— Пад печ ганіце, — сказала цётка, — а то ён тут вам і падзякуе на чыстае.
А вясной, на Вялікдзень, цётка Аксеня прыехала ўжо не адна, а са сваім чорнабародым Міхаілам і з іхняй Людай, маёй дваюраднай сястрой. З Тоняй Латышкай я тады яшчэ не дружыў, і з Людай нам было так весела, мы так многа бегалі, смяяліся. На двары і на вуліцы было ўжо амаль усюды суха, у садзе нават расла ўжо трохі трава, і я паказаў маёй госці, як мы з хлопцамі пазаўчора куляліся, убачыўшы першага бусла.
— Гэта трэба вось так, — тлумачыў я, хоць Люда і старэйшая на цэлы год, — калі ён прыляціць, дык трэба так вось перакуліцца.
Важна было паказаць. Я ўкленчыў на рэдзенькай траве, прыгнуўся лобам да сырой зямлі, упёрся ў яе рукамі і, падбрыкнуўшы, кульнуўся. Карак трохі балеў, і лоб зямлёю замазаўся, аднак я быў на вышыні.
— І насі хлопцы куляюцца, — сказала Люда. — А мы, дзяўцяты, не.
Яна, хоць і старэйшая, а трохі шапялявіла, і не з пястоты, а так выходзіла. І смешная была, вясёлая. Сказала чамусьці і так:
— Ты, Юрык, мой дзядзька. Не брацік, а дзядзька. У цёткі Ганны ты сынок, а я ў яе ўнуцька-суцька.
І засмяялася, і пабегла. А я — за ёю.
4
На тых узгорках, якія градой узвышаюцца за вялікай пашай, там, дзе ў глыбокай даліне хаваецца Людзіна вёска Яры, там і далей на поўдзень і поўнач калісьці была нямецкая лінія. З верасня 1915-га да студзеня 1918 года на гэтай лініі стаяла «ў стратэгічнай абароне» войска баварскага прынца Леапольда, генерал-фельдмаршала. Амаль таксама, як і ўся нямецкая армія, з агаворкай пра ўсебаковую і нязменную перавагу прусакоў, баварцы, хоць у асноўным ландвер ды ландштурм, пажылыя апалчэнцы, былі загадзя добра абучаныя, узброеныя найнавейшай тэхнікай і культурна ўбетаніраваныя ў зямлю. Як сведчыць «душа германскага генеральнага штаба» Эрых фон Людэндорф, пазней адзін з галоўных настаўнікаў Гітлера, баварцы былі да таго ж на належным узроўні «eisener Fleiss», незвычайнай, нястомнай, даслоўна — жалезнай руплівасці на службе кайзеру і фатэрлянду.
Слова «калісьці» падкрэслена мною цяпер, з гістарычнай дыстанцыі. А ў той далёкі дзень майго шчаслівага падарожжа, у разуменні і адчуванні мамы і Рамана і ўсіх дарослых людзей, той расейска-нямецкі фронт, тая вайна — была зусім нядаўна. Бо на немцах яна не закончылася: пасля іх была «свабода», потым белапалякі, тады бальшавікі, зноў палякі, якія і ўсталяваліся ў нашых мясцінах са сваімі панскімі парадкамі, якія пасля «свабоды» былі працоўным людзям вельмі не да душы.
А мне і Людзе, да якой я прыехаў, усё такое было і недаступна, і цікава толькі па-нашаму, для гульні. «Унуцька-суцька» дома была яшчэ весялейшая, чым у нас, бо госцем быў ужо я, і ад гэтага яна стала як быццам больш, чым на год, старэйшая за мяне. Да таго ж у яе была сяброўка, Наста, зноў жа трохі старэйшая, ужо за нас з Людай абодвух, і я пры іх стаў такім, што хоць за ручку бяры. Але прыкра ад гэтага не было. Нават і тады, калі мы, нагуляўшыся на Людзіным і Насціным дварах і на вуліцы, пайшлі «сценкаю», палявой дарогай, а потым зарослай мяжой з кустамі калючай шыпшыны і апынуліся на зялёным абрыве над глыбачэзным ярам, і Наста, а потым і Люда ўзялі мяне за абедзве рукі. Яр быў такі глыбокі, што не толькі высокія густыя кусты ляшчэўніку на яго крутых схілах, але і старыя яліны на дне былі зусім унізе. Я, праўда, не дрыжаў са страху, што дзяўчаты захочуць звесці мяне ажно ўніз, але ж, прызнацца, і баяўся. Моўчкі баяўся, сам сабе, раптам жыва згадаўшы, што расказвала мама зімою. Як гэта тады яшчэ, вельмі даўно, калі цётка Аксеня ішла сюды замуж, ёй далі ў пасаг карову, і тая карова ніяк не ўмела сыходзіць у яр, пасвіцца разам з другімі на схілах. «Стане, бедная, і са страху раве. А потым яе другія каровы сапхнулі ў той роў. І прыйшлося дарэзаць…» Я, вядома, уніз пайшоў бы, калі б дзяўчаты ішлі, аднак яны мяне туды не павялі, бо дома ім было вельмі строга загадана (сам Міхаіл загадаў) гэтага не рабіць. Мне толькі зверху паказалі штосьці светлае ў зеляніне, на дне яра, побач з лапінай гліністай дарогі, дзве каляіны і конская сцежка якое зноў зніклі ў кустах. Наста сказала:
— Гэта бліндаж. Цы-ман-то-вы! Іх тамака многа. І ў гэтым рове і ў другіх.
А Люда растлумачыла: