
— Ат, бэйбус! Песцішся, як малое. Садзіся вот, бо паляціш.
Гнеды наш зноў затупаў, нават ужо ахватней. Ды я паспеў плюхнуцца ў перадок, у ямінку ў сене, не паляцеў на зямлю.
Зімою цётка Аксеня прывезла нам залаціста-чырвонага галагуцкага пеўня і цэлую торбу гароху. Гарох быў буйны і смачны, яшчэ не сухі, бо толькі што абмалочаны. Добра было глыбока запусціць руку ў тую белую торбу, адчуць, як халадок варушыцца між пальцаў. А пеўню развязалі ногі, ён гупнуў з цётчыных рук на падлогу, і мама сказала: «Во жарабец!» Не паспеўшы спытацца, ці можна, я сыпнуў яму жменю гароху. Гарошыны спружыніста падскочылі ўраздроб і раскаціліся па чыстых, учора пад вечар вымытых дошках падлогі, хто да парога, а хто і пад ложак. Певень спачатку спалохаўся, а тады пачаў стукаць сваёю дзюбай па дошках, і вясёлыя гарошыны адна за адной знікалі ў яго вялікім, залацістым валляку.